Reform.news

На волі — музыкі Tor Band, Павел Белавус і Алесь Чумакоў са «Старога Ольсы»

Reform.news · 16 сентября 2026, 13:29

https://reform.news/na-voli-vyjshli-pavel-bela/

У выніку перамоваў спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам былі вызвалены 25 асобаў.

Сярод іх культурніцкія дзеячы: музыкі Tor Band Яўген Бурло, Дзмітрый Галавач і Андрэй Ярэмчык, заснавальнік «Арт сядзібы» і крамы Simbal.by Павел Белавус, гусляр Алесь Чумакоў з гурта «Стары Ольса».

Таксама на волі выдавец Зміцер Колас.

Заснавальнік і кіраўнік арт-сядзібы «Арт Сядзіба», а таксама крамы беларускай сімволікі і адзення Symbal.by Павел Белавус быў асуджаны да 13 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. «Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была змена дзяржаўнай улады ў Беларусі»,  «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы», — абвінавачваў яго Следчы камітэт.

Музыкі Tor Band былі абвінавачаны ў чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: распальванне сацыяльнай варожасці (частка 3 арт. 130), стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (арт. 361-1), абраза Лукашэнкі (арт. 368), дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1). Зміцеру Галавачу прысудзілі 9 гадоў узмоцненага рэжыму; Яўгену Бурло — 8 гадоў узмоцненага рэжыму; Андрэю Ярэмчыку — 7,5 гадоў узмоцненага рэжыму.

Нагадаем, што ў 2020 годзе песні Tor Band («Живи», «Мы не народ», «Кто, если не ты?», «Бацька») сталі аднымі з галоўных музычных сімвалаў беларускіх пратэстаў і набралі мільёны праглядаў на YouTube.

Музыка гурта «Стары Ольса», майстар па вырабу гусляў Алесь Чумакоў быў затрыманы ў пачатку снежня 2025 года. Яго абвясцілі сябрам «экстрэмісцкага фармавання» «Да зораў». На думку КДБ, туды ўваходзіў ён, а таксама Сямён Малашэнкаў.

Выдавец Зміцер Колас быў затрыманы падчас хвалі масавых ператрусаў і затрыманняў людзей, звязаных з кнігавыдавецтвам, 17–18 лютага 2026 года ў Беларусі.Яму прызначылі адміністрацыйны арышт, пасля якога мужчына не выйшаў на свабоду. Фармальнай падставай для пазову стаў выдадзены Коласам зборнік гістарычных дакументаў «Вызваленыя» і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939—1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў», які улады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Але не выключалася і абвінавачванне паводле арт.Крымінальнага кодэкса, бо 3 сакавіка 2026 года «кааліцыю» друкаваных выдавецтваў, у якую ўваходзяць «Фонд Kamunikat.org», Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing, унеслі ў абноўлены МУС спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў».

Выдавецтва «Зміцер Колас» спецыялізавалася на перакладах сусветнай літаратуры — паэзіі, прозы і драматургіі — на беларускую мову. Асаблівую вядомасць набыла серыя «Паэты планеты», у якой выхадзілі пераклады паэтаў з розных краін свету. Усяго ў гэтай калекцыі выйшла больш за 100 кніг.

Реклама

Добавить комментарий