Варшаўскі фестываль беларускіх фільмаў Bulbamovie «выходзіць з лесу»

12 лістапада ў варшаўскім кінатэатры Iluzjon распачынаецца кінафестываль Bulbamovie — унікальны форум-«партызан», які з’яўляецца ў патрэбныя часы, каб падтрымаць беларускае кіно.

Сёлета ў яго праграме — фільмы, якія распавядаюць пра жыццё ў Беларусі ў часы рэвалюцыі і да яе.

Дырэктар і сузаснавальнік фестывалю Януш Гаўрылюк патлумачыў вяртанне падзеі так:

Пасля года цыклічнага спусташэння сваёй краіны [чыноўнікі беларускага рэжыму] пайшлі ў кінатэатр. Арганізацыю сёлетняга фестываля «Лістапад» перадалі дзяржаўнай кінакампаніі «Беларусьфільм», і адным з першых [яе] рашэнняў было зняцце беларускага конкурсу з праграмы фестывалю. Перад Bulbamovie паўстала адмысловая задача. Як і належыць беларускаму партызану, ён выходзіць з лесу, каб 12-14 лістапада заняць сталічны кінатэатр у Варшаеве Iluzjon, — амаль пракламуе рэжысёр і падзвіжнік беларускага кіно.

Трохі з гісторыі культавага фэсту, першы сезон якога адбыўся ажно ў 2011 годзе.

Пасля хвалі беларускіх пратэстаў у 2010-тым польская супольнасць вырашыла падтрымаць беларускі незалежны кінематограф, які ў тыя часы толькі нараджаўся. «Бульбамуві» распачынае сваю працу і рух у Варшаве, потым працягвае ў Мінску, пакуль… на Мінскім Міжнародным кінафестывалі «Лістапад» не з’яўляецца Нацыянальны конкурс, пляцоўка, на якой беларускія кінематаграфісты маюць магчымасць паказваць сваё кіно. «Мэта была дасягнутая, — адзначае Януш Гаўрылюк. — «Бульбамуваўцы» пачынаюць складаць зброю, каб урэшце рэшт дэмабілізавацца ў 2016 годзе».

Кадр з фільма «Беларусь. Пачатак» Фёдара Багамолава. Фота: bulbamovie.wordpress.comю

І вось праз пяць гадоў партызаны беларускага кіно зноў ідуць у атаку.

Януш Гаўрылюк распавядае пра праграму фэста, які адраджаецца, наступным чынам.

Сёлетняя праграма – гэта адысея ад «А» да «Я», якая дапаможа глыбей зразумець Беларусь, — падкрэслівае арганізатар і рэжысёр. — Яна разбітая на тры блокі.

На пачатку ў блоку пад назвай «Рэвалюцыя» — эмацыйная граната з запаволеным дзеяннем, апошні фільм пераможцы фестывалю IDFA Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць». Тут жа — «Беларусь. Пачатак» Фёдара Багамолава, які распавядае пра Святлану Ціханоўскую і паказвае Беларусь падчас апошніх падзеяў.

Блок «Перад рэвалюцыяй» – і поўная тугі дакументальная стужка Марціна Саўтэра «Я вырасла, пакуль ты спала».  За ім — непакорны і адзначаны на Варшаўскім кінафестывалі фільм «II» Улады Сяньковай, каларытная правінцыя ў часы ковіда ў «Парадзе планет» Зоі Катовіч і галерэя пасажыраў беларускіх таксовак, якія падарожнічалі перад днём прэзідэнцкіх выбараў 9-га жніўня 2020-га года, – у апошнім фільме Максіма Шведа «Маршрут перабудаваны».

Кадр з фільма «Парад планет» Зоі Катовіч. Фота:bulbamovie.wordpress.comю

І ў канцы нашага падарожжа ў блоку «Без рэвалюцыі» – два фільмы апошняга магіканіна ў сферы кіно Дзмітрыя Дзядка, адной з найбольшых надзеяў беларускай «новай хвалі», які насуперак жорсткай рэчаіснасці застаўся ў Беларусі, каб здымаць фільмы. Тут таксама і «Эпітафія», найноўшая стужка Віктара Аслюка, жывога класіка дакументальнага кіно, які ў сваім фільме адлюстроўвае «незямную Беларусь», наведваючы разнастайныя могілкі. Наша паломніцтва мы закончым «Чыстым мастацтвам» Максіма Шведа, які атрымаў узнагароду за найлепшую рэжысуру на фестывалі ArtdocFest Віталя Манскага.

У конкурсе фільмаў маладых беларускіх рэжысёраў будуць спаборнічаць восем стужак: «Сойка» Настассі Сергіені, «А хто там ідзе?» Паўла Нядзведзя, «Пётра-крывапійца» Аляксандра Максімава, «Zhaba.BY» Стаса Турко, «09.08» Дашы Брыян, «Эгаісты» Дзяніса Міклашеўскага, «Minsk 2020» Ганны Мацкевіч  і «Цудоўныя ўзгоркі» Алены Буяковай.

Кадр з фільма «А хто там ідзе?» Паўла Нядзведзя. Фота: bulbamovie.wordpress.com.

Як паведамляюць арганізатары, у праграме фэсту  — не толькі паказы, але сустрэчы з аўтарамі ды дыскусіі. Да прыкладу, адкрываць кінафорум у пятніцу будзе карціна «Беларусь. Пачатак» Фёдара Багамолава, пасля якой адбудзецца абмеркаванне «Якой была беларуская рэвалюцыя ў 2020 годзе?». У бяседзе прымуць удзел пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, былы пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі і Польшчы, былы міністр культуры, кіраўнік НАК Павел Латушка, паэтка, журналістка Валярына Кустава.

Не абыдзецца «Бульбамуві» без музычнай часткі — запланаваны выступ «Вольнага хору«, канцэрт Naka і Аляксея Варсобы.

Працягнецца кінофорум з адмысловай місіяй падтрымкі беларускага кінематографа да 14 лістапада.

Больш падрабязна пазнаёміцца з яго праграмай фестывалю-«партызана» можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!