Каманда самага нефарматнага кінафестывалю кароткага метра ў Беларусі — «Нефільтраванага кіно» — вырашыла зрабіць новую эдыцыю форуму нават у сённяшніх складаных умовах. «Ці героі мы? — адгукнуўся на рэпліку Reform.by кіраўнік «Нефільтра» Алекс Мартынюк. — Хіба што, як кажуць кітайцы: цуць-цуць», — пажартаваў кінападзвіжнік.
Нагадаем, што «Няфільтр», які з’яўляецца незалежным кінафорумам, спецыялізуецца на неканвенцыйным кіно ў яго найшырэйшым прачытанні. Сёлета даты яго правядзення — 25-27 сакавіка.
Кіно на мяжы аматарства і прафесіі, новых і старых канцэпцый, канвенцый, свету; кіно як намацванне новых стасункаў і сродкаў асэнсавання рэчаіснасці, якая ўвесь час выслізгвае з-пад ног. Гэта ўсё пра «Няфільтр». Хто сказаў, што кропка погляду на прадмет мусіць быць устойлівай? Хто сказаў, што кіно ўвогуле мусіць выглядаць так, якім мы яго бачым на фестывалях класу «А»? Хто сказаў, што нашыя «фільтры» не патрабуюць перагляду? І гэтак далей і да таго падобнага.
«Няфільтр» — гэта пляцоўка, якая адкрыта заяўляе пра пошук кіно як праявы часу і нечаканую практыку, досвед і прапануе далучыцца да гэтага эксперыменту ўсім неабыякавым ды выпадковым гледачам. Калі вы шукаце штосьці «на мяжы» ды ў збочыне ад камерцыйнага кіно — вам акурат на «Няфільтр».
Што ж неканвенцыйны фестываль з неканвенцыйных прапануе гэтым разам?
Сёння, 25 сакавіка, у прыватнасці, фестываль стартуе ў VOKA CINEMA з музычнага сэту Пафнуція Кузюкяна ды… праграмы кіно, адабранай штучным інтэлектам.
«Адбор фільмаў і пераможцаў ажыццяўляўся з дапамогай двухслаёвай згорткі нейронавай сеткі, — інтрыгуюць арганізатары. — Мадэль прайшла навучанне маркіраваць фільмы, выкарыстоўваючы больш за паўсотні інфармацыйных параметраў пра сам праект і яго аўтара, а таксама экспертныя ацэнкі за мінулыя гады фестывалю.
Для нас было важна, каб мадэль мела свой непаўторны густ і крытэрыі адбору, — дадае каманда, — таму вельмі верагодна, што фільмы, якія яна паказвае, будуць істотна адрознівацца ад выніковых экспертных ацэнак«. Як вам такі выклік?
Заўтра, 26 сакавіка, гледачоў чакаюць іншыя дэлікатэсы — праграмы анімацыі ды відэаарту, а гэтаксама конкурсы дакументальнага кіно і гульнявых фільмаў.
Пра апошніі, у прыватнасці, каманда «Няфільтра» кажа так:
«З аднаго боку, у праграме — самыя яркія, але класічныя па форме фільмы («Вольнае падзенне» Эмануэля Тэненбаума, «Іерусалімская прынцэса» Гіёма Левіла, Нікаля Пабана). А таксама фільмы, якія дэманструюць разнастайнасць і гнуткасць формы («Жыве народ!» Нікаласа Торэса Паяна), яе эвалюцыю і сучаснасць («Маміна котка» Аннабэлы Шнабель). Аднак гэта не здымае праблему ўмоўнасці ў кіно, праблемы яго маналагізму («Спрацаваў клас!» Пола Дыгглера)».
Што да трэцяга дня, ён гэтаксама абяцае быць не менш насычаным. Тут і праграма «Жанчыны ў кіно», эксперыментальная падборка, праграма «Усход — Захад», конкурс беларускіх фільмаў.
Улічваючы тое, што магчымасць паглядзець добрае беларускае кіно ў публічнай прасторы за апошні год упэўнена імкнецца да нуля (прывітанне, «Лістапад»!), прапануем не прапускаць такой магчымасці.
У падборцы — анімацыя Наты Карнеевай «Птушка» і Генадзя Буто «Занадта вялікі малюнак», эксперымент Уладзіміра Сліжыка Solo, абсурдная камедыя Арсенія Алейніка «Трайная паэтрыя», тытулаваная стужка Веранікі Бандаровіч «Майская пчолка/May bee», фільмы пра эскапізм Паўла Станкуса — «Хованкі», Кацярыны Ермаловіч і Марыны Здаранковай — «Ціхаходкі. Не адлекаваць часам…».
Улічваючы тое, што фестываль ладзіцца на публічнай кінапляцоўцы — кінатэатры VOKA CINEMA — арганізатары фэсту мусілі былі ўзгадніць сваю праграму з адпаведнымі інстытутамі. Без стратаў (па цэнзурных прычынах) у праграме не абышлося, але значныя рэчы камандзе ўдалося абараніць.
Па шчырасці, падсумоўваючы агляд, можна зрабіць выснову, што ўжо само існаванне «Няфільтра» — і яго ўпартасць не сыходзіць у андэграунд, нягледзячы ні на што, — і ёсць неканвенцыйным супрацівам.
Такім чынам… мінуючы фільтры ды насуперак ім. Фестываль «Нефільтраванага кіно» сёння распачынае сваю працу і працягвае.
А пазнаёміцца бліжэй з раскладам фэсту можна тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: