Спасылкай на новую кампазіцыю і кліп «Квіти мінних зон» украінскі гурт учора падзяліўся ў сваіх сацсетках. «Гэта наша сучаснасць, наша жыццё і наша вера», — напісалі музыкі.
«Песня, якая была напісаная некалькі гадоў таму і павінна была ўвайсці ў новы альбом OE ў красавіку 2022 года, але…, — распавёў гісторыю яе стварэння калектыў. — Відэа, якое было знятае пару тыдняў таму, у прыватнасці, уключае дакументальныя кадры з Данбасу. А ўсё гэта разам — важны праект дапамогі па зборы сродкаў на новыя, якасныя аўто для ЗСУ #дарогаперамогі».
Ідэя відэароліка — рэжысёра Алега Томіна. У кадры адначасова адбываюцца падзеі ў двух вымярэннях – жыццё ў тыле і баявыя дзеянні на франтах вайны Украіны.
«І самае галоўнае, сёння — гэта не два паралельныя сусветы, а наша супольная, адна на ўсіх рэальнасць. Калі на адлегласці адной рукі — вайна, на адлегласці другой — тыл, — дадае каманда. — Трывога, боль, бяссонныя ночы ў чаканні кароткага паведамлення «у нас усё добра», «у мяне ўсё добра», «жывы» ці проста «+». І тут жа — лютасць да ворага, якая ператвараецца ў рашучасць, мужнасць і непахісную веру ў вызваленне кожнага метра сваёй краіны».
«Океан Ельзи» заахвочвае далучыцца да праекта #Дарогі Перамогі, які яны запускаюць разам з фондам «Повернись живим» і мабільным аператарам @TAG.
Сродкі ад манетызацыі кліпа, песні на музычных пляцоўках, таксама будуць дададзены ў збор.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram