«Толькі гэты раман і круціў у галаве»: сёння Вольныя Купалаўцы прэзентуюць аўдыёспектакль па Оруэлу

Культура
Афіша аўдыёспектакля "1984". Фота: facebook.com/kupalaucy.

«Тры дні, тры вечары, тры часткі. Твор, які дзясяткі гадоў застаецца на вяршыні чытацкіх рэйтынгаў«, — так анансуе сваю новую работу незалежная тэатральная група. Сёння, 19 снежня, Вольныя Купалаўцы прэзентуюць першую частку эпічнага праекта — аўдыёспектакль па аднайменным рамане Джорджа Оруэла «1984».

«Напэўна, няма сэнсу тлумачыць, чаму менавіта гэты матэрыял мы ўзялі для працы. Вечная гісторыя, як бот, што наступае на чалавечы твар, як казаў сам Оруэл«, — каментуюць свой выбар артысты ў выгнанні.

У часы Савецкага Саюза раман брытанскага пісьменніка, журналіста і публіцыста на тэрыторыі Беларусі, як і на тэрыторыі ўсёй дзяржавы пад назвай СССР, быў забаронены ажно да 1988 года. Хаця апублікаваны быў яшчэ ў 1949-м, а перакладзены не менш чым на 65 моў.

Першымі назвамі рамана былі “Апошні чалавек у Еўропе” і “Жывыя і мёртвыя”.

— У дзевяностыя я ўпершыню сутыкнуўся з раманам Джорджа Оруэла «1984», —  выказаўся з нагоды прэм’еры адзін з рэжысёраў і рэдактараў пастаноўкі акцёр Алег Гарбуз. — Менавіта па-беларуску. Тады я з палёгкаю ўспрымаў гэта як мажлівую, але не ўмацаваную ў правах мінуўшчыну. Апошнія некалькі гадоў, яшчэ да 2020-га, я толькі гэты раман і круціў у галаве. Можа, гэта і ёсць праца майго жыцця. Колькасць пачварных супадзенняў з рэчаіснасцю выбешвае, разбурае знутры, і разам з гэтым заклікае інстынкт самазахавання казаць гучнае НЕ.

Лічылася, што пафас аднаго з найвядомейшых твораў Джорджа Оруэла скіраваны акурат супраць камуністычнай дыктатуры. “1984” – таталітарная сістэма, у якой грамадства адмаўляе свабоду. Канцэнтрацыя ўлады ў адных руках, адзіная “правільная ідэалогія”, татальны кантроль над грамадскім і асабістым жыццём, галеча і ўсеагульны страх, вынішчэнне іншадумцаў і нязгодных, бясконцыя пошукі ворагаў, з якімі вядзецца няспынная вайна. А галоўнае – вынішчэнне мовы, слова, ідэі, любога пачуцця.

Пераклад рамана брытанскага аўтара на беларускую мову здзейсніў Сяргей Шупа.

Над запісам працавалі: Юльяна Міхневіч, Валянціна Гарцуева, Андрэй Дробыш, Павел Паўлюць, Вячаслаў Паўлюць, Сяргей Чуб, Мікалай Кучыц, Міхась Зуй, Віталь Макарэвіч, Кірыл Гарбуз.

Кампазітар, гукарэжысёр, саўнд-дызайнер – Оlegdeep. Мастачка – Насця Камінская.

Рэжысёрамі і рэдактарамі прэм’еры-трылогіі ў аўдыёфармаце выступілі Алег Гарбуз і Крысціна Дробыш.

«Умоўная будучыня вачыма Джорджа Оруэла. Ці стала гэтая фантазія рэальнасцю? Вырашаць нашым гледачам. А ў дадзеным выпадку – слухачам«, — запрашаюць да праслухоўвання праекта артысты.

19, 20 і 21 снежня 2021 года. Месца сустрэчы — ужо традыцыйна Ютуб-канал “Купалаўцы”. Пачатак — 19.00.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: