Reform.news

Рада культуры больш не будзе каардынаваць Дні беларускай культуры, аднак запрашае ладзіць імпрэзы пад гэтым брэндам

Reform.news · 30 мая 2024, 18:05

https://reform.news/rada-kultury-bolsh-ne-budze-kaardynavac-dni-belaruskaj-kultury-adnak-zaprashae-ladzic-imprjezy-pad-gjetym-brjendam/

Беларуская Рада культуры паведаміла, што больш не будзе каардынаваць Дні беларускай культуры.

«Цягам трох гадоў мы клапаціліся, каб Дні беларускай культуры жылі, — паведамляецца ў допісе Беларускай Рады культуры. — Летняе свята, задуманае ў 2021 годзе як фэст паэзіі, песні, супольнасцяў і традыцый, за гэты час паяднала больш як паўтары сотні падзей у 16 краінах, святочная грамада збірала тысячы беларусаў у розных кутках планеты.

Але настаў час для Рады адпусціць гэты праект. Мы будзем вельмі ўсцешаныя, калі вы яго падхопіце і Дні беларускай культуры будуць квітнець у вашых вялікіх і маленькіх суполках».

У рамках Дзён беларускай культуры кожны можа зладзіць імпрэзу, прытрымліваючыся канцэпту. Слоганам глабальнай кампаніі #ByCultureGlobal з’яўляюцца словы «Расказаць Беларусь» (Speak Belarus). Паводле канцэпту, беларусы могуць згуртавацца вакол яскравага, жыццядайнага і сонечнага нацыянальнага свята Купалле, вакол асобаў слаўных землякоў Янкі Купалы, Яна Чачота і Марка Шагала, якія нарадзіліся 7 ліпеня.

Таму менавіта 7 ліпеня — цэнтральная дата, Сусветны Дзень беларускай культуры.

«Расказаць Беларусь» — гэта:

  • расказваць пра саміх беларусаў, чым мы жывём сёння, якія мы, як наша беларускасць існуе ва ўмовах неверагодных рэпрэсій, ціску, засілля расейскай культуры (у Беларусі) і адарванасці ад роднай зямлі (калі гаворка пра беларусаў замежжа);
  • мовай мастацтва казаць пра нашых палітвязняў;
  • казаць пра мінуўшчыну і выбітных персон нашай гісторыі, легендарныя падзеі;
  • казаць пра нацыянальныя традыцыі і наш багаты жывы фальклор;
  • расказваць пра здабыткі беларускіх творцаў, найлепшыя ўзоры творчасці ў розных жанрах мастацтва (умоўна, нацыянальны беларускі канон);
  • расказваць пра тое, чым мы ганарымся, у чым ёсць нашая годнасць і што адрознівае нас ад іншых нацый.

Мапа падзей абнаўляцца не будзе, але хэштэгi #SpeakBelarus i #By_Culture_Global дапамогуць знайсціся ў сацсетках.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама