Гісторыі, схаваныя ў папках, здымках і снах. У варшаўскай галерэі «Promocyjna» адкрылася выстава шасці беларускіх мастачак
Reform.news · 23 сентября 2026, 20:46
https://reform.news/gistoryi-shavanyja-papkah-zdymkah-i-snah-u-varsha-skaj-galerjei-promocyjna-adkrylasja-vystava-shasci-belaruskih-mastachak/У галерэі «Promocyjna» Старамейскага дома культуры адкрылася мастацкая выстава «Схаваныя гісторыі», якая аб’ядноўвае творы Вольгі Кірылавай, Сашы Кулак, Дзіны Лявонавай, Машы Святагор, Сашы Смаль, Юліі Цвятковай. Куратарка выставы – Саша Вялічка.
Выстава пабудаваная вакол ідэі ператварэння прыватнай памяці ў калектыўную і захавання гісторый, якія афіцыйныя наратывы і рэжымы спрабуюць сцерці з публічнай прасторы.
Сёння мы можам аднаўляць гэтыя гісторыі толькі па фрагментах: праз сямейныя аповеды, памяць цела, асабістыя архівы і супольны, часам траўматычны досвед.
Кожная з аўтарак па-свойму асэнсоўвае пражытае, убачанае, знойдзенае і ўяўленае, карыстаючыся рознымі мастацкімі стратэгіямі і мовамі. Створаныя ў розных жыццёвых абставінах, гэтыя работы паказваюць, якім чынам гісторыя аднаго чалавека можа стаць даступнай для іншых, захоўваючы пры гэтым сваю складанасць і інтымны характар.


Выкарыстоўваючы аматарскую фатаграфію як аснову для жывапісных твораў, Дзіна Леонава разглядае яе як носьбіт памяці і спосаб падтрымання сямейных сувязяў і блізкасці на адлегласці. Некаторыя з яе сямейных фотаздымкаў проста прасіліся стаць жывапісам. Аўтарка ўбачыла адказ на пытанне пра прыхаваныя нарацыі ў тым, што фатаграфія нясе ў сябе не толькі нейкую канкрэтную інфармацыю, але і ўтрымлівае пэўную эмоцыю ці перажыванне, якія можна перазапусціць, транслюючы гэтую выяву ў жывапісе. У самой фатаграфіі, – упэўненая аўтарка, – схавана нешта нябачнае, што можа наноў адбыцца, калі зрабіць з гэтага карціну.

Маша Святагор з дапамогай тэхнікі калажу трансфармуе прапагандысцкія бачанні абяцанай будучыні, уводзячы ў выявы матывы насякомых. Гэтыя арганічныя элементы робяць фатаграфіі ўрачыстых прамоў ірэальнымі, выкрываюць іх абсурднасць і падрываюць сур’ёзнасць афіцыйных карцін калектыўнага адзінства.
Яна сабрала выразкі з часопісаў і ў гэтыя афіцыйныя здымкі ўвяла выявы вусеняў і матылёў. Абяцанні светлай будучыні заўсёды выглядаюць вельмі пышнымі і пампезнымі, але рэдка ўвасабляюцца ў жыццё.



Вольга Кірылава ў сваім праекце «Сакрэтная папка» працуе з тэмамі прыхаванымі, пра якія няварта ці страшна размаўляць. Яна згадвае ўласны досвед, які пачаўся з таго моманту, калі яна захацела схаваць асабісты архіў ад чужых вачэй. Тады яна наіўна меркавала, што можа зрабіць гэта ў нейкай сакрэтнай папцы ў куце кампʼютара. Адначасова сурʼёзна захварэла яе блізкая сяброўка і перад смерцю папрасіла знішчыць сакрэтныя папкі з яе аголеным целам з лічбавага архіва. Аднак Вольга Кірылава паўтарыла ўсе гэтыя кадры з сабой у галоўнай ролі. І цяпер гісторыя таго кахання існуе толькі ў яе праекце. Зрабіўшы гэтыя кадры публічнымі, аўтарка пазбавілася ад навязаных забабонаў і беспадстаўнага сораму і перастала хаваць важную частку свайго жыцця.

Дакументалістка Саша Кулак звяртаецца да беларускага міфа пра папараць-кветку і падымае тэмы мовы, страты і жыцця ў эміграцыі. Праца стала рэфлексіяй на забарону працягваць дзеянне беларускага пашпарта па-за межамі краіны. Улічваючы, што на кожнай старонцы пашпарта ёсць выява папараці, аўтарка згадвае легенду пра няўлоўную кветку папараці.

Саша Смаль разглядае прастору памежжа як месца, дзе ідэнтычнасць фармуецца паміж рознымі мовамі і культурамі. Плот, пабудаваны паміж Польшчай і Беларуссю, падзяліў людзей злучаных сямейнымі сувязямі. У сваім праекце аўтарка спалучае традыцыйную выцінанку з інсталяцыяй. Яе папяровая выцінанка з бусламі – сімвал лёсаў людзей, якія не могуць вярнуцца і хацелі б быць як птушкі – незалежнымі ад мяжы.

Відэаінстыляцыя Юліі Цвятковай даследуе адносіны паміж людзьмі і іншымі формамі жыцця, яна даследуе ландшафт як прастору для рэфлексіі над памяццю пра палітычную траўму.
У аснове відэапрацы ляжыць сон: аўтарка ўяўляе, што ператвараецца ў жывёлу. Гэта дазваляе ёй незаўважанай перайсці польска-беларускую мяжу наўпрост праз лес і ў сваім лясным абліччы сустрэць сваю бабулю, якую не бачыла шмат гадоў. Бабуля не пазнае яе, і яны стаяць вельмі блізка адна да адной у абсалютнай цішыні. Праца дэманструе, як метафарычная трансфармацыя здольная адначасова выказаць тугу, страх і нябачны пратэст.
Выстава будзе працаваць у Варшаве па 7 лістапада.
