Адно з найвядомейшых незалежных кніжных выдавецтваў Беларусі — «Янушкевіч» — пазбавілі офіса. Як распавеў Reform.by дырэктар выдавецтва Андрэй Янушкевіч, учора вызваліць памяшканні іх папрасіў арэндадаўца — кампанія «Маллс 40».
— Папрасілі вызваліць офіс на Мар’еўскай, 7A да канца тыдня, гэта значыць цягам бліжэйшых трох дзён, — паведаміў выдавец. — Пазначылі проста «острой необходимостью» . З чым звязаная такая спешка — дадатковых каментарыяў не было.
Уласніка нават не засмуціў той факт, што па законе яны павінны папярэдзіць другі бок аб спыненні дамовы арэнды за два месяцы.
— Мяркую, што нас проста хочуць выселіць з гэтага будынка, — пракаментаваў спадар Андрэй.
Адзін з клопатаў выдавецтва зараз — куды падзець кнігі з офіса. Таму калектыў аб’явіў распродаж з 20% зніжкай кніг, якія знаходзяцца на Мар’еўскай, 7А.
«Ёсць амаль увесь асартымент, прыходзьце, калі ласка, на месцы мы будзем рабіць зніжку», — звяртаецца да чытачоў каманда.
Адрас выдавецтва, які неўзабаве знікне — Мінск, вуліца Мар’еўская, 7А, офіс 10.
«У астатнім мы працуем, усе абавязальніцтвы з нашага боку будуць выкананыя», — зазначаюць у выдавецтве.
Выдавецтва «Янушкевіч» працуе ў Беларусі з 2014 года. Яго спецыялізацыя — гістарычная і літаратура non fiction. Але місія інстытуцыі шырэйшая — пашыраць культурную прастору беларускай кнігі, зацікаўліваючы ёю як мага большае кола чытачоў ва ўсім свеце. Таму ў асартыменце выдавецтва — і пераклады вядомых літаратурных твораў, мастацкая проза, дзіцячая літаратура.