Тры праграмы — Міжнародная, Беларускі конкурс, «Ukrainе mon amour», 29 стужак, 10 займальных івэнтаў — вядомы кінафорум скандынаўскага і балтыйскага кіно «Паўночнае ззянне» сёння распачаў свой ход. Сёлета падзея ладзіцца пад слоганам «Як дома».
Нагадаем, што ў гэтым годзе фестываль, якім кіруе беларуская прадзюсарка і рэжысёрка Воля Чайкоўская, ладзіцца ў гібрыдным фармаце. Анлайн фільмы кінаагляду можна глядзець на сайце «Паўночнага ззяння» абсалютна бясплатна — дастаткова толькі зарэгістравацца. Афлайн-паказы беларускіх стужак адбудуцца ў кінатэатрах Вільнюса і Таліна 22-25 лістапада.
Праграма «Паўночнага ззяння» заўжды вылучалася выдатным спалучэннем дакументальнага кіно і ігравога; у ёй знаходзілася месца для фільмаў розных жанраў і настрояў, эксперыментальнага кіно, аўтарскага, вострасацыяльнага, — 8-я эдыцыя кінафоруму не з’яўляецца выключэннем.
Сёння, да прыкладу, фестываль адкрываецца дакументальнай карцінай ісландца Гвюд’ёна Рагнарсана «Уздымі планку». Гэта «спартыўная girl-power-драма пра барацьбу за эмансіпацыю, роўнасць і права голасу» распавядае пра дзявочую баскетбольную каманду, трэнерам якой стаў былы форвард ісландскай баскетбольнай зборнай Брын’яр Карл Сігурдсан. Дзіўная рэч, але каманда пад яго кіраўніцтвам пачынае перамагаць нават у гульнях супраць хлопчыкаў, але бацькам цяжка прыняць суровыя метады трэнера. Юным баскетбалісткам і іх «коучу» прыйдзецца даць бой прадузятасцям і пазмагацца за свае правы іграць і ствараць уласныя «правілы гульні» ў жыцці.
Сёння ж гледачоў чакае і «фільм-інсталяцыя» ад слыннай латвійскай рэжысёркі Лайлы Пакільніня. «Паэтычная і эстэтычная ода дамашняму асяроддзю» — стужка «Дамы» — гэта дасціпны эксперымент-даследаванне хатняй прасторы, партрэт жыхароў Латвіі ў родным інтэр’еры і экстэр’еры. Стужкі Лайлы Пакільніні — заўжды асалода для розуму і вачэй, кіно, што вельмі часта не мае патрэбу ў словах, — таму раім не прапусціць новую працу сусветнавядомай дакументалісткі.
У наступныя дні гледачы змогуць пабачыць: дацка-амерыканска-нарвежскі «дакументальны палітычны трылер аб барацьбе Зімбабвэ за дэмакратыю» — «Прэзідэнт» Камілы Нільсан, латвійскі «фільм-перформанс у духу Гаспара Ноэ» — «Неспакойныя розумы» Райціс і Лаўрыс Абеле, літоўскую «жыццесцвярджальную драму ў абліччы пахавальнай камедыі» — «Мастацкі фільм пра жыццё» Давіле Шаруцітэ, нарвежскі «кiнакомікс-драмедзi» Інгвіль Свэ Фліке «Дзіцёнак-ніндзе», ды іншыя і іншыя цікавыя выказванні…
У беларускай праграме раім не прапусціць адзначаныя на міжнародных кінафорумах стужкі такіх беларускіх аўтараў як: Андрэй Куціла — «Калі кветкі не маўчаць» (перамога ў дакументальным конкурсе Варшаўскага кінафестывалю), Саша Кулак — «Мара» (удзел у Artdocfest і іншых фэстах), Мікіта Лаўрэцкі — «Спатканне ў Мінску» ( Гран-пры Міжнароднага кінафестывалю Doclisboa ў Партугаліі), Павел Мажар — «Дапаможнік» (перамога ў катэгорыі кароткаметражнага кіно на Міжнародным кінафестывалі дакументальнага кіно IDFA)… Беларускае незалежнае кіно апошнім часам усе часцей можна пабачыць на замежных кінапляцоўках — таму важна скарыстацца той магчымасцю, што прадастаўляе «Паўночнае ззянне», і ўбачыць нашу рэальнасць вачыма ж нашых рэжысёраў. Ды, вядома, прыглядзецца да новых твораў беларускіх кінематаграфістаў, заяўленых у блоку.
Не забудземся яшчэ на цікавыя абмеркаванні, што падрыхтавала каманда кінафэсту.
Сёння праграма івэнтаў стартуе з дыскусіі журналіста Ягора Калесніка з рэжысёрам стужкі «Уздымі планку» Гвюд’ёнам Рагнарсанам і беларускай баскетбалісткай Кацярынай Сныцінай — «Як перагуляць патрыярхат у баскетбол». «А далей у праграме» — гутаркі пра мастацтва і эксперыменты над свядомасцю, панельная дыскусія пра тое, як сёння адбіраюцца фільмы на фестывалі, размова «Як здымаць кіно ў небяспечных умовах?» — сачыць за раскладам праграмы падзей можна тут.
Кожны дзень на сайце «Паўночнага ззяння» будзе дэманстравацца новы фільм праграм(ы). Не прапусціце!
Прадоўжыцца кінафестываль Паўночных і Балтыйскіх краін да 30 лістапада.
А падтрымаць адзін з адметных кінафорумаў Беларусі можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: