З прапановай сабраць базу даных культурніцкіх ініцыятываў выступіла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.
«Усе, што можа быць карыснае і цікавае – суполкі, сайты, тэлеграм, ТыкТок, Ютуб, месцы, школы. Культура, мова, гісторыя, памяць, літаратура, кіно, мастацтва, адукацыя фармальная і нефармальная. Усе, што яднае нас і дапамагае заставацца беларусамі», — звярнулася да сваіх падпісчыкаў у сацсетках сузаснавальніца Цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве.
Плануецца, што ўся дасланая прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета інфармацыя будзе каталагізавана і выкладзена ў шырокі доступ.
«Падзяліцеся з намі сваімі любімымі ініцыятывамі, за якімі сочыце, якія вас натхняюць ці якія вы ствараеце», — заклікала яна.
Нагадаем, што ў верасні беларуская журналістка і вядучая тэлеканала «Белсат» Аліна Коўшык была прызначаная прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні. У зоне яе адказанасці — папулярызацыя ведаў па беларускай гісторыі, культуры, мове, каардынацыя культурніцкіх інстытутаў і ініцыятываў, падрыхтоўка рэформаў у галіне культуры, адукацыі і СМІ, а гэтаксама стварэнне стратэгіі Нацыянальнага Адраджэння Беларусі.
Паўдзельнічаць у перапісе беларускіх культурніцкіх ініцыятываў можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram