Reform.news

Беларускае слова на фронце: выдавецтва RozUM Media распачынае акцыю па перадачы кніг беларускім добраахвотнікам

Reform.news · 26 декабря 2025, 14:38

https://reform.news/belaruskae-slova-na-fronce-vydavectva-rozum-media-raspachynae-akcyju-pa-peradachy-knig-belaruskim-dobraahvotnikam/

Выдавецтва RozUM Media абвясціла пра запуск ініцыятывы па падтрымцы беларускіх ваяроў ва Украіне друкаваным словам. Першая партыя кніг ужо дастаўлена байцам Палка імя Кастуся Каліноўскага — пасылка прыйшла на перадавую акурат да Калядаў.

Гэта не проста жэст, а пачатак кампаніі салідарнасці. Выдавецтва заклікае іншых беларускіх выдаўцоў, аўтараў і культурныя супольнасці падхапіць ініцыятыву і рэгулярна перадаваць кнігі на фронт.

«Нашым байцам патрэбныя не толькі зброя і тэхніка, але і нешта для душы. Слова, якое трымае і не дае зламацца. Мы хочам, каб гэтую акцыю падхапілі і іншыя, каб нашы землякі на перадавой адчувалі падтрымку і сувязь з домам праз родную літаратуру», — адзначаюць у RozUM Media.

Сярод першых перададзеных кніг — навуковая фантастыка, публіцыстыка і гумар. Такі выбар дазваляе ваярам хоць ненадоўга адцягнуцца ад баявых будняў. Выдаўцы спадзяюцца, што акцыя стане маштабнай, а беларуская кніга ў акопах будзе нагадваць: Беларусь жыве не толькі ў зводках навін, але і ў кожным прачытаным слове.

Як далучыцца? Выдавецтва RozUM Media ужо мае правераны лагістычны шлях для перадачы літаратуры на фронт. З меркаванняў бяспекі адрас для адпраўкі пасылак не публікуецца ў адкрытым доступе.

Калі вы — прадстаўнік выдавецтва, аўтар ці культурная ініцыятыва і жадаеце даслаць свае кнігі нашым ваярам, калі ласка, звяжыцеся з нашай рэдакцыяй (праз прыватныя паведамленні або электронную пошту [email protected]), і мы перадамо вам патрэбныя каардынаты.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий