Паказ адбудзецца 24 верасня ў Сіэтле і 1 кастрычніка ў Лос-Анджэлесе – для дапамогі некамерцыйнай арганізацыі youaretheangel.org, якая дастаўляе ежу, ваду і лекі прыфрантавым зонам і ўкраінскім уцекачам.
Аўтэнтычныя ўкраінскія касцюмы векавой даўніны з Чарнігаўскай, Кіеўскай, Палтаўскай, Чаркаскай і Ровенскай абласцей з’яўляюцца часткай калекцыі этнічных касцюмаў Беларускага фальклорнага калектыву VOLYA.
Калектыў быў створаны этнографкай, спявачкай і рэжысёркай Вольгай Дземкай у 2009 годзе ў Сіэтле, штат Вашынгтон (ЗША). Рэпертуар гурта складаецца з традыцыйных песень з розных рэгіёнаў Беларусі, калектыў займаецца зборам, захаваннем, даследаваннем і папулярызацыяй народнай культуры Беларусі і Украіны.
Нагадаем, што нядаўна Вольга Дземка выдала двухмоўны альбом «Традыцыйныя строі Беларусі», у якім можа пабачыць беларускае святочнае адзенне канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя па рэгіёнах.
У цэлым жа калекцыя VOLYA з’яўляецца адным з найбуйнейшых прыватных збораў аўтэнтычнага беларускага народнага касцюма за межамі Беларусі. Яна налічвае 234 асобнікі, якія прадстаўляюць усе рэгіёны краіны і ахопліваюць перыяд з канца ХІХ стагоддзя да 1940-х гадоў. Украінская калекцыя налічвае 17 касцюмаў і 106 прадметаў — яна створана пасля ваеннай агрэсіі на Украіне.
Зараз Вольга звярнулася ў сваіх сацсетках да мадэляў, якія б пагадзіліся прадэманстраваць шыкоўнае ўбранне.
— Нам трэба будзе самастойна падрыхтаваць частку шоу ў Сіэтле (касцюмы занадта складаныя, каб мяняць іх паміж прагулкамі), — напісала яна. — Таму зараз мы шукаем цудоўных мадэляў (5’8″-5’11»), якія захочуць яскрава паказаць нашы аўтэнтычныя ўкраінскія строі ХIХ стагоддзя і дапамагчы нам аказаць падтрымку людзям, якія жывуць у нястачы.
Metropolitan Fashion Week — адзін з самых хуткарослых тыдняў моды ў Злучаных Штатах з паказамі ў Сіэтле, Лос-Анджэлесе, Лас-Вегасе, Палм-Спрынгс і неўзабаве ў Нью-Ёрку і Маямі. MFW зрабіў глабальны ўплыў на сцэну моды, прадстаўляючы мерапрыемствы, якія праводзяцца ў драматычных, нетрадыцыйных месцах, дзе дэманструюцца не толькі дызайнерскія строі, але і самыя прыгожыя месцы, якія можа прапанаваць кожны горад.
Сёлета Metropolitan Fashion Week святкуе дзесяць гадоў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram