У Выставачнай зале Брэста (вуліца Савецкая, 54) сёння а 16.00 распачынае працу персанальная выстава брэсцкага мастака Сямёна Маталянца — аўтара, які ўжо шмат гадоў жыве на дзве краіны.
Выстава прысвечана тэме (не) магчымасці вяртання ў зыходную кропку роднага месца.
Выставачнае выказванне нарадзілася па слядах двух тэкстаў, якія аўтар выпадкова сустрэў у фэйсбуку: у іх абмяркоўвалася тэма вяртання. Гэты працэс мастак паспрабаваў разглядець як эфект ідэальнай пасткі, акрамя таго, сама карціна, як і любы твор мастацтва, з’яўляецца ідэальнай пасткай для нашага зроку.
На экспазіцыі будуць прадстаўлены работы аўтара 2022 года, фатаграфічныя серыі, вялікі жывапіс з тэкстамі, а таксама яго знакамітая «мыльная тэма».
«Адвечная тэма мыла разгорнецца тут у пэўнай праекцыі: варыяцыі пірамід з мыла, за гэтай няўстойлівай канструкцыяй я сачу доўгія гады, гісторыя знікаючага абмылка і гісторыя фатаграмы мыла як хатняга члена сям’і, партрэт мыла або яго рэнтген: здымак, зроблены на памяць перад канчатковым знікненнем. Усё гэта паказана на выставе ў анталагічным парадку, для азнаямлення гледача з тым родам мастацтва, якім я займаюся на працягу 20 гадоў», — каментуе мастак.
Сямён Маталянец нарадзіўся і вырас у Брэсце, але вышэйшую мастацкую адукацыю атрымаў у Санкт-Пецярбургу, там жа зрабіў неблагую кар’еру: лаўрэат прэміі «Инновация-2009», удзельнік Уральскай індустрыяльнай біенале, адзін са стваральнікаў арт-гурта «Мыло». Гэта не першая выстава аўтара ў родным горадзе, як і ў Беларусі: ён уладальнік малой прэміі «Восеньскага салона» 2017 года, і ў апошнія гады зладзіў у Мінску дзве выставы («Інструменты чыстай будучыні» ў галерэі A&V і «Палову» ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў).
Выстава будзе працаваць да 8 жніўня.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: