У новым корпусе Нацыянальнага мастацкага музея на Карла Маркса адкрыўся выставачны праект пад назвай «Жаночы род».
«”Жаночы род” – гэта выстава, у якой творы народнага і прафесійнага выяўленчага мастацтва дэманструюць традыцыйныя архетыпічныя і міфапаэтычныя ўяўленні аб прыродзе жаночага свету і жаночай вобразнасці», – паведамляе нам прэс-рэліз.
Відавочна, што праект, куратарам якога з’яўляецца Дзмітрый Салодкі, даследчы, аднак пагружаецца ён не ў глыбіню гендарнай тэорыі, а ў музейную калекцыю і архетыпы.
Але нікому сёння не зашкодзіць адчуць глебу пад нагамі.
Пачынаецца гэты аповед з неаліту, дакладней, з адсылак да яго. Цудоўны тандэм з двух твораў сустракае нас на ўваходзе ў першую залу. Яны нават па каларыце блізкія, хоць твор Тамары Васюк – гліняная (з дадаткам шамоту) жанчына-збан, выкананая па матывах керамікі нёманскай археалагічнай культуры, а ў Гаўрыіла Вашчанкі жанчыны-ідалы напісаны алейнымі фарбамі. Так сведчыць этыкетка пад гэтым творам, аднак мастак напісаў зямлю і неба як адну стыхію – фарбамі зямлі, і жанчыны ў яго плоць ад плоці гэтага першаснага краю, які толькі-толькі кранулі сваімі лапамі міфічныя Стаўры і Гаўры.
Гісторыкі сведчаць, што аўтахтоннае насельніцтва Беларусі вядзе свой род з часоў неаліту неперарыўна, а арнаменты старажытных гаршкоў перагукваюцца з традыцыйным ткацтвам, абуджаючы да жыцця архетыпічныя матывы.
Наступная частка экспазіцыі – культавыя малюнкі двух таленавітых даследчыкаў Лявона Баразны і Міхася Раманюка, зробленыя яшчэ ў часы, калі не дзівам было сустрэць аўтэнтычны строй у вёсках.
Само слова «строй» – касцюм – вельмі сімвалічнае, народны строй выбудоўваў код знешняга выгляду чалавека. Строгі ў аснове – неверагоднай прыгажосці звонку. На выставу варта прыйсці толькі дзеля таго, каб разгледзець раскошу гэтых выяў.
Далей — галавакружны кульбіт малекулярнага ўзаемадзеяння паміж рознымі відамі мастацтва. Здавалася б, наступная міні-экспазіцыя, якую фармальна «трымае» ранняя карціна Аляксандра Кішчанкі, пабудавана на сугуччы колераў (посцілкі і жывапісу) і формаў (гаршкоў і скульптур). Аднак у выніку ствараецца ўражанне зрушанай граніцы паміж гэтымі формамі і матэрыямі, іх субстанцыі нібы ўзаемапранікаюць і змешваюцца паміж сабой. І містычнаму гэтаму адчуванню ніяк не перашкаджае той факт, што ты выразна разумееш, як гэта зроблена, як дасягнуты гэтыя рытмы колераў і форм.
Усё адкрыта – і ўсё пакрытае таямніцай. Нейкім чынам сюды прымешваецца містэрыя жаноцкасці, заснаваная на базавым чынніку творчасці – крэатыўнасці. Адзначым загадкава неспасцігальны вузел гэтай выставы і пойдзем далей, бо на выхадзе з гэтай міні-экспазіцыі нас чакае яшчэ адзін твор, здольны парушыць усе стэрэатыпы пра беларускі жывапіс.
Яшчэ адна карціна Кішчанкі мае назву «Беларуска з сухім галлём». Праўда, датуецца яна 1990-мі, калі можна было, здавалася, усё, аднак гэта ніяк не памяншае нечаканага наватарства гэтага твора. Калі коратка апісаць сюжэт, то гучыць гэта так: беларуска сухім галлём разбівае планеты. І зроблена карціна не ў здавалася б лагічным тут стылі сюррэалізму, а з дапамогай культавага прыёму мадэрнізму – рашоткі, пластычнага матыва, што развіваўся з пачатку ХХ стагоддзя. Аднак Кішчанка – мастак постмадэрнізму і геній сінтэзу, розныя элементы свайго жывапісу (фігуратыўныя, абстрактныя, дэкаратыўныя) ён сплаўляе ў адну канструкцыю. Што гэты жывапіс дадае да тэмы выставы? Ці пашырае «архетыпічныя і міфапаэтычныя ўяўленні аб прыродзе жаночага свету»? Безумоўна пашырае, найперш праз даволі брутальнае разбурэнне мноства стэрэатыпаў, як гендарных, так і жывапісных.
У гэтай зале ёсць яшчэ міні-экспазіцыя, дзе сутыкаецца традыцыйнае і сучаснае, народнае і прафесійнае, высякаючы іскры новых сэнсаў. Інсталяцыя складаецца з народных касцюмаў і скульптурных партрэтаў жанчын. Можна згуляць у пазл, мысленна прымацаваўшы галаву да касцюма, аднак варта памятаць, што гэта адзенне аўтэнтычнае, яго нехта насіў, таму, магчыма, усе месцы ўжо занятыя.
У беларускім традыцыйным грамадстве жаночы шлях пачынаўся ад верацяна: пупавіну пераразалі, абвіваючы яе вакол верацяна. Пяць карцін з выявамі маладых жанчын – трыпціх Вольгі Мельнік-Малахавай і дзве карціны Сяргея Рымашэўскага таксама ўтвараюць кола – вакол верацяна. Гэты важны для традыцыйнага побыту прадмет паходзіць з музейных збораў.
Экспазіцыя замыкаецца, як і жыццёвы шлях, «Зямлёй»: на сваю зямлю чалавек, прыжыўшы жыццё, прысядае ў роздуме. Аўтар карціны – Гаўрыіл Вашчанка – глыбокі мастак-сімваліст, які самы будзённы сюжэт нават у невялікіх па фармату палотнах быў здольны пераплавіць у манументальную форму эпасу.
Калі ў першай зале жанчына звычайна ўвасоблена ў адзіноце і ў глыбінях сваёй сутнасці, то ў другой распачынаецца кола аповеду, якое вызначаецца паняццем «роду».
Нараджэнне, працяг, ахова, страта, надзея. Гісторыя тут даволі дэпрэсіўная, выбудаваная на дуалізме жыцця і смерці.
Чаму паняцце «род» напоўнена такім відавочным і асэнсаваным трагізмам? Таму што функцыя сям’і – захоўваць і развіваць, перадаваць далей, доўжыць… І з пакалення ў пакаленне (а ў гэтай зале прысутнічае такі сюжэт перадачы досведу) гэты ланцужок на нашай зямлі спрабавалі брутальна перарэзаць, як паміж людзьмі, так і паміж чалавекам і яго радзімай, домам.
Распачынаецца шлях гледача ад іконы ХVІІ стагоддзя. Гэтая выява Божай Маці была замоўлена жанчынай у памяць пра сваіх памерлых дзяцей. З іконай рыфмуецца ўжо трэцяе палатно Кішчанкі, на якім паказана жанчына, што корміць дзіця грудзьмі. Твор успрымаецца як ікона ХХ стагоддзя, асабліва калі згадаць, што першыя выявы Божай Маці ўтрымлівалі менавіта такі сюжэт.
Цэнтральны вобраз другой залы – па месцазнаходжанні і па сэнсу – усё ж аптымістычны. Гэта скульптура цяжарнай жанчыны з караваем, паабапал ад яе стаяць шыяны – вялізныя пузатыя корабы з саломы, у якіх захоўвалі зерне пшаніцы. На фоне гэтай інсталяцыі – карціна Зоі Літвінавай «Квітненне»: жанчыны кідаюць зерне ў зямлю. Па дыяганалі праглядаецца жывапіс Міхася Сеўрука «Жніво». Усе паралелі відавочныя: плоднасць, зерне, пачатак жыцця.
А назаўтра была вайна… Раставанне, страта, уцёкі. Максімальна шчырыя вобразы адчаю, створаныя тымі, хто яшчэ памятаў ці шчыра адчуваў.
Яшчэ адна тэма – чарнобыльская, вырашана асобнай інсталяцыяй: з вясельным дыванком, што ляжыць нібы сімвал парушанага гнязда, з чорным акном на карціне, з апакаліпсічнымі вобразамі на плакатах паабапал яе.
І лёгкі знак надзеі – два галубкі над акном на гэтай карціне Віктара Шматава.
***
95 аб’ектаў можна налічыць на выставе. Тут і прадметы побыту, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапіс, маляваная і друкаваная графіка, скульптура. Якім жа чынам склаўся гэты тэкст – суцэльная і выразная экспазіцыя-гісторыя? Шляхам змяшчэння і ўзбагачэння пачатковых сэнсаў, закладзеных у творы іх аўтарамі.
Вернемся, напрыклад, да скульптуры цяжарнай жанчыны на высокім подыуме, што стала галоўнай воссю экспазіцыі. Яна стала своеасаблівым магнітам, здольным уздзейнічаць на сэнсавыя палі іншых твораў. Сам яе вобраз ужо ўзмоцнены асацыяцыямі з-за гэтых пузатых кашоў, у якіх захоўваецца зерне. Зерне можна ўбачыць і на карціне Зоі Літвінавай, і на палатне Міхася Сеўрука «Жніво», галоўны персанаж апошняй – жанчына, што корміць сваё дзіця. Так рэалістычны жывапіс, пазбаўлены адкрытых сімвалаў і алегорый, набывае гэтае алегарычнае гучанне праз тонкія перасячэнні з суседнімі творамі.
Так, сама выстава ператвараецца ў суцэльны твор мастацтва. Безумоўна, любы куратар закладае свае шляхі яго прачытання, аднак апошняе слова застаецца за гледачом.
Выстава працуе ў новым корпусе музея (Карла Маркса, 24) па 1 верасня.