Дэбаты пра неабходнасць яго існавання адбываліся і раней, аднак увайшлі ў гарачую фазу зусім нядаўна, калі Сакратарыят Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны заявіў «аб недапушчальнасці функцыянавання ў Кіеве Музея рускага пісьменніка Міхаіла Булгакава, які ненавідзеў Украіну і ганьбіў яе ў сваіх творах».
Замест Літаратурна-мемарыяльнай установы пісьменніка, якая з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага Музея гісторыі горада Кіева, сакратарыят НСПУ прапануе стварыць музей выбітнага ўкраінскага кампазітара Аляксандра Кошыца (які жыў у гэтым доме да 1906 года). Сам жа Музей Булгакава Саюз прапануе закрыць, а ўсе экспанаты перадаць на архіўнае захоўванне ў Нацыянальны музей літаратуры.
Адміністрацыя ўстановы тут жа адрэагавала на заяву аб’яднання літаратараў, параіўшы Нацсавету Саюза пісьменнікаў спачатку выключыць Міхаіла Булгакава са свайго спісу.
«Міхаіл Булгакаў быў чалавекам свайго часу, ён нарадзіўся і жыў у Расійскай імперыі, атрымаў адпаведнае выхаванне і адукацыю, — сваю пазіцыю Музей выказаў у палеміцы з літаратаркай Аксанай Забужкай. — Булгакаву было ўласціва імперскае мысленне, але ні сям’я Булгакавых, ні сам Булгакаў ніколі не былі ўкраінафобамі або чарнасоценцамі. Міхаіл Булгакаў на самай справе не верыў ва ўкраінскую ідэю, у рэальнасць незалежнай Украіны, як і многія людзі ў той час, таму мы не можам лічыць Булгакава ўкраінскім пісьменнікам, хоць ён нарадзіўся ў Кіеве і пражыў тут большую частку свайго жыцця, але творчасць Булгакава безумоўна з’яўляецца часткай украінскай культурнай прасторы», – сцвярджае загадчыца музея Людміла Губіануры.
2 верасня міністр культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандр Ткачэнка ў ходзе брыфінгу зрабіў заяву, у якім выступіў супраць закрыцця ўстановы. «Булгакаў — кіяўлянін. Так, у яго мастацкіх творах былі рэплікі герояў адносна вызваленчай барацьбы ў пачатку ХХ стагоддзя. Але я думаю, што музей не вінаваты. Дакладна яго не варта чапаць», – заявіў Ткачэнка.
«Булгакаў быў каланізатарам з каланізатарскай сям’і… Відавочна лічыў сябе рускім, быў ім, не ўспрымаў украінізацыі, пасля пераехаў у Маскву», — а гэтыя словы належаць народнаму дэпутату Украіны Мікалаю Княжыцкаму. На яго думку, дзяржава не павінна фінанасаваць музей пісьменніка, творчасць якога не з’яўляецца часткай украінскай культурнай прасторы.
Расставіць усе кропкі над «і» ў складаным пытанні паспрабаваў журналіст і публіцыст Віталь Портнікаў, які запісаў падкаст на гэту тэму пад падзагалоўкам: «Дыскусія пра будучыню Музея Міхаіла Булгакава ў Кіеве – ілюстрацыя нашай культурнай шызафрэніі».
Па меркаванні Портнікава, слова «шызафрэнія» ўзнікае таму, што ўкраінскае грамадства не можа зрабіць выбар.
«Ёсць пэўная шызафрэнія ў тым, што ўкраінцы, з аднаго боку, прапануюць скасаваць расійскую культуру за мяжой самой Украіны – не выконваць творы расійскіх кампазітараў і не купляць творы расійскіх пісьменнікаў, не слухаць музыку расійскіх выканаўцаў, а разам з тым спрачаюцца паміж сабой, ці быць ва ўкраінскай сталіцы музею Міхаіла Булгакава».
Публіцыст адназначна адносіць Булгакава да расійскай культуры, бо гэта быў свядомы цывілізацыйны выбар народжанага ў Кіеве пісьменніка: «Не трэба самім сабе казаць, што Булгакаў не зусім расійскі пісьменнік, бо ён з Кіева і ў яго творчасці ёсць украінскія сюжэты. Хоць насамрэч яго героі кепска ставіліся да ўкраінскага нацыянальнага руху, сам Булгакаў ставіўся да яго добра. Аднак не трэба прыгадваць тое, чаго ніколі не было».
Любы чалавек, які пражываў на далучаных да Расійскай імперыі тэрыторыях, рабіў просты культурны выбар: гэта выбар мовы і выбар культуры. Адны рабілі яго на карысць нацыянальнай мовы і культуры, іншыя – на карысць расійскай. «У апошнім выбары няма нічога злачыннага, аднак гэта іншы культурны выбар – іншая літаратура, іншая цывілізацыя», – зазначае Віталь Портнікаў.
Нават рэвалюцыйны Кіеў у рамане «Белая гвардыя» Булгакаў апісваў так, каб гэта спадабалася чытачам у Маскве ці Пецярбургу.
З гэтага пункту гледжання пытанне, якое цяпер можа стаяць перад украінскім грамадствам, наступнае: наколькі гэтыя людзі, якія зрабілі выбар на карысць расійскай культуры, расійскай цывілізацыі, важныя для ўкраінскага свету і ўкраінскай культуры, хоць адзінае, што іх звязвае з Украінай – месца нараджэння?
Калі гэтыя людзі важныя, тады чаму шануюць толькі расіян. «Чаму Яраслаў Івашкевіч, вялікі польскі паэт, які нарадзіўся ў Кіеве, які пісаў і памятаў пра сваё месца нараджэння, не займае ў нашай свядомасці такога ж месца, як Міхаіл Булгакаў. Ці вялікі брытанскі пісьменнік Джозаф Конрад, які нарадзіўся ў Бердычаве, ці Станіслаў Лем, які нарадзіўся ў Львове, ці Ёзаф Рот, пісьменнік яўрэйскага паходжання?» – пытаецца Портнікаў.
«Персанальны музей расійскага пісьменніка ва ўкраінскай сталіцы сёння выглядае велічэзным знакам пытання, асабліва на фоне адмоў украінскіх выканаўцаў супрацоўнічаць з расійскімі калегамі, не зважаючы на тую пазіцыю, якую расійскія калегі займаюць у стаўленні да вайны.
Нам спачатку трэба самім адмовіцца ад шызафрэніі – хоць яна не наша праблема, гэта праблема вайны. Яе б ніколі не было, калі б не тая жахлівая вайна, якую распачала Расія… Тыя людзі, якія ў розных краінах свету пасля Другой сусветнай вайны не хацелі слухаць музыку Вагнера ці браць у рукі кнігі, напісаныя нямецкімі пісьменнікамі, ці яны былі ў гэтым вінаватыя, ці былі вінаватыя тыя, хто распачаў тую вайну супраць іх краін, – хто забіваў іх, бамбардаваў і ператвараў іх жыцці ў попел?» – падсумоўвае журналіст.
Чым жа тлумачыць Віталь Порнікаў настойлівае імкненне залучыць Булгакава ва ўкраінскую культурную прастору? Таму што ён быў кумірам савецкай інтэлігенцыі 1970-х — 1980-х гадоў, якая імкнулася «адшукаць на старонках «Белай гвардыі» ці «Майстра і Маргарыты» разбуранае адчуванне ўласнай годнасці і свабоды. І знаходзіла. І таму не літаратура, а памяць пра адчуванне ўласнай годнасці і робіць Булгакава такой важнай постаццю ў вачах тых, хто абараняе яго літаратурную спадчыну».
Нагадаем, што Міхаіл Булгакаў, адзін з нямногіх рускамоўных аўтараў, які па рашэнні Мінадукацыі застаецца ў вучэбнай праграме па замежнай літаратуры ва ўкраінскіх школах.
Дзіўным чынам «Майстар і Маргарыта» Булгакава таксама прысутнічае на «паліцы кніг, якія раскрываюць паняцце справядлівасці» ад Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Ведамства апублікавала збор адпаведных твораў, якія «дазваляюць пагрузіцца ў гэта паняцце», 2 верасня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram