Амаль тыдзень Reform.by чакаў каментар ад каманды фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. І… дачакаўся.
Заўтра, 4 чэрвеня, у Тбілісі пачынаецца фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Культурная падзея, якая стала ньюзмэйкерам апошняга тыдня, сёлета апынулася ў віры скандалу і спрэчак з прычыны ўдзелу ў фестывалі расійскіх спікераў.
Зараз пераказваць усю гісторыю развіцця падзей ужо не мае сэнсу. Калі акрэсліць коратка, то не пагадзіўшыся з прысутнасцю расійскіх выступоўцаў у праграме беларускага фестывалю ў часы вайны, і адпаведна пазіцыяй каманды фэсту, ад ўдзелу ў PRADMOVA адмовіліся ўкраінскія і некаторыя беларускія спікеры. А літаральна ўчора ўжо самая спрэчная персона культурнай падзеі — расійскі кінакрытык Антон Долін — зняў свае імпрэзы з праграмы форума.
Якім чынам канцэптуальна фарміравалася праграма «Прадмовы-2022»? Ці былі пазначаны пэўныя сэнсавыя лініі? Улічваліся этычныя моманты? Якім чынам у ёй узніклі расійскія спікеры? Чаму нельга было запрасіць беларускіх кінакрытыкаў, якія б распавялі пра беларускае кіно? Ды на якія падзеі фестывалю, нягледзячы на ўсе спрэчкі, варта звярнуць увагу? Мы звярнуліся з гэтымі пытаннямі да каманды форума ў аўторак, і, нарэшце, атрымалі адказ.
На пытанні Reform.by пагадзілася адказаць старшыня Беларускага ПЭНа і суарганізатарка фестывалю PRADMOVA Таццяна Нядбай. (Мы атрымалі адказы спадарыні Таццяны сёння і пакінулі ўсю гутарку без зменаў).
«Вельмі доўга абмяркоўвалі (яшчэ да вайны), ці праводзіць сам фестываль»
— Таццяна, якім чынам канцэптуальна фарміравалася праграма «Прадмовы-2022»? Якім форум інтэлектуальнай кнігі бачыўся камандзе фестывалю сёлета — у такі складаны і цяжкі час? Якія пазіцыі былі для вас прынцыповымі ў фарміраванні фэсту?
— Канцэптуальна арганізатары зыходзілі з ідэі Дому. Сёння шмат хто з нас апынуўся ў замежжы, без магчымасці ў блізкай перспектыве быць дома. Бывае, што ты знаходзішся ў некалькіх дзясятках кіламетрах ад беларускай мяжы, што да яе рукой падаць, а гэты шлях дадому ўжо цяпер займае месяцы і гады. Мы хацелі зрабіць утульнай прастору вакол сябе ў тых месцах, дзе сёння знаходзімся, стварыць уражанне і адчуванне дома для сябе і іншых беларусаў — Грузіі, Польшчы, Літвы. Спачатку была і Украіна, вядома, але з пачаткам вайны стала зразумела, што гэта немагчыма. Дом — гэта і скарынаўскія “віры своя”, і быкаўская “Доўгая дарога дадому”.
Што да праграмы — традыцыйна яна фармавалася пераважна з заявак праз адкрыты набор і рэкамендацыі і толькі ў нязначнай частцы праз мэтавыя запрашэнні саміх арганізатараў. Звычайна заяўкі на фестываль падаваліся ад беларускіх выдавецтваў і кнігараспаўсюднікаў, якія былі зацікаўленыя ў прамоцыі выдадзеных кніг. Але асаблівасць сітуацыі гэтага года ў тым, што незалежныя выдавецтвы ў Беларусі актыўна знішчаюцца, бывае, вядзеш з некім перамовы, а назаўтра сітуацыя ўжо зусім іншая…
Пры гэтым шмат беларускіх удзельнікаў з года ў год заяўляецца на фестываль самастойна, і для мяне гэта вельмі каштоўны момант: у нашай прасторы шмат крыўдаў, што некага некуды не паклікалі і не запрасілі, а тут фестываль стварае адкрыты ўваход, і можна заявіцца са сваёй імпрэзай.
Але зноў-такі, у сённяшняй сітуацыі ёсць чыннік бяспекі, і гэта наша балючае месца. Сёлета мы наогул вельмі доўга абмяркоўвалі (яшчэ да вайны), ці праводзіць сам фестываль, ці змогуць у ім прымаць удзел творцы з Беларусі і ці будзе гэта бяспечна для іх… Вялікі боль арганізатараў, калі ты не можаш гарантаваць бяспеку ўдзельнікам падзеі, якую арганізуеш.
— Ці былі пазначаны пэўныя сэнсавыя лініі, вакол якіх будавалася праграма? Этычныя моманты?
— З пачаткам вайны для нас стала адназначным, што трэба мець выразнае антываеннае вымярэнне, і гэта, апрача лініі Дома, было адной з сэнсавых ліній праграмы. Прынамсі для мяне, якая намагалася ўкласці праграму ў Варшаве. Этычныя моманты — не дапускаць цэнзуры, але і не дапускаць прапаганды (у тым сэнсе, што не запрашаць удзельнікаў, якія б транслявалі прапагандысцкі наратыў). Ставячы перад сабой прыярытэт украінскіх удзельнікаў, я свядома не запрашала расіянаў на пляцоўку ў Варшаве, разлічваючы такім чынам найбольш разгарнуць украінскую тэму. Зрэшты, не тое, каб я адмаўляла некаму ва ўдзеле — такога не было, а проста не глядзела ў бок расійскіх удзельнікаў. Хаця пры гэтым тэму імперыі ў культуры (і магчымасці супраціўляцца ёй) абмяркоўваць збіралася.
— Асноўная праграма фарміравалася сыходзячы з дасланых заявак, прапаноў. Якім заяўкам аддавалася перавага? Каму вы вымушаны былі адмовіць?
— Звычайна фестываль імкнецца задаволіць усе заяўкі і адрэагаваць на ўсе прапановы, дасланыя арганізатарам. Тое ж і сёлета: мы задаволілі ўсе заяўкі, за выключэннем адной — на жаль, аўтар не выходзіць на сувязь. Але калі раптам ён адгукнецца, мы знойдзем магчымасць далучыць да праграмы і гэтую імпрэзу. Яшчэ адну заяўку праз арганізацыйную накладку мы праглядзелі і зразумелі гэта ўжо пасля публікацыі праграмы. Аднак аўтары заяўкі з паразуменнем паставіліся да гэтага.
«Чытачы праграмы самі вызначалі хэдлайнераў»
— Натуральна, што фестываль не абыходзіцца без хэдлайнераў. Каго вы запрашалі? Каго ўдалося запрасіць? Ці не было, да прыкладу, ідэі — запрасіць Сяргея Жадана, якога нядаўна Польская акадэмія навук вылучала на Нобелеўскую прэмію? ( Усе гэтыя пытанні я задаю, каб убачыць тую працу, якая засталася па-за кадрам.)
— Пра Жадана думалі ад самага пачатку, я сама вельмі ўважліва сачу за ім на фэйсбуку і бачу, што ён шмат ездзіць па Украіне — і з творчымі выступамі, і з іншай дапамогай. Я наогул хацела зрабіць дыскусію з Алексіевіч, Такарчук і Жаданом (Святланай Алексіевіч, Вольгай Такарчук і Сяргеем Жаданом — заўв. Reform.by), вось толькі Сяргію давялося б удзельнічаць, напэўна, анлайн.
Не ведаю, ці магу дазволіць сабе быць настолькі шчырай у гэтай сітуацыі… У мяне быў вельмі балючы раўнд перамоваў з украінскімі ўдзельнікамі, калі прычынамі для адмоваў было тое, што фестываль беларускі, а з Беларусі ляцяць ракеты. Планаў па запрашэнні было шмат, але “падгружаная” гэтай калектыўнай віной і рэфлексіямі на гэтую тэму, да запрашэння Жадана не дайшла, “абламалася” значна раней.
Наогул не хацела б мысліць “хэдлайнерамі” — ні ў адным нашым рэлізе, ні ў адным паведамленні мы не выкарыстоўвалі такіх паняткаў, гэта зневажае ўсіх іншых удзельнікаў, якія тады атрымліваюцца для баласту ці як? Вось Максім (Максім Жбанкоў — заўв. Reform.by) вырашыў, што Долін (Антон Долін — заўв. Reform.by) хэдлайнер, а ў іх была аднолькавая колькасць імпрэз у праграме. Атрымалася так, што чытачы праграмы самі вызначалі хэдлайнераў, але чамусьці прыпісваюць гэта арганізатарам. Я не маю Нобелеўскай прэміі, але і не адчуваю сябе баластам ні ў дачыненні да набелістаў, ні ў дачыненні да больш дасведчаных за мяне літаратараў і інтэлектуалаў. Сама ведаю, што раблю часам тое, што ніхто іншы не зробіць, і ў гэтым ёсць мая каштоўнасць. У дачыненні да іншых для мяне важна, што цікавага чалавек можа сказаць, што ён значыць у прафесійным сэнсе.
— Якім чынам узніклі расійскія спікеры? Украінская супольнасць з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну актыўна заяўляе пра байкот расійскай культуры. Падаецца, будучы канфлікт можа было б прадбачыць. Чаму вы ўсё ж аддалі перавагу прысутнасці расійскіх экспертаў у праграме?
— У фестывалі заўсёды былі замежныя госці, у тым ліку прадстаўнікі расійскай культуры. Але трое расійскіх спікераў (хаця гэта яшчэ вялікае пытанне, ці самі сябе яны вызначаюць расійскімі, таму гэтую прыналежнасць я зараз пазначаю вельмі і вельмі ўмоўна) на больш за сто ўдзельнікаў — не перавага. Перавага на фестывалі PRADMOVА заўсёды была ў беларусаў.
Безумоўна, мы бачылі, як разгортваецца сітуацыя з удзелам украінскіх гасцей на іншых міжнародных імпрэзах, разумелі, што можна было чакаць адмоваў украінскіх літаратараў ад удзелу ў фестывалі ў адных імпрэзах з расійскімі гасцямі. Мы гэта абмяркоўвалі. Але нам падавалася, што розныя пляцоўкі, розныя гарады — дастатковая дыстанцыя для таго, каб трое удзельнікаў не “заміналі” ўдзелу ў Варшаве і Кракаве значна большай колькасці нашых сяброў з Украіны. Ці былі ў нас падставы для такіх чаканняў? Перакананая, што былі. Яшчэ ў сакавіку ўкраінскія літаратары выступілі з заявай, што яны адмаўляюцца ад дыялогу з прадстаўнікамі расійскай культуры да таго моманту, пакуль апошні расійскі жаўнер не пакіне тэрыторыю Украіны. Вось жа, мы і не намагалаіся арганізаваць такі дыялог прадстаўнікоў расійскай і ўкраінскай культур, а тым больш абмеркаванне імі расійскай культуры. Уся размова, для якой запрашалі ўкраінцаў, круцілася б або вакол украінска-беларускіх дачыненняў, або вакол украінскага пытання і сітуацыі з украінскімі літаратарамі сёння.
«Долін быў такім жа ўдзельнікам, як і ўсе іншыя»
— Найбольшае абурэнне беларускай супольнасці выклікала прысутнасць у складзе ўдзельнікаў фестывалю расійскага кінакрытыка Антона Доліна, якому ўзгадалі гады працы на вядомым расійскім канале. Вы чакалі такой рэакцыі?
— Вось гэта і дзіўна, і гэта месца для постфестывальных рэфлексій. Атрымліваецца, што Долін — займае значнае месца ў іерархіі значнай часткі крытыкаў, раз яму надаецца столькі ўвагі. Але вось бачыце, хтосьці кажа: не ведаю, што там Гаралік (Лінор Гаралік — заўв. Reform.by), але Долін і Шандаровіч (Віктар Шандаровіч — заўв. Reform.by) павінны быць абавязкова. Нехта іншы: Шандаровіч аўтар некалькіх анекдотаў, што ён тут робіць? А трэці кажа, што Гаралік падтрымлівала беларусаў пасля пратэстаў дваццатага года, і Гаралік адзіная, хто мае права быць. Змагацца з чужымі оптыкамі і іерархіямі — няўдзячная справа… А спрэчка сёння набыла ўжо такі маштаб, што ніхто нікога не слухае.
— Напачатку быў заяўлены творчы вечар Антона Доліна. Сёння ў праграме Антон Долін распавядае пра беларускае пратэснае кіно: праграма скарэктавана. Паўтару пытанне адной маёй калегі: чаму нельга было запрасіць беларускіх кінакрытыкаў, якія б распавялі пра беларускае кіно? Гэта падаецца натуральным у сённяшнім кантэксце. Што б вы маглі адказаць на гэта?
— Так, можна было б запрасіць некага з беларускіх кінакрытыкаў для размовы пра беларускае кіно. Дарэчы, з самага пачатку з удзелам Антона Доліна меркавалася дзве імпрэзы. Адна — дыскусія наконт уплыву сучаснага «ваеннага» кіно на фармаванне рэчаіснасці, мадэраваць якую запрасілі Вольгу Раманаву. І другая — няўдала названая «творчым вечарам» — размова з Доліным пра беларускае кіно. Магчыма, было памылкай адразу даваць у праграме няпэўную назву, але на той момант мы не паспелі канчаткова зацвердзіць пералік фільмаў, пра якія будзе весціся размова. Дарэчы, сітуацыі, калі назва ўдакладнялася, былі і на ўсіх мінулых фэстах, і падчас гэтага дакладна яшчэ будуць карэкціроўкі. Праўда, ужо не Доліна — ён прыняў рашэнне адмовіцца ад удзелу. Але давайце шчыра: у сённяшняй сітуацыі відавочна, што для размовы на якую б тэму ні запрасілі Доліна, крытыкі яго прысутнасці на фестывалі сцвярджалі б, што на гэтую тэму могуць выказацца і іншыя.
Для мяне як адной з арганізатарак Долін быў такім жа ўдзельнікам, як і ўсе іншыя. Заўважце: менавіта дыскусіі вакол яго персоны зрабілі яго фігуру ключавой у дыскурсе. Калі паўсотні чалавек спытае “а чаму Долін?”, а арганізатары адкажуць на гэтае пытанне (бо не адказаць не могуць), то не дзіва, што мы толькі пра Доліна і гаворым. Але хто тады ў гэтай сітуацыі робіць яго галоўнай персонай? Арганізатары ці тыя, хто задае сорак дзявятае пытанне пра яго? Вось і ў гэтай размове я вымушаная казаць пра практычна невядомага мне да гэтай PRADMOVA Доліна, а не пра Някляева ці Міхніка, напрыклад.
— Ва ўдасканаленай праграме фестывалю, якая была апублікавана пасля паўзы, якую ўзяла каманда фэсту, зніклі са складу ўдзельнікаў многія імёны. У прыватнасці, украінскія выступоўцы, беларускія, якія не пагадзіліся выступаць на пляцоўцы з расійскімі спікерамі. Ганна Севярынец, Алесь Плотка, Максім Жбанкоў, у прыватнасці, не пагадзіліся з пазіцыяй фестывалю. Максім гэтаксама наўздагон зменам у праграме ды ўсёй сітуацыі выдаў калонку, у якой папракнуў «Прадмову-2022» у таксічнасці. («Галоўны трабл цяперашняй «Прадмовы» ў тым, што яна рэжысуе не падзеі, а канфлікты» — цытата з яго каментара). Як бы вы маглі пракаментаваць яго словы? Яны падаюцца вам справядлівымі? Сыходзячы з пазіцыі каманды, «Прадмова» бачыць сябе як прастора прымірэння, але ў час, калі вайна працягваецца, ці магчыма гэта?
— Адносна пазіцыі Максіма Жбанкова я ўжо казала, што не разумею, чаму ў ягонай оптыцы Долін займае такое ключавое месца, што гэтаму трэба было прысвячаць такі разнос. На маю думку, там шмат перадзёргванняў, але я не хацела б падрабязна разбіраць калонку Максіма, — ён мае права на сваё меркаванне, з якім я не згодная. Але рэагаваць на гэта патэзісна — значыць, быць уцягнутай у парадыгму спрэчкі, якая падаецца мне штучным змяшчэннем акцэнтаў.
«Праграма, як падаецца, на любыя густы»
— Тым не менш у праграме фэсту, які будзе ладзіцца, нагадаю, у чатырох гарадах — Тбілісі, Кракаве, Варшаве ды Вільні, — вялікая колькасць падзей. У фестывалі ўдзельнічаюць каля ста гасцей. Працу каманды не хацелася абясцэньваць. На якія б падзеі вы асабіста звярнулі ўвагу чытачоў?
— Праграма PRADMOVA вельмі шырокая і разнастайная, таму нават цяжка нешта выдзеліць. Тут і прэзентацыі кніг, філасофскія дыскусіі на актуальныя тэмы, шмат дзіцячых мерапрыемстваў, музычныя імпрэзы, ночы паэзіі.
У Кракаве і Варшаве мы плануем уручыць прэміі Беларускага ПЭНа — Алеся Адамовіча і Францішка Багушэвіча.
У Кракаве будуць прэзентацыі маладаступных у Беларусі кніг Юліі Цімафеевай і Альгерда Бахарэвіча, Сяргей Шупа прывязе пераклад Мойшэ Кульбака, а Вальжына Морт прэзентуе сваю кнігу паэзіі, выдадзеную выдавецтвам “Янушкевіч”. Уладзімір Арлоў будзе і ў Кракаве, і ў Варшаве, а Уладзімір Някляеў прэзентуе свой новы раман у Кракаве і ў Тбілісі. Будуць і традыцыйныя «Ночы паэзіі» — падрабязны склад удзельнікаў па кожным горадзе глядзіце ў праграме. Але зноў-такі, некага не згадаць цяпер — можна пакрыўдзіць. Я б асабіста вельмі хацела трапіць на сустрэчу з Лінор Гаралік у Тбілісі.
Што тычыцца канктрэтных імпрэз, я б асабліва звярнула ўвагу на тыя, дзе мы спрабуем стварыць пляцоўку дыялогу і сутворчасці беларускіх і мясцовых удзельнікаў — з Грузіі, Літвы, Польшчы… Калі мы ўжо апынуліся па-за Домам, то давайце паспрабуем лепш даведацца адно пра аднаго і пра тую прастору, якая гасцінна прыняла нас і стала нашым часовым прыстанкам. Адам Міхнік, сустрэча з якім некалі ў Мінску мела вялікую папулярнасць, сустрэнецца з публікай у Варшаве. А ў Вільні адбудзецца размова з палітолагам і прафесарам філасофіі Гінтаўтасам Мажэйкісам. Праграма, як падаецца, на любыя густы.
Фестываль — гэта не толькі праграма і выступы, хаця яны, безумоўна, “вітрына”. Напрыклад, на ўсіх пляцоўках плануецца кніжны кірмаш. Шчыра сказаць, арганізаваць яго было подзвігам (улічваючы сітуацыю, у якой сёння знаходзяцца незалежныя выдаўцы ў Беларусі), і мы надзвычай ўдзячныя ўсім, хто спрычыніўся да гэтага.
Нягледзячы на ўсю траўматычнасць сёлетніх дыскусій вакол PRADMOVA, мне падаецца, быў узняты шэраг вельмі важных тэмаў. Вось пра імперскасць у культуры мы хацелі б паразважаць на дыскусіі ў Варшаве.
— Што вам падаецца найбольш важным у сённяшні момант? Як магчыма падтрымаць беларускую літаратуру і слова ў часы, калі нішчаць кнігарні і затрымліваюць выдаўцоў?
— Вельмі складана адказаць на гэтае пытанне, асабліва калі адчуваеш немагчымасць карэнным чынам памяняць сітуацыю. Але калі захоўваць пэўную самадысцыпліну і памятаць, што ўсё, што ты робіш (нават калі яно падаецца дробным і малаістотным) у кірунку гэтай змены, — вельмі патрэбна.
Таму мой адказ быў бы такім: кожны можа на сваім месцы рабіць нешта, а гэта мноства розных справаў: напісаць ліст зняволеным, набыць кнігу (яшчэ ёсць магчымасці), распавядаць пра гэтую сітуацыю тым, хто можа паўплываць на лепшае разуменне заходнімі грамадствамі і палітыкамі сітуацыі, у якой сёння апынулася беларуская кніга… Праяўляць салідарнасць з рэпрэсаванымі (маральнай і грашовай падтрымкай іх справы).
Але таксама — і гэта мне падаецца не менш важным, магчыма, гэта адна з задачаў для Беларускага ПЭНа — адбудоўваць альтэрнатыўную інфраструктуру беларускага кнігавыдання — з магчымасцю перадзамовіць кнігі, фінансаваць іх выданне, атрымаць у любой кропцы свету.
Гэта, безумоўна, павінна быць патрэба ў першую чаргу самім беларусам, а не заходнім донарам, таму давайце найперш разлічваць на сябе.
Падрабязней дазнацца пра праграму фестывалю можно тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: