Выстава пра беларускіх палітвязняў, асуджаных за пазіцыю ў дачыненні да Украіны, — «Колеры беларускай рэвалюцыі» — адкрыецца заўтра, 13 верасня, у Публічнай бібліятэцы Бучынскай грамады.
Гэта пашыраны праект экспазіцыі, якая прагучала ў Львове ў жніўні гэтага года — у філіяле Львоўскага гістарычнага музея. Гэтым разам да партрэтаў украінскіх і беларускіх палітвязняў дададуцца выявы беларусаў, якія загінулі за Украіну, пачынаючы з 2014 года.
Выстава стала магчымай дзякуючы дапамозе нашых суайчынніц — праваабаронцы Анісіі Казлюк і арганізатаркі Настассі Доль, беларускі, якая жыла ў Ірпені яшчэ да вайны, і вярнулася туды зусім нядаўна.
— Настасся ўбачыла наш праект у Львове і вырашыла яго прывезці ў Бучу, — якім чынам выстава ажыццявілася ў зараз вядомым на ўвесь свет горадзе, распавяла Reform.by суарганізатарка праекта, медыяэкспертка Аліна Рудзіна. — У Настассі былі варыянты па месцы, але яна звярнулася да Публічнай бібліятэкі Бучынскай грамады. Мы баяліся адмовы, але ініцыятыву, што прыемна, патрымалі. Канечне, Буча — гэта сакральнае месца, для нас вялікі гонар — там выставіцца.
Аліна Рудзіна нагадала пра мэты праекта «Колеры беларускай рэвалюцыі», яго гісторыю.
— Мы хочам паказаць, што адбываецца ў Беларусі — як цяжка сёння выказаць меркаванне, што не супадае з афіцыйнай версіяй, — кажа яна. — Распачынаўся гэты праект, нагадаю, з партрэтаў зняволеных украінцаў, якія падтрымалі беларусаў падчас падзей 2020 года.
Потым дадаліся выявы журналістаў і актывістаў, якія пішуць на ўкраінскія тэмы, і якіх за гэта пераследуюць.
Потым — партрэты асуджаных людзей за антываенную пазіцыю.
Затым — фота тых, хто ўжо асуджаны за «партызанкі» пасля пачатку вайны…
«Колеры…» пачалі пашырацца крок за крокам, пласт за пластом. На выставе ў Бучы арганізатары далучаюць да экспазіцыі яшчэ дваццаць два партрэты беларускіх ваяроў, якія загінулі, змагаючыся за Украіну з 2014 года.
— Гэты блок асобна для нас зрабіў Віталь Макарэнка, — удакладняе Аліна Рудзіна. — На жаль, і партрэтаў палітзняволеных гэтаксама становіцца болей.
Нагадаем, што на выставе няма гламурных здымкаў ад вядомых фатографаў. Калі чалавек трапляе пад каток беларускай рэпрэсіўнай машыны, ён часцей за ўсё аказваецца не гатовы да гэтага, і ў праваабаронцаў аказваюцца здымкі не самай лепшай якасці. Таму з экспазіцыі ўсе фатаграфіі стылізаваны пад імгненныя здымкі Polaroid. Унізе размешчана кароткая даведка пра тое, за што чалавек быў затрыманы, QR-код, які вядзе на старонку з гісторыяй палітвязня на сайтах праваабарончых ініцыятыў.
Фатаграфіі замацаваныя на драўляных рэйках, якія імітуюць краты.
На думку медыяэксперткі, пра неабыякавую пазіцыю беларусаў сёння мала пішуць ва ўкраінскіх СМІ.
— З аднаго боку, гэта зразумела, — разважае яна. —Ты не будзеш увесь час пісаць аб арыштах, падтрымліваючы інфармацыйны парадак суседняй дзяржавы. З іншага боку, гэта інфармацыйная «дзюрка» ёсць, назіраецца, і штосьці з гэтым трэба рабіць. Зараз мы задняй датай намагаемся яе залатаць.
Выстава «Колеры беларускай рэвалюцыі» будзе ладзіцца ў Бучы да 20 верасня. Плануецца, што далей яна паездзе ў Кіеў і Чарнігаў.
Сярод партнёраў праекта — Free Belarus Centre.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: