«Альбом дуэтаў быў даўняй ідэяй», — прызнаецца лідар авант-джазавага калектыву, аўтар культуравай музычнай праграмы «Кракатук», паэт і музыка Віктар Сямашка.
Duos — гэта альбом-імправізацыя, нязмушаная размова беларускіх і польскіх музыкаў у экспрэсіўнай і дасціпнай манеры. Фартэпіяна (Віктар Сямашка) спалучаецца з разнастайнымі духавымі – трубой (Ольгерд Далькальскі), фаготам (Віталь Эпаў), басовым клярнэтам (Пётар Мэлэх), альтовым саксафонам (Ян Малкоўскі), а таксама з пэркусіяй (Пётр Дамброўскі), скрыпкай (Мартына Кабульская), акардэонам (Аляксей Варсоба) і вакалам (Вераніка Лось).
Кампазіцыі збольшага мініяцюрныя, вытрыманыя ў духу свабоднага джазу й сучаснае акадэмічнае музыкі, прытым выкананыя абсалютна спантанна.
«Менавіта з дуэтаў мы звычайна пачыналі нашыя студыйныя сэсіі ў Варшаве, — зазначае Віктар Сямашка. — Яны давалі магчымасьць хутка ўсталяваць кантакт з кожным музыкам паасобку, каб потым супольна й апэратыўна будаваць няпростыя музычныя структуры. Але ў альбоме хапае й лёгкасьці, і гумару, і нечаканых паваротаў ды вельмі кранальных для мяне асабіста момантаў».
«Няпростыя музычныя структуры» «Фантастачных плыўцоў», нягледзячы на магчымую для пэўнага слухача складанасць, — рэчыва змястоўнае і густоўнае. Гэта — сучасная музыка выкананая сучаснымі аўтарамі для сучаснага ж слухача. Інтэлектуальны клас думкі і музычнай «размовы».
Матэрыял альбома збіраўся цягам года.
Рэліз быў запісаны на варшаўскай студыі Quality Studio, гукарэжысёр — Радаслаў Беднарэк.
Вокладкай для альбому стала праца Мар’яна Валентыновіча (па кудзелі з роду Сямашак). У 1928 годзе польскі мастак такім чынам аздобіў нотнае выданьне „Zatańczmy tango!”.
Новую праграму Fantastic Swimmers Duos можна паслухаць і адвольна спампаваць па спасылцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: