У Адэскім Музеі заходняга і ўсходняга мастацтва ў межах фестывалю дакументальнага кіно «1084. На мяжы» адкрылася выстава вядомага беларускага дызайнера Уладзіміра Цэслера.
«Запрашаем адэсітаў паглядзець на вострыя візуальныя творы — супраць вайны, супраць «рускага міру», супраць дыктатуры і таталітарызму», – паведамляецца ў фэйсбуку музея. Беларускага творцу прадстаўляюць як культавую фігуру пратэснага мастацтва ў Беларусі, а ў 2022 годзе — аднаго з самых яркіх аўтараў антываенных выказванняў у выглядзе плаката.
Выстава павінна была адкрыцца ўчора, 21 лістапада, але з-за адключэнняў святла адкрыццё перанеслі. У якасці кампенсацыі арганізатары выклалі таймлапс з працэсам мантавання экспазіцыі.
І выстава Цэслера, і фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы» выконваюць аднолькавыя функцыі – будуюць масты і наладжваюць стасункі паміж двума народамі.
Фестываль прадстаўляе гледачам пляцоўку, з мэтай пашырыць веды адно пра аднаго і знайсці тое, што нас яднае, каб пераадолець ўзаемны недахоп інфармацыі.
Кінапраграма фестывалю паказвае рэальнасць, у якой існуюць героі з Украіны і Беларусі.
Каманда таксама збірае ахвяраванні на ВАК-апараты.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram