Сёння беларусы распачынаюць сусветны марафон MOVA24 — напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы

Главное

З сямі гадзін раніцы па мінскім часе 20 лютага да сямі гадзін наступнага дня — новая ініцыятыва беларусаў свету — марафон «24 гадзіны беларускай мовы» — запрашае далучыцца да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які адбудзецца 21 лютага.

Гутаркі, лекцыі, гульні, вольны мікрафон — самыя розныя фарматы анлайн-сустрэч на беларускай прапануе праект volnajamova.online. На адмысловай платформе, створанай ініцыятывамі «Вольная мова», Сябры, Супер Мова і Асацыяцыяй беларусаў у Амерыцы, наведвальнікам прапануюцца дзясяткі мерапрыемстваў, на якіх можна ўдасканаліць сваю беларускую: ад лекцыі пра сучасную беларускую паэзію да віртуальных заняткаў па фітнесе і расцяжцы.

«Мы робім гэты марафон, каб як мага больш людзей змаглі напярэдадні і ў Сусветны дзень роднай мовы пагаварыць, ці хаця б паслухаць нешта цікавае для сябе па-беларуску, — звяртаюцца да беларусаў арганізатары дзеі. — А таксама ў гэты дзень мы хочам паказаць, што беларуская мова становіцца Сусветнай. Што беларусы ёсць усюды і яны не забываюць свае карані. Далучайцеся! Гаварыце! Знаёмцеся! Стварайце!» — заклікаецца ў пасланні.

Праграма марафона —  надзвычай разнастайная, і што цікава, прадугледжвае фарматы рознай даступнасці.

Скажам, наведвальнік ці наведвальніца віртуальнага мерапрыества можа заглянуць у адкрыты пакой — ZOOM-пакой, куды можна заходзіць без рэгістрацыі; ён разлічаны на 100 удзельнікаў сустрэчы.

Для больш камерных падзей ёсць так званыя закрытыя пакоі — колькасць удзельнікаў падобных мерапрыемстваў вагаецца ад 10 да 30 чалавек. Тут, каб патрапіць на гутаркі, гульні, віктарыны і міні-лекцыі, патрабуецца запіс.

Куды ж можна схадзіць на MOVA24? Прапаноў багата.

Да прыкладу, лекцыі. У раскладзе запланавана, скажам, такая нечаканая гутарка —  «Пра коцікаў: міфалагічных, чорных і любімых»,  — на сустрэчы прапаноўваецца «паслухаць пра месца катоў у розных тэкстах, абрадах і жыццёвых сітуацыях колішняга і сучаснага беларуса».

Ёсць і лекцыя з майстар-класам «Сольныя ідышскія танцы», гутарка «Урбаністыка ў падарожжах па Беларусі і не толькі». Выступ Паўла Ганцара з расповедам пра фатаграфію, Яны Карслян — пра брокалі і біяхімію (і гэта не жарт). Віктарыну пра беларускае бортніцтва правядзе Іван Восіпаў, пра гісторыю беларускай Дуды раскажа Яўген Барышнікаў. Гэтаксама на сувязь мусяць выйсці беларусы з ЗША з лекцыяй «Беларуская дыяспара ў ЗША: як захаваць ідэнтычнасць у іншамоўным асяроддзі». Словам, самыя розныя сферы будуць гучаць па-беларуску — як гэта і павінна быць.

У закрытых сустрэчах вядуць рэй не менш цікавыя выступоўцы.

Скажам, віктарыну па беларускіх вершах правядзе Ганна Севярынец, лекцыю аб міжнароднай мове эсперанта — Раман Ралько. Гутарка «Пра піва пад піва» адбудзецца з Аляксандрам Калбаска; пра сны ў беларускім фальклоры прапануе паразважаць Аліна Высоцкая, з практыкамі псіхалагічнай дапамогі паспрыяе Наталля Станкевіч… Ды абавязкова не забудзьцеся запісацца на творчы вечар Андрэя Хадановіча, які адбудзецца сёння ўвечары. Падсумоўваючы сціслы экскурс у праграму, падаецца, што патрапіць у свой «кубачак гарбаты», знайсці сферу сваіх інтарэсаў на марафоне, — у цікаўных беларусаў шанцы ёсць.

Для таго, каб было лягчэй арыентавацца ў плыні мерапрыемстваў, MOVA24 прапануе падпісацца на тэлеграм-канал.

Сусветны марафон «24 гадзіны беларускай мовы» працягнецца, нагадаем, да сёмай раніцы 21 лютага, калі афіцыйна «ўступіць у сілу» Міжнародны дзень роднай мовы.

Партнёрамі праекта выступаюць Беларуская рада культуры і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

Міжнародны дзень роднай мовы быў заснаваны рашэннем 30‑й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года з мэтай заахвочвання моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама з мэтай спрыяння ўсведамлення моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. У Беларусі дзень адзначаецца з 2009 года.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: