Падчас свайго трэцяга візіту ва Украіну амерыканскі акцёр і рэжысёр Шон Пэн прэзентаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму статуэтку «Оскар».
«Гэтым разам наша сустрэча была асаблівай, — зазначыў у афіцыйным тэлеграм-канале Уладзімір Зяленскі. — Шон прывёз сваю статуэтку «Оскара» як сімвал веры ў перамогу нашай краіны. Яна будзе знаходзіцца ва Украіне да заканчэння вайны».
Прэзідэнт Украіны ўручыў амерыканскаму дзеячу ордэн «За заслугі» ІІІ ступені.
«Дзякую за такую шчырую падтрымку і важны ўнёсак у папулярызацыю Украіны ў свеце!» — падзякаваў галівудскаму акцёру Уладзімір Зяленскі.
Нагадаем, што Шон Пэн з пачатку ўварвання Расіі ва Украіну адразу выказаў падтрымку ўкраінскаму народу. Як грамадскі дзеяч Пэн дапамае ўкраінскім бежанцам, стварыўшы збор ахвяраванняў на патрэбы людзей у сваім дабрачынным фондзе Core. Як рэжысёр ён здымае дакументальную карціну аб ваенных дзеяннях у краіне. Акцёр неаднаразова рабіў гучныя заявы дзеля прыцягнення ўвагі да сітуацыі ва Украіне. Нядаўна ён заявіў аб сваёй гатоўнасці ўзяць зброю ў рукі, каб ваяваць супраць рускіх не толькі на культурным фронце.
Менавіта з імянной таблічкі Шона Пэна пачынаецца на плошчы Канстытуцыі ў Кіеве Алея смеласці, якая была закладзеная ў гонар тых людзей, хто дапамог Украіне ў час навалы.
Падчас сустрэчы прэзідэнт Украіны і амерыканскі акцёр наведалі Алею смеласці: Шон Пэн быў расчулены падобным знакам увагі.
Зазначым, што Шон Пэн мае два «Оскара» — за галоўныя ролі ў фільмах «Таямнічая рака» (2003) і «Харві Мілк» (2008).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram