«Ваша пазіцыя падводзіць калектыў»: Беларускі ПЭН апублікаваў даследаванне пра схаваныя формы рэпрэсій у дзяржаўных установах культуры

Даследаванне Беларускага ПЭНа «Задушэнне іншадумства: схаваныя формы рэпрэсій у дзяржаўных установах культуры Рэспублікі Беларусь» ахоплівае перыяд з 2020 года па цяперашні час.

Так, згодна з ім, самымі распаўсюджанымі формамі схаваных рэпрэсій у сферы культуры, у прыватнасці, за перыяд 2021 года зрабіліся:

  • Узмацненне адміністрацыйнага кантролю. Праяўляецца як праз абсталяванне працоўнага месца турнікетамі / валідатарамі / журналамі кантролю за працоўным часам, так і праз закупку сістэм відэаназірання (напрыклад, такія сістэмы закуплялі і БДУКіМ і БНТУ).
  • Маніпуляцыі з нагрузкай і занятасцю. Дапусцім, звальняць з нейкіх прычын не хочацца, а добраахвотна звальняцца працаўнік не жадае – тады можна звярнуцца да пераразмеркавання занятасці (напрыклад, у ВНУ – зменшыць нагрузку са стаўкі да 0,25 стаўкі, у музеі – адмяніць або скараціць колькасць экскурсій і выстаў, што адаб’ецца на статусе і аплаце працы) і г. д.
  • Рэарганізацыя, рэструктурызацыя і іншыя формы. Жыватворнае поле для рэпрэсій. Пад маркай чарговай «аптымізацыі» змяняецца структура ВНУ, інстытута, музея, гэта значыць асабліва нядобранадзейныя кафедры або філіялы аб’ядноўваюцца, далучаюцца, ліквідуюцца.
  • Скарачэнне штатаў. Выклікана як хваляй рэпрэсій, так і «зацягваннем паясоў».
  • Увядзенне кодэксаў працаўнікоў. Самы, бадай, вядомы выпадак – спроба прыняць такі кодэкс у БНТУ.  Ізноў жа, ён задумваўся да жніўня 2021 года, што пацвярджае наш тэзіс пра іманентную, спрадвечную рэпрэсіўнасць рэжыму Беларусі. Ключавы пасыл кодэкса – увядзенне расплывістага азначэння «маральнае аблічча працаўніка», пад якое можна пры жаданні падвесці розныя патрабаванні, і асабліва спробы рэгуляваць паводзіны працаўнікоў у сацыяльных сетках. (Кодэкс так і не быў прыняты з-за бурнай рэакцыі працаўнікоў).
  • Забарона на прафесію, максімальна блізкая да яўных рэпрэсій. Ужо ў лістападзе – снежні 2020 года пачалі цыркуляваць чуткі пра з’яўленне «чорных спісаў» нядобранадзейных.

Самым пацвярджэннем існавання спісаў можна лічыць заяву міністра культуры Анатоля Маркевіча, агучаную 20 студзеня 2022 года, што за жнівень 2020-га – студзень 2022-га са сферы культуры «папрасілі» каля 300 чалавек. Міністр таксама абвясціў прычыну: усе гэтыя людзі займалі, на яго думку, «дэструкцыйную пазіцыю». У кантэксце яго далейшай прамовы відаць, што разумеецца пад «дэструкцыйнай пазіцыяй» – недастатковая лаяльнасць да дзейнага рэжыму.

  • Уцягванне ў рэпрэсіі (або перацягванне «са сведкі – у саўдзельнікі») лагічна вынікае з папярэдняга. Нягледзячы на дэклараванае рэжымам (і яго праціўнікамі) супрацьстаянне «або мы, або яны», большасць чакана паспрабавала заняць пазіцыю «паміж». І дзеянні рэжыму накіраваны зусім не на тое, каб пугай і пернікам загнаць гэтую большасць на свой бок; яго задача – перавесці большасць з пазіцыі сведкі ў пазіцыю саўдзельніка.

Кожны мусіць быць і аб’ектам гвалту (ахвярай), і суб’ектам (гвалтаўніком). Аргументацыя прыкладна наступная: звольніся, пакуль цябе не пасадзілі; ваша пазіцыя падводзіць калектыў; трэба маўчаць, ці нас зачыняць; давядзецца выбіраць: справа, якую мы стваралі столькі гадоў – ці вашы заявы дзеля хайпу ў сацсетках; і гэтак далей. Кіраўнікоў ставяць перад выбарам: звальняць – або быць звольненымі. Нехта ідзе з пасады сам, нехта спрабуе таргавацца і цягнуць час.

  • Зачыстка недзяржаўных формаў культуры і адукацыі. Каб сістэма залежнасці існавала, у дзеячаў культуры і адукацыі не павінна быць выбару.
  • Цэнзура. Яна існавала і раней, але цяпер прымае зусім гратэскавыя формы. Напрыклад, гатовы макет дзіцячай кнігі прымушаюць перарабіць, бо ў спалучэнні белага і аранжавага на вокладцы міністру інфармацыі прымроіліся чырвоныя адценні.
  • Самацэнзура.

Беларускі ПЭН адзначае, што формы схаваных рэпрэсій, напэўна, можна апісаць больш дэталёва, іх праявы звычайна нашмат больш вынаходлівыя і разнастайныя і не вычэрпваюцца названымі вышэй.

Рэжым, так і яго праціўнікі выкарыстоўваюць рыторыку і тэрміналогію, якая адсылае да Другой сусветнай вайны і «халоднай вайны», — падкрэслівае аб’яднанне беларускіх літаратараў.

У выніку, рэпрэсій у сферы культуры і адукацыі дзяржаўнай формы ўласнасці вядуць да такіх наступстваў:

  • дэпрафесіяналізацыі,
  • няроўнага доступу да рэсурсаў і поўнага пазбаўлення такога доступу,
  • крызісу ўзнаўлення кадраў.

«Акрамя агульных і даўніх праблем, характэрных для сферы культуры і адукацыі, даўно фінансаванай паводле рэшткавага прынцыпу, у найбліжэйшыя два-тры гады ўзмоцняцца дзве тэндэнцыі: звальненне кадраў пенсійнага ўзросту і выцісканне маладых адразу пасля адпрацаванага размеркавання. А для многіх галін (напрыклад, звязаных з рэстаўрацыяй або фалькларыстыкай) перадача жывога досведу, асабістых навыкаў і практык – база прафесіі», — падсумоўвае Беларускі ПЭН.

Дыскрымінацыя паводле прыкметы лаяльнасці будзе толькі нарастаць.

Чытаць даследаванне цалкам можна на старонцы аб’яднання.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!