Reform.news

Аляксандр Васілевіч, Святлана Купрэева, Андрэй Аляксандраў, Андрэй Скурко ды іншыя аўтары: аб’яўлены пераможцы прэміі турэмнай літаратуры

Reform.news · 15 ноября 2021, 21:24

https://reform.news/278029-aljaksandr-vasilevich-svjatlana-kuprjeeva-andrjej-aljaksandra-andrjej-skurko-dy-inshyja-a-tary-ab-ja-leny-peramozhcy-prjemii-turjemnaj-litaratury/

У Сусветны дзень пісьменніка ў зняволенні — 15 лістапада — Беларускі ПЭН і Радыё Свабода абвясцілі пераможцаў прэміі імя Францішка Аляхновіча. Яна ўручаецца аўтарам за творы, якія грунтуюцца на асабістым турэмным досведзе.

Сёлета лаўрэатамі прэміі імя беларускага драматурга і рэжысёра Францішка Аляхновіча, аўтара кнігі «У капцюрох ГПУ» сталі сем творцаў:

Андрэй Аляксандраў. Вершы з-за кратаў.

Аляксандр Васілевіч. “Папа и пингвин”. Казкі пра ўнутраную свабоду, напісаныя ў Менскім СІЗА.

Максім Знак. Цыкл турэмных вершаў.

Вольга Калацкая. Турэмны дзённік (змешчаны ў фэйсбуку).

Святлана Купрэева. Цыкл турэмных вершаў.

Мікола Папека. Цыкл турэмных вершаў.

Андрэй Скурко. Казкі і вершы для сына.

Гэтаксама журы вылучыла творчаць Эдуарда Акуліна, Ганны Комар, Дзмітрыя Строцава, Андрэя Такінданга — паэтаў, «якія таленавіта інтэрпрэтуюць тэмы зла, свабоды, няволі і асабістага выбару».

Ды таксама Беларускі ПЭН нагадаў, што за кратарамі працягваюць працаваць Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец, Аляксандр Фядута, творцы, якія ўжо з’яўляюцца лаўрэатамі прэміі імя Аляхновіча (прэмія прысуджаецца аднойчы).

— Беларускія пісьменнікі і інтэлектуалы ў сучаснай Беларусі паводле дэфолту палітычныя вязні, нават калі яны не за кратамі. Чытаць іх творы, купляць кнігі, пісаць рэцэнзіі, цытаваць, згадваць, адпраўляць ім лісты — справа ня проста маральнай падтрымкі і салідарнасці, а акт супраціву і культуры, пашырэння свабоды і святла, — пракаментаваў сітуацыю ў краіне і літаратуры дырэктар Радыё Свабода Аляксандр Лукашук.

— Лаўрэаты сённяшняй Прэміі Аляхновіча — гэта толькі невялікая частка людзей, якія сёння пішуць, знаходзячыся ў зняволенні, — дадала свой каментар адносна магчымасці пісаць за кратамі намесніца старшыні Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай. — Літаратура становіцца для іх, з аднаго боку, легальнымі ўцёкамі з турмы, спробай выйсці з той рэальнасці, спосабам перажыць яе ў творчасці. З іншага боку — гэта таксама фіксацыя рэальнасці і помнік нашаму часу і яго героям. У бліжэйшыя гады перад намі як супольнасцю яшчэ будзе стаяць агромная праца па зборы і апрацоўцы турэмнай літаратуры.

Па звестках Беларускага ПЭНа, на сёння за свае пераканні знаходзяцца ў зняволенні 19 літаратараў. Аб’яднанне, якое нядаўна само было ліквідавана па рэшэнню ўладаў , заклікае дзяліцца інфармацыяй пра іх і іншых палітвязняў, а таксама пісаць ім лісты.

Арганізатары прэміі імя Францішка Аляхновіча жадаюць найхутчэйшага вызвалення ўсім палітвязням і плануюць правесці ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання лаўрэатаў у Беларусі адразу, калі гэта стане магчыма.

Реклама