Заўтра, 23 ліпеня, у Лодзі ў межах Дзён беларускай культуры будуць асэнсоўваць літаратуру беларускіх палітвязняў. Арганізуюць імпрэзу «Палітзняволеная літаратура» Фонд «Беларусы ў Лодзі» і Беларуская Рада культуры.
Плануецца форум-спектакль «Цэнзар», музычны канцэрт, у якім прымуць удзел Юрый Стыльскі, лідар гурта «Дай дарогу!», гурт «Разбітае Сэрца Пацана», дыскусіі з удзелам экспертаў з праваабаронцамі, літаратарамі і журналістамі, напісанне лістоў палітвязням, а таксама прэзентацыя тэкстаў, якія паўсталі праз турэмны досвед іх аўтараў.
«Турэмнае мастацтва, як канцэнтрат беларускай палітычнай і філасофскай думкі, пераасэнсоўвае той час і той стан, у якім мы ўсе зараз знаходзімся. Новая культура і новыя каштоўнасці нашага грамадства выспяваюць і фармулююцца людзьмі, што знаходзяцца за кратамі. Слухаючы іх галасы, мы можам акрэсліць для саміх сябе тут і цяпер, дзеля чаго мы ўсё гэта робім, дзеля чаго мы як супольнасць ідзём на барацьбу і страты, чалавечыя, лёсавыя, культурныя», – паведамляюць пра падзею арганізатары.
За мерапрыемствамі праекта «Палітзняволеная літаратура» можна будзе назіраць па ўсім свеце з дапамогай анлайн-трансляцыі.
Імпрэза «Палітзняволеная літаратура» будзе адбывацца 23 ліпеня з 16.00 да 22.00 у Доме літаратуры па адрасе: Лодзь, Roosevelta, 17.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by в Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: