У Бярозе не падаўжаюць кантракт настаўніку, які ў 2020 годзе адмовіўся весці калег на праўладны мітынг
Reform.news · 6 декабря 2022, 19:16
https://reform.news/u-bjaroze-ne-pada-zhajuc-kantrakt-nasta-niku-jaki-2020-godze-admovi-sja-vesci-kaleg-na-pra-ladny-mityng/Аддзел адукацыі Бярозаўскага райвыканкама прыняў рашэнне не працягваць кантракт з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, «выдатнікам асветы», навукоўцам, аўтарам дапаможнікаў «Літаратурнае чытанне» Мікалаем Жуковічам, паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паводле мясцовых людзей, прычына, па якой «скасуюць» дасведчанага адмыслоўцу — Мікалай Жуковіч у 2020-м годзе адмовіўся ад ўдзелу ў фальсіфікацыі выбараў. Будучы на пасадзе дырэктара сярэдняй школы № 1 Бярозы, ён таксама не пагадзіўся весці групу настаўнікаў на праўладны мітынг, які адбыўся 16 жніўня ў Мінску. Пасля згаданых падзей спадар Мікалай быў пазбаўлены пасады дырэктара, працаваў намеснікам кіраўніка школы. Сёння ідзе гаворка пра тое, што з адмыслоўцам не працягнуць кантракт.
Мікалай Васільевіч Жуковіч працаваў дырэктарам першай школы горада Бярозы 26 гадоў. Выкладаў беларускую мову і літаратуру, займаўся навуковай дзейнасцю, арганізоўваў сустрэчы з культурнымі дзеячамі для сваіх вучняў. Ён таксама і аўтар дапаможнікаў па беларускай літаратуры для пачатковых і сярэдніх класаў, лектар курсаў перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў пры Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. Пушкіна.
