У Берліне распачалася серыя культурных падзей беларускіх дзеячаў

Знакамітая берлінская пляцоўка HAU Hebbel am Ufer цягам тыдня прымае на сваіх шматлікіх сцэнах нізку культурных падзей ад беларускіх дзеячаў. Тэатр, сучаснае мастацтва, літаратура, музыка — пазнаёміцца з беларускай альтэрнатыўнай сцэнай у Нямеччыне магчыма да 27 красавіка.

Сёння, да прыкладу, працягвае ўмоўны фэст беларускай культуры выстава арт-групы «1+1=1», на якой будуць прадстаўлены дзве інсталяцыі аўтараў аб’яднання. Выстава адкрылася ў лакацыі HAU2.

«Сястрынства» — так называецца праца беларускай мастачкі Fabifa, што зараз будзе прэзентавана ў фае HAU2. Беларускай аўтарка, якая зараз жыве ў Берліне, працуе ў кірунку tape art. Яна выкарыстоўвае ў якасці інструмента для стварэння сваіх работ такі сродак, як тэйпы.

Мастачка Fabifa. Крыніца фота: hebbel-am-ufer.de.

Кульмінацыя вечара ў HAU2 сёння — прэм’ера міжнароднага праекта «P for Pischevsky» ў памяць аб загінулым ў 2014 годзе Мішы Пішчэўскім. (Падрабязней пра праект тут). Рэжысёр пастаноўкі — кіраўнік беларуска-брытанскага HUNCH theatre Уладзімір Шчэрбань абяцае пераўтварыць тэатральную сцэну ў тэхна-рэйв-вечарыну і адначасова судовае слуханне.

Заўтра ўжо пляцоўка HAU3 чакае на дыскусію Артура Клінава — беларускага мастака, пісьменніка, архітэктара. Бяседу з літаратарам будзе весці нямецкая пісьменніца, журналістка і лектарка Аннет Грёшнер.

З 23 красавіка ў HAU Hebbel am Ufer распачынаюцца музычныя івэнты.

Дзіджэй, музыкант і візуальны мастак з Мінску Ілья Гурын-Бабарын адкрые музычны блок выставай сваіх аўдыявізуальных прац Fabrica ў HAU1.

Сумесны канцэрт беларускіх музыкаў — Shuma, Kutzkelina ды Ягор Забелаў — у той жа лакацыі — пазнаёміць слухачоў з «неартадаксальнай [музычнай] практыкай у супрацы з традыцыйным». Па словах арганізатараў, гэта музыка можа быць «прапісана як свайго кшталту гукавое лячэнне».

Ягор Забелаў. Крыніца фота: hebbel-am-ufer.de.

Падхопіць эстафету ўжо 26 красавіка ў той жа зале Sveta Ben & Galya Chikiss, фрык-ансамбль «Кассиопея» ды эксперыментальны электронны праект Наталлі Куніцкай Mustelide. Свайго кшталту беларуская андэграўндная музычная сцэна ў падарожжы па свеце.

Завершыць, лічы, паўнавартасны фэст беларускай культуры 27 красавіка ў HAU2 «Лясны марафон». На сустрэчы творцы самых розных дысцыплін праз гутаркі і сумесныя мастацкія практыкі паспрабуюць пракласці ўласныя тропы скрозь страх, трывогу і боль да надзеі і кахання.

Падрабязней расклад падзей у HAU Hebbel am Ufer можна паглядзець тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.