Найбуйнейшая літаратурная прэмія Беларусі абвясціла поўны спіс твораў-намінантаў
Незалежная Прэмія імя Ежы Гедройця абвясціла намінантаў адзінаццатага сезону. У поўны спіс твораў на атрыманне найбуйнейшай літаратурнай узнагароды Беларусі за 2021 год прынята 21 кніга.
У спісе заяўлены кнігі чатырнаццаці выдавецтваў, найбольшая колькасць намінантаў належыць «Кнігазбору». Сярод канкурсантаў, што цікава, ёсць твор ад выдавецкага дома «Звязда».
Заўважна ў спісе і даволі вялікая прысутнасць літаратуры для дзяцей.
Яшчэ сярод адметнасцей гэтага года — арганізатары конкурсу знялі абмежаванне на ўдзел у Прэміі лаўрэатаў-пераможцаў мінулых гадоў. Раней уладальнікі ўзнагароды не маглі намінавацца на працягу дзесяці сезонаў пасля перамогі. Цяпер гэта абмежаванне скасавана.
Поўны спіс аўтараў і твораў-намінантаў на Прэмію Гедройця-2022, такім чынам, выглядае так:
Сяргей Абламейка. Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая. — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2021.
Анатоль Бутэвіч. Распасажаны дом. Мінск, “Мастацкая літаратура”, 2020.
Вольга Гапеева. Самота, што жыла ў пакоі насупраць. Мінск, “Галіяфы”, 2021.
Валеры Гапееў. Жэнька, каралева мышак. Мінск, “Кнігазбор”, 2021.
Алег Грушэцкі. Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства. Мінск, Четыре четверти, 2021.
Васіль Грынь. Не адчайваемся. Мінск, Кнігазбор, 2021.
Таццяна Дамаронак. Маша і яе чароўны лес. Мінск, “Беларусь”, 2021.
Зміцер Дзядзенка. Ордэн Прамяністых. Мінск, “Янушкевіч”, 2020.
Васіль Жуковіч. Прадчуванні. Мінск, “Ковчег”, 2021.
Сяргей Календа. Дэкалог. Вільня, “Логвінаў”, 2021.
Таццяна Карытка. Чаму ўсё так? Мінск, “Кнігазбор”, 2020.
Павел Каспяровіч. Чорная рэчка. Мінск, “Кнігазбор”, 2021.
Максім Клімковіч. Шкляная лялька і іншыя страшныя гісторыі. Мінск, “Галіяфы”, 2021.
Маргарыта Латышкевіч. Уласны крыж. Мінск, “Мастацкая літаратура”, 2021.
Уладзімір Ліпскі, Каранацыя душы. Мінск, “Адукацыя і выхаванне”, 2021.
Уладзімір Някляеў. Гэй Бэн Гіном. Беласток, Фонд Kamunikat.org, 2021.
Аляксандр Хацкевіч. Замак на ўзгорку. Мінск, “Галіяфы”, 2021.
Вольга Шчукіна. Чарадзейны крышталь, альбо Нечаканы госць. Мінск, «Кнігазбор», 2021.
Лаўрэн Юрага. Замак з люстраной залай. Мінск, Выдавецкі дом “Звязда”, 2021.
Нагадаем, што арганізатарамі Прэміі імя Ежы Гедройця з’яўляюцца Беларускі ПЭН, Саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Польскага інстытуту ў Мінску. Узнагарода ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу прозы ў папярэднім годзе на беларускай мове.
Лаўрэатамі Прэміі ў розныя гады станавіліся: «Па што ідзеш, воўча?»Евы Вежнавец, «Libido» Ільі Сіна, «Танцы над горадам» Уладзіміра Арлова, «Быў у пана верабейка гаварушчы» Змітра Бартосіка, «Завяршыць гештальт» Максіма Шчура ды іншыя творы.