Пра што кніга «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец, якая атрымала першае месца прэміі Гедройця

Главное

Сенсацыяй селётняй прэміі імя Ежы Гедройця — галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды сталася тое, што два з трох прызавых месцаў былі прысуджаных кнігам аўтарак, а не аўтараў. Але тое зусім нельга лічыць данінай модзе, а заслужаным прарывам у сучаснай беларускай літаратуры.

Так, з фармуліроўкай «за стварэнне арыгінальнага мастацкага хранатопу і перадачу аўры беларускасці на фоне глабальнага свету і ўніверсальных каштоўнасцяў” першае месца прэміі было прысуджана кнізе «Па што ідзеш, воўча?» пісьменніцы, журналісткі і перакладчыцы Евы Вежнавец (Святланы Курс). Кніга выйшла ў выдавецтве “Пфляўмбаўм”/ Выдавец Раман Цымбераў.

Пра што кніга "Па што ідзеш, воўча?" Евы Вежнавец, якая атрымала першае месца прэміі Гедройця
Фота: penbelarus.org.

Зборнік эсэ паэткі і празаіка Тані Скарынкінай «Райцэнтр» атрымаў другое месца з фармуліроўкай “за засваенне новага фармату айчыннага нон-фікшн, дзе стварэнне поліфанічнага свету беларускай правінцыі спалучаецца з непасрэднасцю аўтарскага выказвання”. Кніга таксама была надрукавана ў выдавецтве “Пфляўмбаўм”.

І “за натхнёны і пераканаўчы расповед пра палітычнае нараджэнне Беларусі і беларускай нацыі” трэцім лаўрэатам літаратурнай прэміі стала кніга “Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі” беларускага журналіста і пісьменніка Сяргея Абламейкі (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020) . Гэтаксама даволі нечаканы ход ад журы, які падкрэслівае значнасць і вагу твору гісторыка, вакол якога ўжо ідуць абмеркаванні.

Колькі словаў пра галоўную кнігу-пераможцу.

Пісьменніца і журналістка Ева Вежнавец пісала сваю «балотную казку» десяць гадоў. Сюжэтна кніга распавядае пра вяртанне галоўнай героіні Рыны — алкагалічцы сярэдніх гадоў — у Беларусь — на радзіму, на пахаванне сваёй бабкі. Але, насамрэч, як і належыць балотнай казцы, апавяданне заводзіць у невядомае месца, дзе чытач правальваецца ў вір… гісторыі. На прыкладзе жыцця адной невядомай «забытай богам глушэчы» разварочваецца страшная, паганская гісторыя змены ўладаў у Беларусі ХХ стагоддзя. Палякі, красныя, калектывізацыя, ІІ сусветная, і яўрэйскія пагромы-масакры ад сваіх ды чужых. Мова як кіпень, як замова, як гаротны плач, як тая самая страшная казка. У стопяцідзесяцістаронкавым рамане Евы Вежнавец Беларусь паўстае краем гора, болі, пралітай крыві і забыцця, краем прыгажэйшых і дзіўных імёнаў і мянушак, назваў месцаў і лапікаў, краем на краі. Часам, каб вымавіць усе тое, праз што прайшоў беларускі люд, трэба як галоўная гераіня Рына — сыйсці ў стан памежны, занурыцца ў мову і гісторыю як у напой, градус моцнасці якога з кожнай старонкай толькі расце. «Па што ідзеш, воўча?» — гэта тая кніга, якую мы не чакалі, але яна паўстала. Яна нібыта вярнулася да нас, як тое саме балота, якое не толькі губіць і прыгнятае, але захоўвае і ратуе, якое часам з вады і глебы абарочваецца ў паветра. І дзякуй за гэта пісьменніцы.

У складзе журы прэміі Гедройця сёлета працавалі: Наста Грышчук, літаратурны крытык; Сяргей Дубавец, журналіст, літаратар, крытык; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар; Алесь Пашкевіч, літаратар, літаратуразнаўца.

Арганізатары Прэміі Гедройця 2021: ліквідаваныя беларускімі ўладамі Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: