3 сакавіка — дзень памяці беларускага драматурга і пісьменніка Францішка Аляхновіча

Культура
Францішак Аляхновіч. Фота: wikipedia.

Драматург, пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзяяч Францішак Аляхновіч — аўтар двух дзясяткаў п’ес, грунтоўнага даследавання «Беларускі тэатр» і кнігі «У капцюрох ГПУ» — пра ўласны досвед зняволення на Салаўках… Ён правёў у лагерах 7 гадоў, а пасля быў абменены на Браніслава Тарашкевіча.

Пасля гвалтоўнай смерці Аляхновіч на доўгі час быў забаронены, яго творы схаваны ў таемныя архівы, у Беларусі яго пачалі друкаваць толькі ў 1990-я.

Аляхновіч быў забіты 3 сакавіка 1944 года, 80 гадоў таму, у Вільні ва ўласнай кватэры на вуліцы Ясінскага.

15 сакавіка 1944 года быў названы забойца: партызаны паведамілі, што ў Вільні яны забілі адказнага рэдактара выдаванай немцамі на беларускай мове газеты «Беларускі голас» Ф. Аляхновіча. У зносцы ўдакладняецца: «Гэтую акцыю правяла дыверсійная тройка Віленскага гарадскога атраду на чале з Я. Сіманавічусам (Пятрайцісам, — піша «Радыё Свабода» ў расследаванні, прысвечаным невядомым фактам і сапраўдным матывам гэтага забойства.

3 сакавіка — дзень памяці беларускага драматурга і пісьменніка Францішка Аляхновіча

Аўтар расследавання Сяргей Дубавец заняўся пошукамі заказчыкаў забойства.

Літоўскі савецкі партызанскі рух, як і беларускі, быў створаны і кіраваўся з Масквы. Узначальваў цэнтральны штаб усяго савецкага партызанскага руху першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка, а літоўскім штабам кіраваў першы сакратар ЦК КПЛ Антанас Снечкус. Зразумела, што як агульныя, так і лакальныя задачы яны вырашалі разам.

«Адным парадкам ішло лясное жыцьцё, учыняліся дывэрсіі, здабываўся харч і слаліся справаздачы на «большую землю», у Маскву. Таксама адным парадкам зьнішчаліся нацыянальныя школы, што ўзьніклі пад нямецкай акупацыяй, грамадзкія арганізацыі і ўсё іншае, што было пад корань высечана за Саветамі, а цяпер ажыло», — піша Дубавец.

Беларускія культурныя справы ў Вільні, якімі займаўся Аляхновіч, вельмі цікавілі цэнтральны штаб партызанскага руху і асабіста яго начальніка Панцеляймона Панамарэнку.

«Яшчэ ў 1938-м, заступіўшы на пасаду кіраўніка БССР, гэты краснадарскі казак з галавой узяўся вынішчаць усё беларускае, якое для яго было — «нацыянал-фашысцкае». Толькі, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, каб абразіць беларушчыну, ён ужываў перакрыўленае беларускае слова «щирые», а не «сьвядомыя», — сцвярджае Сяргей Дубавец.

— Гэта Панамарэнка прасіў у Сталіна дазволу арыштаваць Купалу і Коласа, а ў якасьці чальца «тройкі» НКВД вынес 4650 расстрэльных прысудаў. Здавалася б, зачысьціў «щирых» дазваньня. А тут пачалася вайна, і тыя зноў, дзе ні глянь, прабіваюцца як трава праз асфальт. Але ж і ён на кані, хоць і ў Маскве, але з цэлым сваім партызанскім рухам «на местах». У Менску савецкія партызаны проста ў рэдакцыі «Беларускай газэты» забіваюць яе рэдактара Ўладзіслава Казлоўскага. У Вільні, не прайшло і паўгода, савецкія партызаны забіваюць рэдактара «Беларускага голасу“ Францішка Аляхновіча.

Сюжэты падобныя, замоўца той самы і выканаўцы з аднаго фармаваньня. Хіба што постаці ахвяраў не параўнальныя.

На момант гібелі Францішак Аляхновіч заставаўся на ўсю Беларусь найбуйнейшай фігурай сярод «щирых». Гэта разумеў Панамарэнка, разумелі і самі беларусы. Пра пахаваньне, якое яны зладзілі Францішку Аляхновічу ў Вільні, відавочцы пакінулі нямала яркіх успамінаў. Я вазьму зь іх толькі адно слова: грандыёзнае».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: