Пра гэта паведамілі Купалаўцы ў фэйсбуку: «Сумная навіна. Пайшоў з жыцця праўдзівы купалавец, наш добры сябра, настаўнік і натхняльнік, акцёр і мастак Фама Варанецкі. Светлая памяць, спачуванні родным і блізкім».
Фама Сільвестравіч Варанецкі — беларускі акцёр, педагог. Нарадзіўся 23 сакавіка 1938 года ў Траскоўшчыне пад Мінскам. Заслужаны артыст Беларусі (1990).
У 1961 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа. З 1971 года — акцёр Тэатра імя Янкі Купалы. З 1990 выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў.
Напачатку выконваў ролі герояў, потым пераважна характарныя. Сярод лепшых роляў у тэатры імя Я. Коласа: Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф. Дастаеўскага), Леанідзік («Мой бедны Марат» А. Арбузава), Віктар («Варшаўская мелодыя» Л. Зорына); у тэатры імя Я. Купалы: Салянік («Радавыя» А. Дударава), Паніч («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), Жабрак («Страсці па Аўдзею» У. Бутрамеева), Настаўнік («Безыменная зорка» М. Себасцьяна), Клеон («…Забыць Герастрата!» Р. Горына).