Знакамітая берлінская пляцоўка HAU Hebbel am Ufer цягам тыдня прымае на сваіх шматлікіх сцэнах нізку культурных падзей ад беларускіх дзеячаў. Тэатр, сучаснае мастацтва, літаратура, музыка — пазнаёміцца з беларускай альтэрнатыўнай сцэнай у Нямеччыне магчыма да 27 красавіка.
Сёння, да прыкладу, працягвае ўмоўны фэст беларускай культуры выстава арт-групы «1+1=1», на якой будуць прадстаўлены дзве інсталяцыі аўтараў аб’яднання. Выстава адкрылася ў лакацыі HAU2.
«Сястрынства» — так называецца праца беларускай мастачкі Fabifa, што зараз будзе прэзентавана ў фае HAU2. Беларускай аўтарка, якая зараз жыве ў Берліне, працуе ў кірунку tape art. Яна выкарыстоўвае ў якасці інструмента для стварэння сваіх работ такі сродак, як тэйпы.
Кульмінацыя вечара ў HAU2 сёння — прэм’ера міжнароднага праекта «P for Pischevsky» ў памяць аб загінулым ў 2014 годзе Мішы Пішчэўскім. (Падрабязней пра праект тут). Рэжысёр пастаноўкі — кіраўнік беларуска-брытанскага HUNCH theatre Уладзімір Шчэрбань абяцае пераўтварыць тэатральную сцэну ў тэхна-рэйв-вечарыну і адначасова судовае слуханне.
Заўтра ўжо пляцоўка HAU3 чакае на дыскусію Артура Клінава — беларускага мастака, пісьменніка, архітэктара. Бяседу з літаратарам будзе весці нямецкая пісьменніца, журналістка і лектарка Аннет Грёшнер.
З 23 красавіка ў HAU Hebbel am Ufer распачынаюцца музычныя івэнты.
Дзіджэй, музыкант і візуальны мастак з Мінску Ілья Гурын-Бабарын адкрые музычны блок выставай сваіх аўдыявізуальных прац Fabrica ў HAU1.
Сумесны канцэрт беларускіх музыкаў — Shuma, Kutzkelina ды Ягор Забелаў — у той жа лакацыі — пазнаёміць слухачоў з «неартадаксальнай [музычнай] практыкай у супрацы з традыцыйным». Па словах арганізатараў, гэта музыка можа быць «прапісана як свайго кшталту гукавое лячэнне».
Падхопіць эстафету ўжо 26 красавіка ў той жа зале Sveta Ben & Galya Chikiss, фрык-ансамбль «Кассиопея» ды эксперыментальны электронны праект Наталлі Куніцкай Mustelide. Свайго кшталту беларуская андэграўндная музычная сцэна ў падарожжы па свеце.
Завершыць, лічы, паўнавартасны фэст беларускай культуры 27 красавіка ў HAU2 «Лясны марафон». На сустрэчы творцы самых розных дысцыплін праз гутаркі і сумесныя мастацкія практыкі паспрабуюць пракласці ўласныя тропы скрозь страх, трывогу і боль да надзеі і кахання.
Падрабязней расклад падзей у HAU Hebbel am Ufer можна паглядзець тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: