Фота: сацсеткі Таццяны Нядай.
Беларускае незалежнае выдавецтва SVIEDKI абвясціла пра запуск папярэдняга заказу на кнігу журналіста, былога палітвязня Ігара Карнея «Інкамунікада. Катаванне адзінотай». Пра гэта паведаміла культурная дзеячка і старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай, якая курыруе выданне.
Выхад кнігі ў свет запланаваны на 20 жніўня. Да гэтага дня набыць выданне можна па спецыяльным промакошце, пасля чаго цана вырасце. Дастаўка ажыццяўляецца па ўсёй Еўропе.
Выданне — гэта не толькі асабістыя ўспаміны аўтара, а глыбокае даследаванне механізмаў расчалавечвання і адначасова хроніка захавання годнасці. Ігар Карней апісвае свой шлях праз следчыя ізалятары, калоніі, ШІЗО і ПКТ у сучаснай Беларусі, аналізуючы бязлітасную сістэму псіхалагічнага прэсінгу:
«Цынічныя турэмнікі ведаюць, што сапраўдны гвалт не ў болю, не ў кайданках, не ў крыках. Найбольш эфектыўны прэсінг – прымусіць вязня існаваць у свеце, дзе няма нікога, акрамя яго самога… У гэтым катаванні няма крыві, няма паламаных костак. Але ёсць нешта горшае: адчуванне, што цябе сціраюць гумкай, пакуль ты не перастанеш існаваць нават ва ўласнай галаве».
Заснаванае на асабістым досведзе, сведчаннях іншых палітвязняў і каментарыях спецыялістаў, кніга робіцца важным дакументальным сведчаннем пра рэпрэсіі ў Беларусі і цану чалавечай годнасці.
Ігар Карней — беларускі журналіст і эсэіст, які шмат гадоў супрацоўнічаў з «Радыё Свабода» і іншымі незалежнымі СМІ. У ліпені 2023 года быў затрыманы, а пазней асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываваным абвінавачанні. У чэрвені 2025 года выйшаў на вольнасць і выехаў з краіны.
Выдавецтва SVIEDKI спецыялізуецца на дакументальнай літаратуры, хроніках сучаснай гісторыі, мемуарах і нон-фікшн пра рэпрэсіі ды барацьбу за правы чалавека. Раней у выдавецтве выйшла рэзанансная кніга Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага пераследу ў фактах і дакументах».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram