Нам «засталася спадчына»? — (анты)топ аб’ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз

Главное
Белы Коваль. Фота: Сяргей Доўгушаў.

Reform.by з нагоды Года гістарычнай памяці вырашыў узгадаць пра гісторыка-культурны здабытак, які маем шанцы згубіць ужо ў бліжэйшы час.

Сфера гісторыка-культурнай і архітэктурнай спадчыны, нягледзячы на гучныя навіны пра рэстаўрацыю асобных аб’ектаў і папулярызацыю пэўных абрадаў, культурных элементаў па-ранейшаму застаецца ў крызісным стане. Гучныя дзяржаўныя праграмы, скажам, «Замкі Беларусі», скарачаюцца ў фінансаванні, а потым і ўвогуле замаруджваюцца. Сталіся звыклай практыкай такія нядаўнія «інцыдэнты», як абрушэнне сцяны касцёла Узнясення Дзевы Марыі ў Зэмбіне, «рамонт» брукаванкі пад Стоўбцамі, затынкоўка мазаікі на мінскай гімназіі №15 па вуліцы Багдановіча… Хтосьці скажа: дык гэтыя аб’екты не ўнесены ў спіс гісторыка-архітэктурных каштоўнасцей (ці частка іх). Але справа ў агульным падыходзе да сферы, калі каштоўнасць пэўнага перыяду гісторыі, аб’екта, з’явы надаецца дзяржавай зыходзячы з бягучых ідэалагічных задач, а не праз ацэнку спецыялістаў і грамады. І пацверджанне гэтай парадыгмы, на жаль, мы знаходзім у новых папраўках да Кодэксу аб культуры — Законе, які быў учора падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам.

Такое, мякка скажам, праблематычнае становішча галіны падштурхнула Reform.by скласці (анты) топ аб’ектаў, якія знікаюць у нашай прасторы проста зараз. Наша медыя звярнулася да розных экспертаў — гісторыкаў, архітэктараў-рэстаўратараў, менеджараў, даследчыкаў, блогераў з просьбай назваць тры аб’екты, стан якіх пагаршаецца з кожным днём (ці ўвогуле яны ўжо страчаны). Каб не быць толькі крытыкамі, таксама мы папрасілі ўзгадаць станоўчы прыклад выратавання помнікаў даўніны. Фармат апынтанкі не быў жорсткім, — некаторыя эксперты проста выказвалі сваё бачанне сферы і яе галоўныя праблемы.

Некаторыя спікеры апытання пажадалі застацца ананімнымі. З некаторымі нам не ўдалося звязацца, хтосьці —  адмовіў. Тым не менш агучаныя меркаванні дазваляюць убачыць не толькі разнастайнасць нашай спадчыны, пра будучыню якой варта задумацца, але і тое, што гэтай сферай, нягледзячы на ўсе цяжкасці, па-ранейшаму жывуць і апякуюцца адмыслоўцы, намагаючыся працягнуць да яе ўвагу грамадскасці.

І што гэта часам, як не сапраўдны цуд?

«Нічым не апраўданае варварскае дзеянне»

Цімафей Акудовіч, гісторык, сябра ICOMOS-Беларусь

Аб’екты, якія разбураюцца

1. На першым месцы тут, відавочна, разбурэнне могілак польскіх жаўнераў стогадовай даўніны. Гэта нічым не апраўданае варварскае дзеянне.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі ўсклаў кветкі да знішчаных пахаванняў польскіх салдат у Мікулішках. Фото: @PLinBelarus.

2. Вельмі крыўдна за старадаўні храм у Першамайску (Уздзенскі раён). Кальвінскі збор ХVI стагоддзя, месца спачыну роду Завішаў, месца звязанае з вельмі важнымі для нас «беларускімі» РадзівіламіМарыяй Магдаленай і Вацлавам Мікалаем.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Фота: Аляксей Ластоўскі.

Храм накрыты дахам, але ўсё адно знаходзіцца ў занядбаным стане.

3. І наастачу, руіны замка Сангушкаў у Смалянах. Самая ўсходняя каменная фартэцыя Беларусі знаходзіцца ў катастрафічным стане. Падаецца, гэта апошні замак у Беларусі, да якога яшчэ не дайшлі рэстаўратары, а менавіта ён можа паваліцца ў любы момант.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Белы Ковель. Фота Паўла Каранеўскага, 2022 год.

Пазітыўныя прыклад

Дарэчы, ёсць з чаго выбіраць. У Беларусі цягам апошніх 10 год шмат чаго было адрэстаўравана і выратавана. Як дзяржавай, так і прыватнымі асобамі. Але па ўзроўню «літаратурнасці сюжэта», я б на першае месца паставіў кансервацыю сядзібы Горватаў у Нароўлі.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Сядзіба Горватаў у Нароўлі. Фота: фэйсбук Андрэя Горвата.

І таму што прыватная асоба робіць з дапамогай валанцёраў, і таму што гэта вядомая асоба, і таму што гэта Горват.

«Стаяць дзесяць гадоў нікому не патрэбныя, разбураюцца»

Тэлеграм-канал «Спадчына»

— Цяжка такі рэйтынг скласці, бо звычайна мы атрымліваем інфармацыю ўжо пасля знішчэння каштоўнасці. Увогуле хацелася б звярнуць увагу, што ў Беларусі планамерна вынішчаюцца цэлыя катэгорыі архітэктурнай спадчыны: драўляная прыватная забудова, местачковая мураваная забудова, гістарычная прамысловая архітэктура і савецкі мадэрнізм — абсалютнае і безумоўнае неразуменне каштоўнасці гэтага пласта культуры на ўсіх узроўнях, ад простых жыхароў да тых спецыялістаў, што сядзяць у саветах па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Мы нават не ведаем, што і дзе знікае, бо няма ніякіх рэестраў гэтых аб’ектаў, і няма сучасных фотаздымкаў. Усе заўважаюць залатую цыбуліну на царкве, але ніхто не заўважае вентфасад на яўрэйскай краме ў якім-небудзь Крычаве.

Аб’екты, якія разбураюцца

1. Комплекс Краснасельскага цэментнага завода.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Краснасельскі цэментны завод. Фота: фэйсбук групы «Беларуская архітэктура»

Унікальны прамысловы аб’ект 1914 года ў стылі паўночнага мадэрну, які будаваўся пад патрэбы фронту Першай сусветнай вайны, а пазней з яго ж прадукцыі аднаўлялі пасля Вялікай Айчыннай вайны разбураную рэспубліку. Сапраўдная знаходка, бо апошнія гадоў семьдзесят яго не было бачна за пазнейшымі прыбудовамі, а раскрыўся ён толькі калі завод пераехаў і былую тэрыторыю пачалі зачышчаць. Гэтая ж зачыстка пагражае і гістарычным будынкам. Галоўны 130-метровы цэх —  сапраўны індустрыяльны сабор з магутнымі контрфорсамі. На вялікі жаль, нягледзячы на ўсе нашы спробы ўнесці аб’ект у Дзяржаўны спіс, каб захаваць ад зносу, прапанова не знаходзіць падтрымкі ні на мясцовым, ні на абласным узроўнях, ні на ўзроўні Міністэрства культуры. Спадзявацца можна толькі на тое, што ўласнік пашкадуе комплекс і можа калі-небудзь там узнікне першы індустрыяльны парк у Беларусі. Пакуль я гэта пішу, магчыма, яго ўжо не існуе.

2. Кармеліцкі касцёл у Мсціславе.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Інтэр’ер касцёла — выгляд з хораў. Фота: Вікіпедыя.

У прынцыпе сам горад заслугоўвае асобнай пазіцыі, бо тое, што там адбываецца з афіцыйнымі помнікамі апошнія гады — гэта проста пекла. Усе памятаюць гісторыю з разбурэннем езуіцкага касцёла, а нядаўна знеслі сінагогу, бо, бачыце, яны там у кабінетах не ўбачылі ў ёй каштоўнасці. І гэта далёка не ўсе кейсы. Але спыніцца хачу на кармеліцкім касцёле, які з першага выгляду стаіць сабе з дахам, пабелены, усё ок. Але касцёл важны ў першую чаргу тым, што гэта адзін з 2-3 помнікаў, дзе захаваліся барочныя роспісы магілёўскай школы. Менавіта там на сценах зкамітыя размалёўкі «Узяцце Мсціслава маскалямі ў 1654 г.» і «Забойства ксяндзоў» — лёгка знайсці іх чорна-белыя фотаздымкі ў інтэрнэце. Але ў дадзены момант інтэр’еры застаўлены рыштаваннямі, ніякія работы не вядуцца, унікальны для ўсходу Беларусі помнік ціха разбураецца знутры. І маленькая каталіцкая абшчына не здольная пацягнуць такі аб’ём работ, а зверху ніхто, відаць, не зацікаўлены.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
«Трубяцкая разня. Забойства ксяндзоў». Роспісы ў храме. Фота: Вікіпедыя

3. Быхаўскі замак і сінагога.

Яшчэ адзін аб’ект з усходу Беларусі, таму што ў нас шмат увагі надаецца праблемам багатых на архітэктурную спадчыну раёнаў Заходняй Беларусі, у той час калі на іншым канцы краіны з таго нешматлікага, што перажыло стагоддзі ліхалеццяў, у руінах ляжыць больш за палову аб’ектаў. У Пустынках ці ў Юравічах на Гомельшчыне аднаўляюцца манастыры, але давайце будзем шчырымі, з пункту гледжання шараговага турыста гэта не самыя прыцягальныя аб’екты. Ну, не цікава мужыку з завода ці школьніку глядзець на пустыя пабеленыя інтэр’еры і залатыя іконы на сценах. Магілёўцу да Нясвіжскага замка 300 км ехаць, гэта вельмі шмат, ды нават смаленскі крэмль бліжэй — усяго 200 км! Але ж пад бокам цэлы горад-крэпасць Быхаў з захаваным замкам і сінагогай абарончага тыпу.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Быхаўскі замак. Фота: Артур Джынджэр

Да Дня беларускага пісьменства ў 2013 годзе пачыналіся работы, нават дзве вежачкі замка накрылі дахам і патынкавалі, але як свята скончылася — карэта ператварылася ў гарбуз. Нават спадар Марзалюк нічога не змог зрабіць, каб зрушыць справу з месца. Стаяць дзесяць гадоў нікому не патрэбныя, разбураюцца. І хто ведае, калі мы прачытаем навіну пра тое, што палова замка абрынулася ў Дняпро?

Пазітыўны прыклад

Насамрэч рэканструкцыя і рэстаўрацыя не спыняецца нават у цяперашнія складаныя часы. Магчыма па інерцыі, але аднаўленне пакуль ідзе. Гэта і Нясвіжскі касцёл, і палацы ў Косаве, Свяцку, Жылічах. Прыватныя кампаніі таксама, калі пашчасціць з навуковым кіраўніком і заказчыкам, робяць досыць прыстойныя рэчы, узяць тую ж рэстаўрацыю «дома з лілеямі» ў Гродне. Але звычайна падыход чыста меркантыльны — выціснуць з помніка ўсё і пляваць на заканадаўства.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
«Дом з лілеямі» ў Гродна. Фота: Hrodna.Life

А вось у тое, што прыватныя асобы могуць аднавіць якую-небудзь разбураную сядзібу, я не веру. Летуценнікі купляюць сядзібы за капейкі на аўкцыёнах, ствараюць фонды для ахвяраванняў на аднаўленне, ладзяць летнікі, а пасля толькі разумеюць, што спадзявацца могуць толькі на сябе. Праз два гады ў іх канфіскоўваюць помнік, бо за гэты час яны так нічога не змаглі з ім зрабіць…
Выратаванне ж і іншае бывае. Вось своечасова спахапіліся і выратавалі ад зносу будынак казначэйства ў Дзісне і сядзібу ў Галошаве, апошняй нават надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Тут і мы малайцы, і Мінкультуры дзякуй. Але гэта выратаванне ўмоўнае, бо будынкі пустуюць і дзень за днём разбураюцца самі па сабе.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Сядзіба ў Галошаве. Фота: Vtb Bchb, 2021 год.

«Цэлыя культурныя ландшафты застаюцца без усялякай увагі»

Сцяпан Стурэйка, гісторык, культурны антраполаг, колішні старшыня «Беларускага камітэта ІКАМОС», выкладчык ЕГУ

— Досыць цяжка называць тры канкрэтныя аб’екты, якія мы губляем, і таму што гэтых аб’ектаў надзвычай шмат, і таксама таму, што страта — натуральная частка ўсяго працэсу апекавання нацыянальнай культурнай спадчынай. Таму я б казаў пра цэлыя катэгорыі спадчыны. Напрыклад, пра будынкі былых сінагог, каля пяцідзесяці з якіх стаяць у занядбаным стане, нікому не патрэбныя, бо ў адсутнасці яўрэйскіх суполак гэта «спадчына без нашчадкаў».

Таксама не лішне будзе ўзгадаць былыя панскія сядзібы, якія разбураюцца дзясяткамі. Для іх захавання, хаця б кансервацыі, патрэбная цэлая дзяржпраграма кшталту «Замкаў Беларусі», якая прадугледжвала б цэлы комплекс кіраўнічых рашэнняў, а далёка не толькі фінансаванне, з якім, як гэта не дзіўна, усё не так ужо і складана.

Цэлыя культурныя ландшафты застаюцца без усялякай увагі нават з боку прафесіяналаў (у беларускім заканадаўстве зусім адсутнічае такі тэрмін, хоць ён агульнапрыняты ў свеце).

Але я б хутчэй казаў пра пазітыўны вопыт, пра рэалізаваныя рэстаўрацыі і рэканструкцыі, каб думаць пра памнажэнне гэтага досведу. Напрыклад, аднаўленне Гальшанскага замка або старых будынкаў на вул. Замкавая ў Гродна, або адкрыццё Музея гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні. Ну, сапраўды, ж ёсць прыклады.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Музей гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні. Фота: фэйсбук установы

Нездарма мы ў Беларускім камітэце ІКАМОС ужо двойчы ладзілі конкурс «Спадчына ў дзеянні» (2019 і 2021 гг). Для мяне асабіста яшчэ больш каштоўныя прыклады, калі мясцовыя супольнасці, або нацыянальныя, нават згуртаванні энтузіястаў бяруцца апекавацца над канкрэтнымі аб’ектамі спадчыны: гэта тыя ж шляхецкія сядзібы (пакуль адзінкі!), гэта надзвычай цікавыя ініцыятывы па пераасэнсаванні нашай нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Прыклады ёсць! І іх трэба папулярызаваць, а таксама суправаджаць рэфлексіяй, разважаць пра змены ў заканадаўстве і наогул у падыходах да кіраўніцтва спадчынай, каб такіх станоўчых кейсаў было больш. І так пераможам!

«На месцах манументальны жывапіс выратоўваюць літаральна адзінкі»

Кацярына Рускевіч, даследчыца спадчыны манументальнага мастацтва

Спадарыня Кацярына адзначыла, што нягледзячы на тое, што аб’екты манументальнага жывапісу ўнесены ў рэестр помнікаў культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, на жаль, большасць начальнікаў устаноў і адміністрацый горада ставяцца да іх вельмі паблажліва. «Часта ўспрымаюць як частку пабудовы, архітэктурнага збудавання ці новы падвід фарбы, тынкоўкі, — абмалёўвае адмыслоўца прабему, — у вынку творы, зробленыя з вялікім імпэтам і майстэрствам, могуць лёгка быць зафарбаваны, сапсаваны ці нават разбураны».

«Паміж тым гэта работы, якія зроблены выбітнымі мастакамі, — тлумачыць вартасць манументальнага жывапісу Кацярына Рускевіч. — Гэта творы, зроблены з фантазіяй, выдумкай. І часта менавіта ў манументальным жывапісе аўтары савецкага выяўленчага мастацтва адыходзілі ад сацыялістычнага канону, дазваляючы сабе і абстрактную рэч, і пэўныя мастацкія вольнасці».

«Увогуле манументальны жывапіс варта ўспрымаць як сінтэз жывапісу і архітэктуры, — падкрэслівае даследчыца, — як новую вобразную цэласнасць, якая нараджалася разам з новымі беларускімі гарадамі ў 1960-я — 1980-я гады. Новыя гарады праектавалі маладыя архітэктары, быў уздым эканомікі, гарады напаўняліся новым жыццём і асяродкам. Калі заўважаць шматпластавасць, шматфактурнасць культурнай спадчыны, то ўсё пачынае працаваць. І тады нават у галаву не прыйдзе затынкаваць нейкі элемент — мазаіку ці сграфіта, які з’яўляецца часткай архітэктурнага ансамбля», — кажа яна.

Аб’екты, якія разбураюцца

1. Мазаіка на гімназіі №15 па вуліцы Максіма Багдановіча.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Мазаіка на гімназіі №15 па вуліцы Максіма Багдановіча, якая была затынкавана месяц таму. Фота: Кацярына Рускевіч.

Камітэт дзяржкантролю ў ходзе праверкі вырашыў, што «износ мозаичной композиции составляет 40%». Гэта сталася прычынай таго, каб мазаіку не захоўваць. Такі адказ мы атрымалі ад Упраўлення па адукацыі Савецкага раёна, якому падначалена гімназія. Мяне, шчыра кажучы, адразу зацікавіла: а хто ўваходзіў у склад экспертнай камісіі, якая прымала рашэнне? Якія адмыслоўцы?

Гэтаксама падаўся дзіўным каментар ад упраўлення культуры Мінгарвыканкама. Сыходзячы з інфармацыі на сайце, мае дачыненне да працы Мінскай гарадской мастацка-экспертнай рады па адпаведным кірунку намесніца аддзела Людміла Альхавікова. Па яе словах, мазаіка на гімназіі №15 “не падыходзіць” пад Пастанову Савета Міністраў №1374 «Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальна і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва». Заключэнне рады патрэбна, калі твор «толькі хочуць нанесці на аб’ект».

А вось калі яго здымаюць, калі яно не мае аніякай каштоўнасці, то гэта справа ўласніка і рэгламентуецца толькі праектам рамонту, — патлумачыла намесніца аддзела. — Раз прыбіраюць, значыць, заказчык, напрыклад, упраўленне адукацыі, не палічыў гэту працу чымсьці каштоўным.

Дакладнага адказу на пытанне, хто ж мае права вызначаць прафесійна, ці каштоўная мазаіка альбо не, мы пакуль не атрымалі. Ясна толькі, што загадзя пра лёс працы ніхто не паклапаціўся, наконт яе ва ўпраўленне культуры не звярталіся.

Тут жа яшчэ хачу ўзгадаць і школу №28 па вуліцы Багадановіча, дзе ў 2020 годзе падчас рамонту разбурылі мазаіку «Спартсмены» на бакавым фасадзе. Матыў дэмантажу быў той жа самы: маўляў, мазаіка пацярпела. А твор быў вельмі класны — лаканічны плакатны фармат 1960-х.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Мазаіка «Спартсмены». Фота: Кацярына Рускевіч.

2. Проста зараз выпадаюць са свінцовых паек вітражы ў Пушкінскай абласной бібліятэцы ў Мінску.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Вітражы ў Пушкінскай бібліятэцы. Аўтар — Фёдар Драгун. Фота: Кацярына Рускевіч.

Такая ж гісторыя ў Брэсцкай абласной бібліятэцы. У Брэсце вітражы павінны былі прыбраць і паставіць звычайнае шкло, але яны перадумалі, і я вельмі спадзяюся, што вітражы да гэтай пары на месцы.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Вітражы ў Брэсцкай абласной бібліятэцы. Аўтар — Марат Клімаў. Фота: Кацярына Рускевіч.

У цэлым, у Беларусі захавался неверагодныя вітражы, вартыя асобнай увагі.

Тая ж прасторава-светлавая вітражная кампазіцыя Нэлі Шчаснай у адміністратыўным корпусе «Гарызонт», якая, дарэчы, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Да мяне дайшлі звесткі, што частка кампазіцыі пацярпела, магчыма яшчэ да рамонту, які зараз ідзе ў «Гарызонце». Хацелася б звярнуць увагу, каб ставіліся да такіх рэчаў акуратна.

3. Мазаікі на пад’ездах у жылых дамах у Наваполацку.

«Унікальная кампазіцыя, выдатныя матэрыялы, з якіх зроблена пано, але мазаіка разбураецца літаральна на вачах. Улічваючы, як хутка ў нас усё вырашаецца, баюся, каб іх не затынкавалі. Не разбурылі, закрылі, і зрабілі як у нас любяць — шэранька і прыгожа».

Насамрэч, адзначае Кацярына Рускевіч, знікае вялікая колькасць твораў манументальнага жывапісу. І вельмі складана адсачыць, што засталося, бо звычайная гэтыя аб’екты не так прыцягваюць увагу грамадскасці, як будынкі сядзіб ці замкавыя комплексы. «Толькі нядаўна мазаіка была, але праз некалькі месяцаў даведваешся, што твор прыбралі, — канстатуе адмыслоўца. — Чула пра мазаіку на Доме піянераў у Талочыне — там была ўвасоблена «рабочая» тэма. Прыбралі. Кіраўніцтва патлумачыла, што гэта не па тэме іх установы».

Пазітыўны прыклад

Захаванасць твораў манументальнага жывапісу ў большасці выпадкаў залежыць ад чалавечага «фактару». «Калі ёсць чалавек, які разумее каштоўнасць твору, яго ўнікальнасць, ён знойдзе магчымасць яго захаваць», — кажа наша сураўмоўца.

Сярод станоўчых прыкладаў спадарыня Кацярына называе мазаіку Людмілы Нартавай «Падводны мір» у басейне «Бурштын» у Мінску. Яна датуецца 1970-мі гадамі.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Мазаіка «Падводны мір». Аўтар — Людміла Нартава. Фота: Кацярына Рускевіч.

«Дзякуючы стаўленню дырэктара басейна, мазаіка зараз у добрым стане, — дадае экспертка. — Дзякуй яму за паразуменне і працу».

Гэтаксама наша візаві ўзгадвае добры прыклад захавання манументальнай спадчыны ў Рубе. Там была адрэстаўравана энкаустыка «Юнацтва» Валерыя Даўгялы і Анатоля Яськіна ў мясцовым Доме культуры.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Энкаустыка «Юнацтва» Валерыя Даўгялы і Анатоля Яськіна ў Доме культуры ў Рубе. Фота: Кацярына Рускевіч.

«Вельмі перажываю за «Музу» Барыса Мілюкова ў Баранавічах, — дадае адмыслоўца. — Дырэктар культуры тэкстыльнага камбіната абяцаў захаваць гэту неверагодную працу маскоўскага мастака-манументаліста. Стан мазаікі там складаны, але спадзяюся, што яе паспелі закансерваваць».

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
«Муза» Барыса Мілюкова ў Баранавічах. Фота: Кацярына Рускевіч.

«З аднаго боку, нельга сказаць, што манументальны жывапіс зусім ігнаруецца дзяржавай, — рэзюмуе даследчыца. — Але калі ёсць магчымасць, на гэты пласт культуры лёгка «машуць рукой». На месцах яго выратоўваюць літаральна адзінкі.

Чаму адрэстаўравалі мазаікі Аляксандра Кішчэнкі на высотках на Усходзе ў Мінску? — перапытвае яна. — Тут можа быць некалькі прычын. Сапраўды, улады ўбачылі ў ягоных творах каштоўнасць і мастацкую спадчыну. Але нельга выключаць і такога моманту… На вядомым «Гобелене века», які стварыў мастак, выяўлены Аляксандр Лукашэнка. Вось вам і невідавочная сувязь».

«Стварэнне прэферэнцый для інвеставання ў аб’екты спадчыны»

Эксперт, які пажадаў застацца ананімным

— Паколькі праблемных помнікаў спадчыны ў нас вельмі шмат, складана будзе скласці нейкі іх топ. Прыкладам, як параўнаць закінуты храм у глухой вёсцы, які паціху развальваецца, нават не маючы ахоўнага статусу, і культавы замак у Наваградку, кансервацыя якога не можа завяршыцца ўжо другое дзесяцігоддзе праз адсутнасць фінансаў?

Таму вырашыў акрэсліць тры сістэмныя праблемы, якія, у сваю чаргу, і спараджаюць большасць канкрэтных:

1. Хранічнае недафінансаванне тых аб’ектаў, рэстаўрацыйныя працы на якіх ужо пачаліся.

Як правіла, гэта менавіта помнікі з «топчыку», якія фінансуюцца (або, дакладней, не) з рэспубліканскай і абласных інвестпраграмаў: Гальшаны, Косава, Юравічы, Пустынкі… Усяго іх добра калі дзясятак, спіс быў сфармаваны яшчэ гадоў 15 таму, і за гэты час прагрэс дзе невялікі, а дзе і ніякага.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Палац у Косава. Фота: Слава Фалкoўскі, 2020 год.

Пра раўнамернасць паступлення грошай, якая вельмі важная для планавання рэстаўрацыйных работ, нават казаць не выпадае. Колькі ўжо разоў здаралася, што нейкія капейкі на іх правядзенне выдаткоўваліся ўжо напрыканцы года – яўна па астаткавым прынцыпе. Засвойваліся яны хутка, што і спараджала чарговыя скандалы (прыкладам, не было археалагічнага нагляду).

Ясна, што мне тут запярэчаць: маўляў, часы цяпер цяжкія, не да рэстаўрацыі. Але мушу запэўніць: у маштабе бюджэта краіны тыя сродкі – усяго толькі сотыя долі працэнта. Тым болей, надта шмат грошай і не патрэбна: тут хутчэй важнейшая рэгулярнасць і гарантаванасць. А тое, што закідаць аб’ект у стадыі рэстаўрацыі часта проста небяспечна, засведчыць кожны спецыяліст.

2. Адсутнасць адэкватных і дзейсных праграм па ахове спадчыны на муніцыпальным узроўні.

У райвыканкамах і сельсаветах вось ужо каторы год паўтараюць адну і тую самую мантру: ну што мы можам зрабіць? Не надта шмат, вядома, але нешта могуць. Сярод магчымых справаў — прэвентыўная кансервацыя праблемных аб’ектаў (кшталту, дзіркі ў даху закрыць рубероідам), прывядзенне іх у нармальны санітарны стан (пакасіць ды прыбраць) і ўрэшце забеспячэнне элементарнай аховы ад дробных злодзеяў і вандалаў. Усё гэта вялікіх сродкаў не вымагае, а таму пад сілу нават самаму беднаму раёну. Было б жаданне…

Сінхронна з гэтым важна рабіць і захады па папулярызацыі сваёй спадчыны. Ну і, зразумела, шукаць шляхі кардынальнага вырашэння яе лёсу. Не ў плане збыць хоць каму, каб болей праблем не было — як, скажам, у выпадку са слонімскай сінагогай, а сапраўды адказна ды ўдумліва. Тады нешта калісьці ды атрымаецца.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Слонімская сінагога. Фота: Дзяніс Марціновіч.

3. Брак падтрымкі прыватнай ініцыятывы. Гутарка тут не толькі пра НДА, якія працавалі на гэтай ніве, пакуль іх не аб’явілі па-за законам. З гэтым усё ясна, але можна закрануць і іншы аспект: стварэнне прэферэнцый для інвеставання ў аб’екты спадчыны. Гэта могуць быць падаткавыя льготы, выгадныя крэдыты, забеспячэнне інфраструктурай, субсідыі, якія б пакрывалі, скажам, кошт праектных работ (або наогул тую розніцу ў выдатках паміж рэстаўрацыяй ГКК і рамонтам простага будынка).

У выніку маем парадаксальную сітуацыю. За апошнія гадоў дзесяць з’явілася мноства новых турыстычных комплексаў, у той самы час, як шыкоўныя сядзібныя ансамблі па-ранейшаму марнеюць. Інвеставаць у іх проста нявыгадна.

Пазітыўны прыклад

Думаю, гэта найперш працы ў Будслаўскай святыні, якія адбыліся за апошні год перадусім за сродкі грамадскасці і непасрэдна намаганнямі валанцёраў. Дзяржава таксама шмат чаго абяцала – у прыватнасці, паўнавартасную рэстаўрацыю касцёла. Паглядзім, ці стрымае слова.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Касцёл Узнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе. Фота: Людміла Рублеўская.

«На жаль, усе спробы былі адхіленыя»

Раман Забэла, архітэктар-рэстаўратар. Нагадаем, што дзякуючы высілкам адмыслоўца вядомая «луска» крамы «Акіян» атрымала статус помніка мадэрнізму ў Мінску.

1.Абрушэнне касцёла ў Зэмбіне.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Руіны касцёла Узнясення Дзевы Марыі ў Зэмбіне. Фото: t.me/borisov_mp.

Абрынулася частка гістарычных муроў. Частку фасада таксама прыйдзецца дэмантаваць праз аварыйны стан. Спадзяюся, што перад дэмантажом атрымаецца выканаць падрабязную фіксацыю і даследаванні, бо на сённяшні дзень мы не маем інфармацыі пра першапачатковае аздабленне фасадаў. Цалкам верагодна, што фасады аб’екта маглі маць паліхромнае аздабленне, і гэтая інфармацыя можа быць страчаная незваротна.

2. Абрушэнне часткі Езуіцкага касцёла ў Мсціслаўі.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Касцёл у Мсціслаўі. Фота: Аляксандр Пінчук, 2017 год.

Праз аварыйны стан абрынулася вялікая частка аўтэнтычных канструкцый. Страчаная магчымасць даследаваць будаўнічую гісторыю аб’екта і ягонае ўнутранае аздабленне.

3. Касцёл у Княжыцах.

Напрыканцы ХХ стагоддзя на аб’екце былі распачатыя кансервацыйныя працы. Але яны так і не былі праведзеныя. За гэты час аб’ект, які быў у адносна добрым стане, стала дэградуе і разбураецца. У касцёле яшчэ захаваліся зафарбаваныя сценавыя роспісы розных перыядаў, якія не даследаваныя, і іншыя інтэр’ерныя дэкарацыі. Аб’ект пакуль што яшчэ можна ўратаваць для далейшага даследавання і аднаўлення. Патрэбныя супрацьаварыйныя і кансервацыйныя работы. У любым выпадку гэта зараз патрабуе значна менш сродкаў, чым аднаўленне ў выпадку разбурэння, як адбылося ў Амсціславе ці Зэмбіне.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Касцёл Святога Мікалая ў Княжыцах. Фота: фэйсбук групы «Вандроўкі па Беларусі», 2021 год.

На жаль, усе спробы былі адхіленыя. Існуе рэальная пагроза поўнага знішчэння гэтага ўнікальнага аб’екта.

Пазітыўны прыклад

Рэстаўрацыя палаца ў Жылічах. Асноўныя працы зараз вядуцца ў інтэр’ерах. Вельмі каштоўны аб’ект, бо тут маем высокую ступень захаванасці аўтэнтычных рэпрэзентабельных інтэр’ераў. У спецыялістаў ёсць час і магчымасці дасканала іх даследаваць і аднавіць. Пры працах максімальна імкнуцца захоўваць і рэстаўраваць гістарычныя элементы (лепку, дубовыя сходы і г. д.), а таксама элементы аздаблення іншых эпох, якія на сёння таксама ўяўляюць гістарычную і мастацкую вартасць (напрыклад, савецкія вітражы).

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Палацава-паркавы комплекс Булгакаў у Жылічах. Фота: https://mogilev.media, 2022 год.

«Само ўспрыняцце спадчыны пашыраецца»

Наталля Зданевіч, колішні кіраўнік праектаў Фонда развіцця Брэсцкай крэпасці, сябра ICOMOS-Беларусь

— Цікава паразважаць пра ўспрыняцце спадчыны. І тут найперш варта адштурхнуцца ад таго, што мы гаворым пра людзей — супольнасць, якая фарміруе пэўнае ўяўленне аб насельніцтве. І зараз гэта ўяўленне ў працэсе вялікіх трансфармацый.

У цэлым рэалізацыя сацыяльнага патэнцыяла спадчыны, выкарыстанне яго для вырашэння сацыяльных праблем — еўрапейскі трэнд, які распаўсюджваецца. Усё больш краін прымаюць на сябе абавязкі па ўцягванні супольнасцей у кіраванне лакальнай спадчынай. Іншымі словамі, у цэнтр культуры цяпер становіцца чалавек, які гэту культуру стварае і выкарыстоўвае. У незалежным прафесійным полі Беларусі да 2020 года такія падыходы да новага разумення спадчыны гэтаксама актыўна абмяркоўваліся.

І мы ўцягнуты ў гэтыя працэсы больш, чым можа падасца, нават зараз. Сёння мы часцей абіраем сваю спадчыну без наратыву зверху. Гэта абумоўлена шматлікімі фактарамі, але менавіта супольнасць становіцца агентам развіцця і змены сітуацыі на тэрыторыі. Прыклад — рэакцыі на разбурэнне спадчыны. У працэсе падрыхтоўкі да Дажынак пад Стоўбцамі ў ліпені была ўзрыта частка брукаванай дарогі. Людзі дзейнічалі метадычна — апублічылі праблему, напісалі лісты ў Мінкульт і да рэгіянальных уладаў, праверылі, ці ўваходзіць менавіта гэты ўчастак дарогі ў спіс ГКК ды іншае. Гэта дзеянні на ўзроўні людзей, які самі абіраюць, што для іх важна.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Звесткі пра правядзенне «рамонтных прац» на тракце Новы Свержань — Мір размясціў 10 ліпеня ў сваіх сацсетках Валер Дранчук

Выразным прыкладам тут для мяне гэтаксама з’яўляецца стаўленне свабодных людзей да масавых парадаў — іх успрымаюць як навязлівыя рытуальныя дзеянні ў дачыненні да перамогі ў Другой суственай вайне, гераізацыі яе ўдзельнікаў. Гэтыя дзеянні жорстка структураваныя і прадыктаваныя яшчэ ў савецкі перыяд, але ўсё яшчэ працягваюць жыць на ўзроўні сімвалічнага клішэ, аднаўленне якога не мае патрэбы ў падтрымцы індывідуальнай памяці асобнага чалавека. Атрымоўваецца, што мы як посткамуністычныя краіны, вымушаны наноў кансалідавацца і фарміраваць сваю ідэнтычнасць.

Асобна варта вылучыць мноства падыходаў у прэзентацыі нематэрыяльнай спадчыны — праз сучаснае мастацтва і актуалізацыю вобразаў у розных фарматах, міждысцыплінарнасць, шматузроўневую партысіпацыю ва ўмовах свету, які змяняецца. Усё гэта нараджае новыя сэнсы і ўмацоўвае інтэнсіўнасць камунікацыі ўнутры супольнасці. Само ўспрыняцце спадчыны пашыраецца — ужо не пра «чарку і шкварку», а сапраўднасць, саўдзел, інтэрпрэтацыю, ідэнтычнасць.

«Капанір Гаўрылава» можа быць беззваротна страчаны»

Аліна Дзеравянка, колішні дырэктар Фонда развіцця Брэсцкай крэпасці, сябра ICOMOS-Беларусь

— Фонд Брэсцкай крэпасці больш за 8 гадоў займаўся вывучэннем спадчыны крэпасці. Разам з жыхарамі і дзяржаўнымі інстытуцыямі мы намагаліся прыцягнуць увагу да таго, што многія аб’екты крэпасці без падтрымкі і рэстаўрацыі могуць быць страчаны.

Варта адзначыць, што ўвага і інвестыцыі дзяржавы сапраўды дапамаглі захаваць Усходні рэдут і адкрыць новую экспазіцыю «Абарона Усходняга форта».

Тым не менш такія аб’екты як Заходні рэдут/форт і Капанір з сорціяй танальнага фронта, вядомы як «Капанір Гаўрылава», могуць быць беззваротна страчаны ў бліжэйшыя гады. Нягледзячы на працу грамадскасці, суботнікі і разнастайныя акцыі, працягваюць разбурацца парэшткі Бернардынскага манастыра на Валынскім умацаванні, так і не былі праведзены патрэбныя працы па яго кансервацыі. Тут варта адзначыць створаны ініцыятывай Грунт дадатак Re-brest, які дзякуючы дапоўненай рэальнасці дазваляе ўбачыць, як выглядаў манастыр.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Кляштар бернардынак. Фота: Пётра Альшэўскі, 2010 год.

Хочацца дадаць, што такія ініцыятывы, як «Грунт» і Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці дапамагалі дзяржаве ў прыцягванні ўвагі і папулярызацыі спадчыны, але былі закрытыя па фармальных прычынах, што наўрад ці садзейнічае захаванню спадчыны.

«Беларуская мова зараз спазнае новы віток рэпрэсій»

Эксперт, які пажадаў застацца ананімным.

Дададзім, што адмыслоўца мае шматгадовы практычны досвед вывучэння і менеджменту гісторыка-культурнай і архітэктурнай спадчыны. Па меркаванні спадара N, пра хібы ў кірунку варта гаварыць комплексна. І таму наш суразмоўца вылучыў тры праблемныя пытанні сферы, якія, на яго погляд, патрабуюць увагі, развіцця і рэформаў.

1. Па-першае, гэта праблема закандаўства, — пазначыў эксперт. — На сёння ў нас няма добра распрацаванай заканадаўчай базы, якая б клапацілася ў першую чаргу пра аб’екты і з’явы гісторыка-культурнай спадыны. У Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб культуры ў параўнанні з колішнім Законам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны былі значна спрошчаны істотныя пазіцыі. А Закон, які быў падпісаны ўчора, увогуле можна разглядаць як яшчэ большае пагаршэнне. Згодна з ім, «мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню атрымалі права ўзгадняць навукова-праектную дакументацыю на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях катэгорыі 3, у тым ліку аб прыёмцы гэтых гісторыка-культурных каштоўнасцей у эксплуатацыю з выдачай заключэння аб іх адпаведнасці навукова-праектнай дакументацыі». Адпаведна, гэта значыць, што мясцовыя органы могуць зараз самастойна прымаць рашэнні па выкананні работ на аб’ектах спадчыны, што вельмі насцярожвае.

Нагадаю, што гісторыка-культурная каштоўнасць 3 катэгорыі — гэта, да прыкладу, такія аб’екты, як Палац культуры прафсаюзаў у Мінску, Чырвоны тэатр у Магілёве (Магілёўскі абласны драматычны тэатр — Reform.by), цэлыя забудовы вуліц у Гродна, Мінску… Увогуле большая частка спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей — акурат аб’екты 3 катэгорыі. То-бок цяпер мясцовыя органы атрымоўваюць права самастойна вырашаць лёс забудоў такога тыпу. Гэтыя змены выклікаюць у мяне вялікую заклапочанасць, калі не абурэнне. На жаль, на месцах працуюць не заўжды кампетэнтныя людзі, а значыць павялічваецца верагоднасць таго, што мы можам згубіць тое, што зараз ёсць. Я бы нават сказаў, што гэты Закон — сапраўдная катастрофа, вынікі якой мы яшчэ ўбачым ў бліжэйшым часе.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Палац культуры прафсаюзаў. Фота: Сяргей Харэўскі.

2. Другая праблема адсутнасць рэстаўрацыйнай школы ў Беларусі. Калі глядзець на сферу комплексна, мы разумеем, што без архітэктараў-рэстаўратараў кірунак не можа развівацца. Як пісьменна адрэстаўраваць аб’ект? Якія матэрыялы выкарыстоўваць для рэстаўрацыі? Усё гэта — ніва адпаведных адмыслоўцаў.

Ды што сёння маем у гэтым кірунку? Выдатных рэстаўратараў, так бы мовіць, старой школы, паважаных майстроў. А ці ёсць пераемнасць, маладыя кадры? Тых, каго я ведаю, можна пералічыць па пальцах адной рукі. У нашай краіне не рыхтуюць сёння архітэктараў-рэстаўратараў, так пра якое аднаўленне можа ісці гаворка?

3. Калі злучыць першыя два пункты і дадаць да іх сітуацыю з кадрамі на месцах — калі ў тых, хто займаецца культурай у раёнах, няма культурнай адукацыі, нават сярэдняй, дадаць адсутнасць адмыслоўцаў у міністэрстве культуры, то маем, што маем. Давайце называць рэчы сваімі імёнамі — у нас на сёння няма сістэмы аховы гіторыка-культурнай спадчыны, сістэмнай палітыкі ў гэтай сферы.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Сядзіба Хмараў у пасёлку Сёмкава. Фота: Балыш Анастасія

У Дэпартаменце па ахове спадчыны Літвы працуе 65 чалавек, пра Польшчу я нават не кажу. Колькі людзей працуе зараз у адпаведным упраўленні Міністэрства культуры Беларусі? Восем чалавек? Меней? А колькі ў нас працуе інстытуцый, якія займаюцца выключна гэтым напрамкам? Вось вам і адказ.

Вы пытаецеся пра аб’екты, я вам адкажу так: выратоўваць неабходна цэлыя групы! Тыя ж сядзіба-паркавыя комлексы — Сёмкава, Вялікая Ліпа, ды шмат, шмат іншых. Імі ніхто не займаюцца, яны разбураюцца проста зараз.

Каталіцкія кляштары, касцёлы — ужо на працягу многіх гадоў гэтыя помнікі пераробліваюцца ў праваслаўныя храмы. Безгустоўна, бяздумна — хто за гэта адказвае?

Палітыкі аховы спадчыны не існуе, ды нават аховы беларускай культуры, — і пэўным венцам гэтага абыякавага стаўлення да свайго зараз становіцца мова. Сёння ўжо варта казаць пра пагрозу ў адрас нашай галоўнай каштоўнасці — беларускай мовы, якая спазнае новы віток рэпрэсій. А без мовы, нагадаю, няма і нацыі.

Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Парэшткі сядзібы Абуховічаў у Вялікай Ліпе. Фота: Аляксей Ластоўскі, 2020 год.
Нам "засталася спадчына"? - (анты)топ аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны, якія мы губляeм проста зараз
Фрагмент дэкору стайні ў Вялікай Ліпе. Фота: Аляксей Ластоўскі, 2020 год.

Пазітыўны прыклад

Апошнім часам пачала актыўна пашырацца работа над падрыхтоўкай дасье па ўключэнні нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у Спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Нават была праведзена работа над сумесным дасье па бортніцтву з польскім бокам. Праект мае назву «Культура бортніцтва Беларусі і Польшчы». Такі вопыт вельмі карысны для нас і мог бы быць працягнуты з шэрагам іншых элементаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: