Reform.news

У міжнароднай выставе арт-шкла ва Уроцлаве ўдзельнічае твор беларускага мастака Паўла Вайніцкага — фотафакт

Reform.news · 8 сентября 2023, 13:36

https://reform.news/u-mizhnarodnaj-vystave-art-shkla-va-vroclave-dzelnichae-tvor-belaruskaga-mastaka-pa-la-vajnickaga-fotafakt/

Учора ва ўроцлаўскай Geppart Gallery адкрылася выстава па выніках міжнароднага конкурсу мастацкага шкла імя Збігнева Хорбова (Horbowy International Glass Competition). У лік паўсотні прац — фіналістаў спаборніцтва быў адабраны і твор беларускага мастака Паўла Вайніцкага — «Négritude».

На выставе прадстаўлены працы мастакоў, якія раскрываюць магчымасці такога матэрыялу як шкло — як пластычнасць, дэкаратыўнасць, актуальнасць і вобразнасць. Тэмы, на якія выказваюцца ў сваіх працах мастакі, — ад прапаганды да расавых праблем.

Выстава мастацкага шкла ў Geppart Gallery. Фота: Reform.by.

У прыватнасці, «Négritude» Паўла Вайніцкага ўяўляе сабой кампазіцыю: на рознакаляровых частках канструктара як на спартыўным пастаменце стаяць тры шкляных галавы-формы — белая, чорная і белая.

«Распачаты ў першае дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя «Négritude» быў антыкаланіяльным культурным і палітычным рухам за адраджэнне афрыканскай культуры і ўвогуле каштоўнасці чарнаскурых людзей. Усяго стагоддзе таму было не так відавочна тое, што зараз з’яўляецца аксіёмаю — свет не належыць выключна беласкурым, усе людзі роўныя. Мая праца іранічна ставіць пад сумнеў канцэпцыю белага (каланіяльнага і посткаланіяльнага) панавання», — распавёў пра свой твор Reform.by Павел Вайніцкі.

Праца Паўла Вайніцкага «Négritude». Фота: Reform.by.
Фрагмент экспазіцыі. Фота: Reform.by.

Конкурс імя Збігнева Хорбова скіраваны на прамоцыю мастацкага шкла і дызайна як традыцыі рэгіёна Ніжняй Сілезіі і Уроцлава. У мэтах арганізатараў — пабудаваць мост паміж гісторыяй і будучыняй праз медыум гэтага ўнікальнага віду мастацтва.

Куратарам выставы ў Geppart Gallery выступіў доктар Марыуш Лабіньскі.

Фрагмент экспазіцыі. Фота: Reform.by.
Праца польскай мастачкі Паці Дубель «Тахікардыя». Фота: Reform.by.

Дарэчы, сёлета ў Лондане распачынаецца выстава ў Shoreditch Arts Club, дзе будуць экспанавацца шкляныя аўтапартрэты, зробленыя Паўлам Вайніцкім у суаўтарстве са штучным інтэлектам.

Реклама