83 праекты і 57 мабільнасцяў. Беларуская Рада культуры падзялілася вынікамі двухгадовай праграмы ArtPower Belarus

Культура
Скрыншот з сайта.

У выніку 7 этапаў за першую эдыцыю ArtPower Belarus былі ўхваленыя 83 праекты і 57 мабільнасцяў, — плёнам вядомай праграмы спрыяння беларускай культуры пра падтрымцы Еўразвязу падзялілася Беларуская Рада культуры.

Пры гэтым запыт на падтрыманне праектаў перавысіў фінансавыя магчымасці ўсёй праграмы больш як у 6 разоў, — канстатавала попыт на падобнага кшталту праграмы арганізацыя. Нагадаем, што імплементарамі праекта, які стартаваў у канцы 2022 года і доўжыўся да канца лютага 2025 года, былі Беларуская Рада культуры і Дацкі інстытут культуры.

Найбольш праектаў за час дзеяння праграмы было падтрымана са сфераў літаратуры (20 праектаў і мабільнасцяў) і візуальнага мастацтва (20 праектаў і мабільнасцяў). Далей ідуць: музыка (18 праектаў і мабільнасцяў), міжсектаральныя праекты (15 праектаў і мабільнасцяў), кіно (14 праектаў і мабільнасцяў). Хоць кінасупольнасць востра ставіць пытанне, што падтрыманыя ў ліку кінапраектаў YouTube-фільмы нельга называць паўнавартасным кіно.

83 праекты і 57 мабільнасцяў. Беларуская Рада культуры падзялілася вынікамі двухгадовай праграмы ArtPower Belarus

Агулам беларускія творцы за два гады атрымалі:

  • 35 мідзі-грантаў (ад 5 да 50 тыс. еўраў),
  • 48 міні-грантаў (да 5 тыс. еўраў),
  • 57 грантаў мабільнасці на вандроўкі дзеля прафесійнага развіцця.

Беларуская Рада культуры падкрэслівае, што ў ліку падтрымных — і праекты ў Беларусі і каманды, у складзе якіх былі ўдзельнікі з Беларусі. У 56 рэалізаваных праектах і мабільнасцях (са 140) былі ўдзельнікі ў Беларусі.

83 праекты і 57 мабільнасцяў. Беларуская Рада культуры падзялілася вынікамі двухгадовай праграмы ArtPower Belarus

«Мы задумвалі ArtPower Belarus дзеля беларускіх аўтараў, каб яны атрымалі больш магчымасцяў для свабоднага самавыяўлення, — каментуе вынікі першай эдыцыі праграмы кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін. — І мы вельмі ўсцешаныя, што гэтая мэта выкананая: дзякуючы праграме беларуская культура стала багацейшая на 83 творчыя праекты, а 231 асоба атрымала магчымасць павандраваць па Еўропе, каб прэзентаваць сваю творчасць, папрацаваць у архівах ці падвысіць свае кампетэнцыі. І хоць не пра ўсе падтрыманыя праекты мы можам казаць публічна, я ўпэўнены, што кожны аматар беларускай культуры за апошнія два гады неаднойчы меў справу з прадуктамі ArtPower Belarus», — давёў менеджар.

«Патрэба вялікая, і наступствы будуць вельмі глыбокія, калі мы не працягнем падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасці. Беларускі сектар мастацтва і культуры мае патрэбу ўва ўсёй максімальнай дапамозе, якую ён можа атрымаць, — падкрэсліла значнасць спрыяння дзейнасці грамадзянскай супольнасці з боку еўрапейскіх інстытуцыяў рэгіянальная дырэктарка Дацкага інстытуту культуры Гэнрыетэ Борг Рэйнгольт (Henriette Borg Reinholdt). — Моцная і свабодная грамадзянская супольнасць абапіраецца на свабодную культуру, гэта актуальна для Беларусі, як і для любой іншай краіны. Менавіта мастацтва і культура ствараюць нашую ўнутраную абарону, дазваляючы супрацьстаяць аўтарытарным сілам», — зазначыла яна.

У адмысловай галерэі Беларуская Рада культуры сабрала ўсе публічныя праекты, якія атрымалі падтрымку ў рамках ArtPower Belarus. Заўважым, што частка праектаў застаецца непублічнай у мэтах бяспекі.

Неўзабаве возьме старт другая эдыцыя ArtPower Belarus. «Яшчэ большыя магчымасці для творцаў, новая сістэма падачы заявак і новыя актыўнасці», — анансавала яе каманда БРК.

Дазнацца больш пра вынікі праграмы можна тут.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости