На фэйсбук-старонцы выдавецтва «Янушкевіч» з’явіўся шматабяцальны допіс Андрэя Янушкевіча.
У ім выдавец выклаў спіс кніг, якія павінны былі выйсці гэтым летам, але так і не выйшлі з-за вядомых травеньскіх падзей.
— Ці збяднеў беларускі кніжны рынак ад гэтага? – задае рытарычнае пытанне Андрэй Янушкевіч. – Пакінем гэтае пытанне без адказу. Затое нічога шкоднага не выйшла, і дзяржава можа спаць спакойна.
Выдавец Андрэй Янушкевіч запэўнівае, што гэтыя кнігі ўсё ж з’явяцца на свет, аднак тэрміны не раскрывае. Вядома, што разглядаюцца магчымасці выдання як папяровых кніг, так і ў электронным фармаце.
Гэты допіс сустрэў актыўную рэакцыю чытачоў, таму што папярэдні запіс зроблены 16 мая і тычыцца акцыі ў гонар адкрыцця кнігарні выдавецтва – «Кнігаўка».
Нагадаем, што ў гэты дзень – 16 мая – у кнігарню прыйшлі прапагандысты Азаронак і Гладкая, а пасля абеду ў памяшканні адбыўся ператрус. Выдавец і супрацоўніца Наста Карнацкая атрымалі суткі.
Перад гэтым, у студзені 2021 года, Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі забраў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва, а ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленне пра магчымасць зноў карыстацца банкаўскім рахункам.
22 сакавіка выдавецтва «Янушкевіч» папрасілі вызваліць офіс на Мар’еўскай, 7А у Мінску. У сувязі з гэтым быў абвешчаны рапродаж кніг, дзеля якога сабралася вялізная чарга пакупнікоў.
Пасля блакіроўкі рахунка, закрыцця кнігарні і арышту Андрэй Янушкевіч распачынае працу за межамі Беларусі.
«Рукапісы не гараць», – піша ён у каментарах.