Беларускія мастачкі возьмуць удзел у прэстыжнай еўрапейскай біенале

В мире
@Manifesta 14 Prishtina. Фота: Maglinda Hoxha.

Беларускія творцы ўпершыню будуць прадстаўлены на вандроўнай еўрапейскай біенале Manifesta, якая гэтым годам адкрыецца ў сталіцы Косава – Прышціне.

Усе яны – удзельніцы праекта Secondary Archive, ініцыяванага Фондам Катажыны Казыры. Гэта віртуальная платформа, дзе сабрана больш за 300 мастацкіх выказванняў жанчын-мастачак з Беларусі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы, Славакіі і Украіны.

Беларускія мастачкі возьмуць удзел у прэстыжнай еўрапейскай біенале
Скрын з сайта secondaryarchive.org.

Свой фонд Катажына Казыра, польская дзяячка, вядомая сваімі радыкальнымі перформансамі і арт-аб’ектамі, стварыла, каб падтрымаць мастачак з незаходняй Еўропы. Невыпадкова ў назве яе новага мастацкага праекта даволі правакатыўна з’явілася слова «secondary» – другасны. Па-першае, цэнтральна- і ўсходнееўрапейскія краіны гістарычна лічыліся другаснымі ў адносінах да першага свету, па-другое, жанчыны заўсёды былі «другім полам» (тэрмін прыдумала Сімона дэ Бавуар у сваёй кнізе 1949 года, у якой даследуе месца жанчын у грамадстве, дзе дамінуюць мужчыны).

Беларускую частку архіва збіралі чатыры куратаркі – Ганна Карпенка, Сафія Садоўская, Ганна Чыстасердава і Валянціна Кісялёва. Яны абралі мастачак трох пакаленняў – тых, што пачыналі сваё творчае жыццё ў часы СССР, у 1990-я гады і моладзь.

Гэта дастаткова адкрыты праект, – тлумачыць Reform.by адна з куратарак Ганна Чыстасердава. – Ён прызначаны для таго, каб даць магчымасць галасам мастачак быць пачутымі. На віртуальных старонках аўтарак можна даведацца пра тыя кантэксты, у якіх яны працавалі, і пра тыя выклікі, на якія рэагуюць сваімі творамі. Мы можам прачытаць іх разважанні не толькі пра мастацтва, але і пра ролю жанчын у грамадстве, то-бок зразумець іх грамадзянскую пазіцыю.

Беларускія мастачкі возьмуць удзел у прэстыжнай еўрапейскай біенале
Афіша практа. Фота: Secondary Archive.

Удзел праекта Secondary Archive ў Manifesta быў пацверджаны ў канцы лютага – пачатку сакавіка.

Пачаўся новы віток працы, – распавядае Ганна, – бо гэта быў выклік: якім чынам прадставіць інфармацыю, што з’яўляецца тэкставым архівам, у выставачнай прасторы глабальнай арт-падзеі?

У выніку Secondary Archive будзе рэвіртуалізаваны ў Нацыянальнай галерэі Косава з дапамогай гулу жаночых галасоў ­– прагучыць каля 150 аднахвілінных запісаў. Да праекта далучацца творцы з Албаніі, Косава і Сербіі —  іх працы пазней будуць дададзены да лічбавага архіва.

Застаецца спадзявацца, што голас кожнай мастачкі будзе пачуты. Аднак як гэта будзе адбывацца – Фонд трымае інтрыгу і не раскрывае ўсе дэталі будучай экспазіцыі, вядомы толькі імёны.

Напрыклад, беларуская частка будзе ўключаць выказванні 21 аўтаркі: Ксюшы Ангелавай, Алены Давідовіч, Жанны Гладко, Жанны Грак, Машы Мароз, Вольгі Маслоўскай, Вікі Мітрычэнка, Марыны Напрушкінай, Ульяны Няўзоравай, Алы Савашэвіч, Надзеі Саяпінай, Вольгі Сазыкінай, Антаніны Слабодчыкавай, Ганны Сакаловай, Тамары Сакаловай, Волі Сасноўскай, Варвары Суднік, Машы Святагор, Галіны Васільевай, Наталлі Залознай, Алесі Жыткевіч.

Беларускія мастачкі возьмуць удзел у прэстыжнай еўрапейскай біенале
Праект Алены Давідовіч Story of the Wife, 2010 год. Фота: Secondary Archive.

Удзел у Manifesta адбываецца пры падтрымцы Вышаградскага фонду, а беларуская частка праекта рэалізавана ў партнёрстве з Ambasada Kultury (Belarus/Lithuania/Germany).

Еўрапейская біенале сучаснага мастацтва Manifesta існуе з 1996 года. Адметнасць яе ў тым, што кожны раз, то-бок кожныя два гады, яна праводзіцца ў новым месцы. Куратары не ходзяць праторанымі сцяжынкамі і прынцыпова пазбягаюць мастацкіх цэнтраў, шукаючы свежую глебу для стварэння новай культурнай тапаграфіі. А таксама актыўна падтрымліваюць нестандартныя формы куратарскай працы. Што атрымаецца на гэты раз – гледачы пабачаць ужо 22 ліпеня.

Назіраць за рэвіртуалізацыяй праекта Secondary Archive і за іншымі біенальнымі падзеямі можна будзе з 22 ліпеня да 30 кастрычніка 2022 года.

Сачыць за праграмай можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: