Новы навучальны год для беларускіх дзяцей у свеце – школы анлайн і афлайн

Главное
Дзеці з суботняй Беларускай школкі для маленькіх беларусаў у Варшаве на ўроке-экскурсіі ў Нацыянальным музеі Варшавы. Фота: https://www.facebook.com/belszkolkauwarszawie.

У школах Беларусі завяршыўся прыём вучняў на 2022/2023 год навучання, цяпер ідзе набор на вольныя месцы. Але беларускія школы за мяжой — яшчэ адкрыты для набору.

Што адбываецца з беларускімі дзецьмі па-за межамі краіны, як працягнуць ці распачаць навучанне ў бліжэйшых краінах, куды выехала шмат сем’яў з дзецьмі школьнага ўзросту? Калі бацькі жадаюць, каб дзеці цікавіліся сваёй культурай і ведалі беларускую мову, — варыянтаў сёлета пабольшала.

З’явіліся новыя ініцыятывы, якія дазволяць навучацца дзецям на беларускай (пры жаданні – і рускай) мове. Пры гэтым мэты ставяцца розныя – можна атрымаць атэстат у польскай школе, прайшоўшы мясцовую навучальную праграму, можна падрыхтавацца і здаць экзамены экстэрнам за старэйшыя класы сярэдняй школы ў Беларусі.

Варшава

Мінулы вучэбны год працавала суботняя Беларуская школка для маленькіх беларусаў у Варшаве. Заняткі па суботах для малых працягнуцца ў верасні.

Але галоўная навіна: у 2022/2023 навучальным годзе ў Варшаве адкрываюцца школа і садок «Я дома», адмыслова створаныя для беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу. Навучанне ў школе цалкам паўтарае курс у польскай школе, — яе не будзе неабходнасці наведваць.

Пры гэтым вучні атрымліваюць легітымацыю і афіцыйны польскі сертыфікат аб сканчэнні класаў. Па выніках навучальнага года ўсе вучні здадуць на польскай мове экзамен і атрымаюць афіцыйнае пацверджанне аб сканчэнні класа.

Школа і садок «Я дома» платныя, аднак ёсць варыянты зменшыць сумму.

Сёлета школа набірае дзетак у пачатковыя і базавыя класы (1-8), а таксама ў садок. Для вучняў 9 і 10 класаў (10-11 класы ў беларускай сістэме) школа прапануе дадатковыя заняткі і рэкамендуе апошнія класы скончыць у беларускай школе дыстанцыйна.

Новы навучальны год для беларускіх дзяцей у свеце – школы анлайн і афлайн
Скрын з сайта садка і школы «Я дома».

Выкладанне ў школе будзе адаптавана для беларускіх вучняў. Грунтоўна вывучаюцца тры мовы: беларуская, польская і англійская (руская па жаданні). Частка навучання праходзіць на польскай мове: вучні засвояць і замацуюць інфармацыю і тэрміны на польскай мове па экзаменацыйных прадметах. Такім чынам яны авалодаюць неабходнай лексікай на польскай мове.

У пачатковай школе навучанне будзе праходзіць згодна з сістэмай Мантэсоры. 1-3 класы займаюцца разам – да 15 дзяцей. Адначасова прысутнічае два настаўнікі: беларускамоўны і польскамоўны альбо англамоўны. У школе выкладаюць прафесійныя беларускія настаўнікі, якія засвоілі альтэрнатыўныя методыкі выкладання.

Базавая школа (з 4 класа) базуецца на фінскай сістэме адукацыі, а таксама педагагічнай сістэме Мантэсоры. У класе да 10 вучняў, таму настаўнік зможа даць увагу кожнаму.

Даведацца падрабязнасці і пакінуць заяўку ў школу ці садок вы можаце па спасылцы.

Таксама распачынае працу «Беларуская школа ў Варшаве»дадатковыя анлайн-кансультацыі (3 дні па 2 урокі) да польскай школьнай праграмы: беларуская і руская мова і літаратура, гісторыя і культура Беларусі. Такім чынам дзіця, што навучаецца за мяжой, не адстане ад праграмы беларускай школы і зможа, экстэрнам здаўшы іспыты, атрымаць беларускі атэстат. Школа будзе таксама выдаваць уласныя пасведчанні, ведамасці з адзнакамі. Плануецца, што ў класах будзе па 10—15 чалавек.

Новы навучальны год для беларускіх дзяцей у свеце – школы анлайн і афлайн
Алесь Лозка. Фота: https:.svaboda.org.

Аўтар праекта, старшыня ліквідаванай у 2021 годзе грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай школы» Алесь Лозка паведаміў, што ў Школу запісваюцца і дзеці, якія вучацца ў Беларусі, але хочуць паглыбіць свае веды.

Праект ужо падтрымалі Беларускі моладзевы хаб у Варшаве, Клуб каталіцкай інтэлігенцыі і Музей Вольнай Беларусі. Некаторыя мерапрыемствы Школы будуць адбывацца ў іх памяшканнях. Навучанне будзе цалкам бясплатнае. Таксама будзе праводзіцца набор у асобныя мастацкія гурткі і студыі: харэаграфічныя, спеўныя. Такія заняткі будуць праводзіцца ў Беларускім моладзевым хабе.

Трэцяга верасня адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця Беларускай школы ў Варшаве.

У адукацыйных мэтах ствараецца сайт «Беларуская школа ў Варшаве» (БШВ), дзе можна будзе знаёміцца з адукацыйнымі і асветнымі навінамі, дзейнасцю БШВ, абвесткамі, даведацца пра заданні настаўнікаў, прагледзець ці спампаваць электронны падручнік, дапаможнік для заняткаў.

Анкету для ахвотных трапіць у Беларускую школу ў Варшаве можна знайсці тут.

Кіеў

Таксама ідзе набор у Першую беларускую анлайн-школу ва Украіне, дзе асноўныя прадметы выкладаюць настаўнікі прэстыжнай кіеўскай школы «Мідгард». Тут абавязкова вывучаюцца беларускія мова, літаратура, гісторыя, паглыблена — англійская мова і асновы ІТ.

Першая анлайн-школа ва Украіне працуе з кастрычніка 2020 года. Ідэя яе стварэння ўзнікла ў былой акторкі Рускага тэатру, спявачкі Анастасіі Шпакоўскай, якая ў канцы жніўня 2020 году была вымушаная з дзецьмі з’ехаць з Беларусі.

Новы навучальны год для беларускіх дзяцей у свеце – школы анлайн і афлайн
Скрын з сайта Першай беларускай анлайн школы ва Украіне.

Школа ўжо працуе два гады і выдала 13 атэстатаў дзяржаўнага ўзору Украіны.

Запіс у Першую беларускую анлайн-школу ва Украіне пачаўся 10 жніўня. Колькасць месцаў абмежавана.

Падрабязней тут.

З сёлетняга верасня гэтаксама распачнуцца заняткі не толькі ў асноўнай школе, але і па суботах будуць дадатковыя ўрокі па школьнай праграме (беларуская мова і літаратура, гісторыя Беларусі, культура і мастацтва Беларусі, урокі Дабрыні з Маляванычам (з акцёрам Аляксандрам Ждановічам), руская мова і літаратура.

Папярэдні запіс на дадатковыя заняткі па суботах распачаўся з 20 жніўня.

Вільня

У 1994 годзе ў Вільні была адкрыта адзіная ў Літве агульнаадукацыйная школа з беларускай мовай навучання. У 2013 годзе рашэннем гарадскога савета Вільні яна была ператворана ў Віленскую гімназію імя Францыска Скарыны.

Новы навучальны год для беларускіх дзяцей у свеце – школы анлайн і афлайн
Скрын з сайта Віленскай гімназіі імя Францыска Скарыны.

Як пазначана на сайце гімназіі, асноўная мова навучання ў школе – беларуская, аднак некаторыя прадметы выкладаюцца на літоўскай. У гімназіі навучанне вядзецца з 1 па 12 клас. З 2014 года тут была адкрыта група дашкольнай адукацыі.

У дашкольную (падрыхтоўчую) групу і ў 1-12 класы гімназіі прымаюцца вучні, якія жывуць на тэрыторыі Вільнюскага самакіравання (не па тэрытарыяльным прынцыпе). Заявы рэгіструюцца з 1 па 31 сакавіка ў цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэме. Час прыёму заяў можа быць працягнуты ў выпадку, калі застануцца свабодныя месцы.

Заснавальнікам гімназіі З’яўляецца Віленскае самакіраванне. Дазнацца больш — тут.

Прыватная школа STEMBRIDGE таксама адкрывае набор у Вільні на 2022/2023 навучальны год у 1-8 класы. Асноўная мова навучання — руская. Навучанне — платнае.

Падрабязней пра школу STEMBRIDGE можна даведацца на сайце.

Дарэчы, для тых, хто вырашыў запісаць сваё дзіця менавіта ў польскую школу ці садок Цэнтр беларускай салідарнасці выклаў у сеціве зборнік парад «Беларусские ученики в польской школе». Азнаёміцца з ім можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: