Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook аб будучай незвычайнай выставе.
У фокусе ўвагі выставачнага выказвання, якое запланавала ўстанова, — досвед беларусаў розных пакаленняў, які змагаліся за сваю свабоду і спазналі зняволенне. Сыходзячы з ідэі стваральнікаў, у адзіны аповед будуць злучаны лёсы тых суайчыннікаў, хто прайшоў ГУЛАГ, засценкі НКУС і КДБ, катаванні ГУБАЗіКу.
Скарынаўская бібліятэка просіць усіх, хто мае рэчы, датычныя пратэстаў 2020 года і палітзняволеных, рэчы, якія б маглі б стаць экспанатамі выставы, звязацца з імі.
Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны — бібліятэка і грамадска-культурны асяродак у Лондане, які ў 1979 г. атрымаў статус «незалежнай навукова-харытатыўнай установы» і з’яўляецца «ўласнасцю ўсіх беларусаў». Адчынены для ўсіх, хто цікавіцца беларусістыкай незалежна ад іх нацыянальнасці. Існуе пераважна на добраахвотныя ахвяраванні, на працэнты ад іх укладаў у банк.
Фонды бібліятэкі налічваюць 40 тысяч тамоў кніг і камплектаў газет і часопісаў.