Заўтра ў Мінску распачынаецца «Кинемо» — Х фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі

На некаторыя паказы ўжо не дастаць білетаў.

Яшчэ на пачатку лета праект Сinemascope, які на працягу ўжо дзесяці гадоў з’яўляецца арганізатарам папулярнага фэсту, асцярожна анансаваў будучы фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі. У сённяшніх варунках, у Беларусі, прагназаваць культурныя падзеі становіцца ўсе складаней.

Аднак прыйшоў жнівень — і вядомыя кінападзвіжнікі і менеджары культурнай падзеі Вольга Надольская і Гера Глік — аб’явілі аб пачатку продажу білетаў на «Кинемо-2022».

Ужо на сёння вядома, што на паказ «Шэрлака малодшага» Бастэра Кітана, які заўтра распачынае юбілейны фестываль, і «Носферату. Сімфонію жахаў» Фрыдрыха Вільгельма Мурнау, які будзе дэманстравацца паслязаўтра — 4 жніўня  — у Майстэрні-музеі Заіра Азгура, усе білеты распрададзены. Гэта значыць, што глядач мае патрэбу і любіць фестываль, які на працягу столькіх гадоў фарміраваў  і выхоўваў сваю публіку.

Кадр з фільма «Шэрлак малодшы» Бастэра Кітана. Фота: facebook.com/kinemo.by.

Нягледзячы на аншлагі першых дзвюх стужак, наперадзе кінаманаў і меламанаў чакаюць: «Возніца» Віктара Шострэма — 11 жніўня, «Малодшы брат» Тэда Вільдэ і Гаральда Лойда — 18 жніўня. Стужкі не менш легендарныя і знакавыя, чым працы Кітана і Мурнау.

Музычнае суправаджэнне да «Возніцы» будзе ствараць «Кінемо квартэт» — фартэпіяна, скрыпка, саксафон, флейта (імёны музыкаў будуць агучаны пазней). За атмасферу да «Малодшага брата» адказвае класічны тапёр (фартепіяна). Паказ «Шэрлака малодшага» пройдзе ў суправаджэнні музычнага трыа, а на «Носферату» нават загучыць міні-арган.

Нагадаем, што ўсе паказы ладзяцца на адкрытым паветры — у скульптурным дворыку Майстэрні-музея Заіра Азгура.

«КИНЕМО» — адзіны ў Беларусі штогадовы фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі, асноўнай задачай якога з’яўляецца папулярызацыя і пераасэнсаванне класікі нямога кіно сродкамі сучаснай музыкі. Музычнае суправаджэння да фільмаў праграмы прадстаўляюць ужывую ў межах тэатральных перформансаў, якія аб’ядноўваюць у сабе кінапаказ і музычны канцэрт.

Дазнацца больш пра праграму юбілейнага — Х фестывалю «Кинемо» — можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!