Беларускі мастак Сяргей Шабохін дэбютуе ў якасці рэжысёра ў Новым Тэатры ў Варшаве

З 15 снежня і на працягу чатырох дзён у Nowy Teatr у Варшаве адбудзецца прэм’ера спектакля «Ich heiße Frau Troffea». Яго рэжысёр — мастак Сяргей Шабохін, для якога гэты спектакль стаў дэбютам. Выканаўца — Ігар Шугалееў.

Праз пагружэнне ў гісторыю фраў Трафеі выканаўца распавядзе аб сваім уласным досведзе траўматычнай апантанасці і нястомным пошуку волі.

Анатацыя да спектакля паведамляе: “За тыдзень да фэсту ў гонар Сьвятой Марыі Магдалены ў 1518 годзе фрау Трафэя выйшла са свайго дому праз задні двор і нечакана для сябе самой пачала апантана танчыць на адной з вузкіх вулачак Страсбургу. Яна танчыла ўвесь дзень з ранку да позняга вечара і ўсю ноч запар. На трэці дзень гэтых шалёных рухаў яна была цалкам знясіленая, пантофлі набрынялі крывёю, але спыніцца яна не магла. Нарэшце яе заразлівы танец ахапіў увесь горад, выклікаўшы танцавальную эпідэмію, якая прынесла шмат ахвяраў.

Занураючыся ў гісторыю фрау Трафэі, выканаўца распавядае пра ўласны вопыт траўматычнай апантанасці і бясконцых пошукаў свабоды, якія падаюцца балючымі і фатальнымі. Праз шок, выкліканы расстаннем з домам і са сваім мінулым, паглынуты прымусовай эміграцыяй з Беларусі і пошукамі сябе, ён цалкам растае ў прыцягальнай берлінскай рэйв-культуры. Магнетызм тэхна прыводзіць да знешняга і ўнутранага пераўтварэння тусоўшчыка, новай свабоды стасункаў і перамяшчэння, якую ён зведвае ў выкліканым ужываннем допінгу стрэсе. Паскараючыся, выканаўца губляе і аднаўляе якасць рухаў, назірае за рэакцыямі цела, фіксуе крытычныя паказчыкі біцця сэрца. Гэтае дзеянне, як фізіялагічнае, так і паэтычнае, раскрывае розныя мастацкія вымярэнні. Праз інтэнсіўную цырымонію цела распавядаецца гісторыя хваробы цэлай краіны і апантаных пошукаў лекаў ад свабоды».

Да стварэння спектакля прычыніліся: Агнешка Крыст (харэаграфія), Мікіта Бабашкін (музыка), Аляксандра Канончанка (візуал),  Марына Дашук (прадзюсар).

Прадзюсар: KALEKTAR (Даследчая пляцоўка беларускага сучаснага мастацтва).

Сяргей Шабохін — мастак, куратар, актывіст і эксперт беларускага сучаснага мастацтва, крытык, выкладчык, адзін з заснавальнікаў даследчай платформы беларускага сучаснага мастацтва KALEKTAR. Праз свае творы ён разважае пра памяць, пошукі ідэнтычнасць, свабоду і каштоўнасці чалавека.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!