Reform.news

У Віктара Марціновіча выйшла новая кніга

Reform.news · 14 сентября 2026, 12:33

https://reform.news/u-viktara-marcinovicha-vyjshla-novaja-kniga/

15 верасня ў продаж выйдзе новы роман Віктара Марціновіча — «Глыбіня».  «Што будзе з намі, калі мы раптам апынёмся па розныя бакі — краіны, гісторыі, уласнага жыцця?»,  — адзначаецца ў анатацыі да ўроцлаўскага выдавецтва KEW, якое публікуе кнігу беларускага пісьменніка.

Апошні твор у буйной форме выходзіў у аўтара восем гадоў таму, заўважае bellit.info. «Глыбіню» прэзентуюць як «постапакаліптычны раман з гісторыяй кахання і фіналам, які насамрэч — толькі пачатак».

«Адна краіна расколваецца на «да» і «пасля». На тых, хто застаўся, і тых, хто знік, забраўшы з сабой мову, памяць, цывілізацыю. Цэлы свет распадаецца на часткі, і кожная з іх пачынае жыць паводле ўласных законаў.

Але героі гісторыі застаюцца знітаваныя агульным мінулым, выбарам, які нельга адмяніць, і пытаннямі, на якія няма простых адказаў. Ці можна зноў стаць адным цэлым? І ці хто-кольвек гэтага хоча?

Беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч стварыў напружаны і эмацыйны твор пра разлом, які праходзіць праз лёсы людзей. Тут ёсць усё: досвед сыходу і яго цана, складаная этыка адносін паміж «сваімі» і «чужымі», унутраныя канфлікты, што не даюць спакою»,  — гаворыцца ў апісанні.

Віктар Марціновіч — беларускі пісьменнік, мастацтвазнаўца, аўтар твораў «Мова», «Сцюдзёный вырай», «Сфагнум», «Параноя», «Рэвалюцыя» ды іншых. Адзін з найбольш перакладаных і папулярных сучасных празаікаў з Беларусі, чые творы спалучаюць элемент сатыры, антыўтопіі ды псіхалагічнага трылера.

Сачыць за кнігай можна тут.

Набыць на розных пляцоўках.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий