Маніторынг праведзены за студзень – верасень 2022 года.
Яго вынікі апублікаваны на сайце і ў сацыяльных сетках.
Кароткі змест маніторынгу парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры
За студзень – верасень 2022 года маніторынгавая група Беларускага ПЭНа зафіксавала 998 парушэнняў культурных правоў.
101 дзеяч культуры прызнаны палітзняволеным, яшчэ 19 прадстаўнікоў сферы знаходзяцца ў зняволенні паводле крымінальных спраў.
Працягваецца ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці, якая закранула не менш за 49 грамадскіх арганізацый. Сярод іх – тэатр «Тэрыторыя мюзікла».
Працягваецца практыка пераследу незалежных выдавецтваў. Увесну Міністэрства інфармацыі прыпыніла на тры месяцы дзейнасць чатырох выдавецтваў, якія друкавалі кнігі беларускіх аўтараў і на беларускай мове: «Медысонт» і «Галіяфы» – з 15 красавіка, «Лімарыус» і «Кнігазбор» – з 16 траўня. На сённяшні дзень няма ніякіх прыкмет таго, каб нейкаму з гэтых выдавецтваў дазволілі працягнуць сваю працу па заканчэнні трох месяцаў. Акрамя таго, у дзяржаўным рэестры можна адсачыць, што «Галіяфы» і «Лімарыус» ужо знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.
З сярэдзіны траўня «пастаўлена на паўзу» дзейнасць мінскага музычнага клуба «Бруге». «З тэхнічных прычын» закрытыя бар «Банкі-Бутэлькі» і крама антыкварыяту «Буржуазныя каштоўнасці». 16 верасня канчаткова закрыўся музычны бар «Графіці», у першым паўгоддзі абвясцілі пра спыненне працы ў Мінску культурны цэнтр «Корпус», «Lo-Fi Social Club», івэнт-прастора «Месца», у Гродне закрылася галерэя «400 квадратаў».
Дзесяцігоддзямі існуе феномен «чорных спісаў» нелаяльных уладзе музыкаў, вядома пра спіс акцёраў, літаратараў і нават фатографаў, якім забаронена свабодна распаўсюджваць прадукты сваёй творчасці. На працягу апошніх двух гадоў адмяняюцца спектаклі, канфіскуюцца з бібліятэк і крам кнігі пэўных аўтараў.
Не быў дапушчаны да паказу ў Тэатры юнага гледача спектакль «Кантрольнае сачыненне», у сюжэце якога закладзены канфлікт паміж выпускнікамі, якія шукаюць справядлівасці, і школьнай адміністрацыяй. У Музычным тэатры была адменена прэм’ера аперэты «Герцогиня из Чикаго». У пачатку новага сезона з рэпертуару некалькіх тэатраў былі прыбраны спектаклі паводле п’ес асобных аўтараў.
Цэнзура «прайшлася» па наступных мастацкіх выставах: «Трывожны чамаданчык» у галерэі Саюза дызайнераў; «Час экранаў» Рыгора Іванова, «Дэмаграфія» Сяргея Грыневіча і «Арт-Мінск» у мінскім Палацы мастацтваў; «СКУЛЬПТУРА» ў галерэі «400 квадратаў» у Гродне; «Гэта дыягназ» у мінскай прасторы «Factory». Вядомыя і іншыя выпадкі ўмяшання і кантролю, калі на выставы прыходзілі прадстаўнікі адміністрацыі і загадвалі прыбраць працы пэўных аўтараў. З незразумелых прычын паводле рашэння мясцовых уладаў у Мінску было зафарбавана некалькі муралаў.
Спявачка Мэрыем Герасіменка была затрымана на наступны дзень пасля вулічнага канцэрту, дзе яна, сярод іншага, выканала песню ўкраінскага гурта «Океан Ельзи». Зафіксавана некалькі выпадкаў неапраўданага затрымання вулічных музыкаў. Вядомыя факты знаходжання ў зале прадстаўніка спецслужбаў падчас канцэртаў дзяржаўных калектываў. Міністэрства культуры адмовіла ў выдачы «гастролькі» гурту «Shortparis», чый фронтмен Мікалай Камягін вядомы сваёй антываеннай пазіцыяй.
З фондаў бібліятэк працягваюць выключаць кнігі Святланы Алексіевіч, Сашы Філіпенкі і некаторых іншых пісьменнікаў.
З меркаванняў цэнзуры ў Беларусі так і не ўдалося арганізаваць афіцыйны паказ кінакарціны «Тры таварышы» Уладзіміра Казлова. Міністэрства інфармацыі блакавала сайты фотапраекта «Плошча Перамен» і беларускага незалежнага навукова-папулярнага і літаратурна-мастацкага часопіса «Arche».
Назіраецца паланафобія і разбурэнне польскіх месцаў памяці. Быў затрыманы кіраўнічы склад не зарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў. Яго старшыня Анжаліка Борыс і сябра Андрэй Пачобут з’яўляюцца фігурантамі справы аб «рэабілітацыі нацызму», іх прызналі палітзняволенымі. Было ліквідавана ТАА «Польская школа» ў Брэсце. Няма прыкмет дзейнасці Польскага інстытута ў Мінску, сайт Саюза палякаў Беларусі znadniemna.pl у снежні быў прызнаны экстрэмісцкім, як і «Радыё Рацыя», інтэрнэт-рэсурс «MOST», польскія сайты polskieradio.pl і polskieradio24.pl. Ліквідаваны польскія арганізацыі, забаронены мерапрыемствы, а польскую меншасць [як і літоўскую] пазбавілі магчымасці навучацца на роднай мове. У чэрвені 2022 года пачалося знішчэнне польскай гістарычнай спадчыны ў Беларусі, а праваахоўныя органы збіраюць звесткі пра наяўнасць у грамадзян віду на жыхарства ў іншай дзяржаве або карты паляка.
Працягваецца парушэнне правоў беларускамоўных грамадзян і дыскрымінацыйнае стаўленне да беларускай мовы ў цэлым.
Працягваюцца пачатыя яшчэ ў другой палове 2020 года звальненні нелаяльных рэжыму спецыялістаў, якія працуюць у сферы культуры або выкладаюць культуралагічныя, моўныя, гістарычныя навукі ва ўстановах адукацыі. У маніторынгу ўтрымліваюцца звесткі пра 55 выпадкаў звальнення, непадаўжэння кантракта або стварэння ўмоў для таго, каб спецыяліст звольніўся «паводле пагаднення бакоў».
Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў пастаянна папаўняецца новымі сайтамі, Ютуб-каналамі на тэму культуры, а таксама кнігамі.
Дзяржава робіць далейшыя крокі для ўзмацнення кантролю ў сферы культуры і мінімізацыі прысутнасці ў ёй незалежнага сектара, ствараючы новыя рэестры, спісы, камісіі, атэстацыі і г. д.
1 жніўня ўступіла ў сілу пастанова, згодна з якой толькі арганізацыі, размешчаныя ў гэтым рэестры, могуць весці такую дзейнасць. Арганізатары, якія падлягаюць уключэнню ў рэестр, але не ўключаны ў яго, не могуць ладзіць культурна-відовішчныя мерапрыемствы.
2 верасня ўрад прыняў пастанову № 582 «Аб экскурсійным абслугоўванні», згодна з якой экскурсаводы і гіды-перакладчыкі мусяць праходзіць атэстацыю для пацвярджэння кваліфікацыі.
3 верасня старшыня праўладнага Саюза пісьменнікаў расказаў, што «на даручэнне і з падказкі» Міністэрства інфармацыі створана камісія па кантролі за якасцю кніжнай прадукцыі, асноўнай задачай якой будзе здзяйсненне грамадскага кантролю за прадукцыяй кнігарняў з гледзішча ідэалагічнага складніка і мастацкай якасці.
Створана Камісія па праверцы дзейнасці Інстытута гісторыі Акадэміі навук, у складзе якой – ідэалагічна вывераныя гісторыкі.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: