Мэта новай ініцыятывы, заснаванай беларускімі кінакрытыкамі і журналістамі, – вызначыць і ўзнагародзіць найлепшыя стужкі, створаныя беларускімі аўтарамі за апошнія два гады.
– Прэмія супольнасці беларускай кінакрытыкі мусіла нарадзіцца ў больш спрыяльны для нашага кіно час, але штуршком для яе заснавання сталі беспрэцэдэнтныя культурныя рэпрэсіі ў краіне, — зазначаецца ў прэс-рэлізе да ўзнагароды. — Ліквідацыя кампаній, якія садзейнічалі з’яўленню і папулярызацыі беларускага (незалежнага) кіно, змяненне выпрацаванай у папярэднія гады канцэпцыі Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” (у сувязі са зменай арганізатара паводле рашэння Міністэрства культуры) выносяць працу беларускіх кінематаграфістаў на абочыну культурных працэсаў.
У пошуках выйсця з сітуацыі і ў мэтах падтрымкі беларускага (незалежнага) кінематографа супольнасць беларускіх кінакрытыкаў вырашыла заснаваць прэмію, — падсумоўваюць арганізатары.
Сваёй задачай яе аргсастаў, які скадаецца з чатырох кінажурналістаў — Ірэны Кацяловіч, Дар’і Амяльковіч, Максіма Карпіцкага і Тараса Тарналіцкага, бачыць працягненне ўвагі да беларускага (незалежнага) кіно, а таксама аналіз яго дасягненняў «у складаных варунках адсутнасці кінаіндустрыі і каналаў прэзентацыі».
Арганізатары запрашаюць беларускіх кінематаграфістаў падаваць заяўкі на прэмію, падвядзенне вынікаў якой адбудзецца ў снежні.
Адзначаецца, што вырашаць лёс стужак будзе пашыраны склад журы, у які ўвайшлі вядомыя кіназнаўцы, даследчыкі і блогеры: Максім Жбанкоў, Ігар Сукманаў, Ірына Дзям’янава, Андрэй Расінскі, Антон Каляга, Ульяна Будзік, Юры Кастузік, Галіна Шур, Вольга Раманава і іншыя аўтары. Усяго агулам журы налічвае 18 удзельнікаў, якія будуць ацэньваць стужкі па трынаццаці намінацыях.
Заяўкі на прэмію прымаюцца з 21 кастрычніка па 21 лістапада.
Праца аргкамітэту ды сябраў журы адбываецца выключна на валанцёрскіх пачатках, падкрэсліваецца ў паведамленні.
Візуальнае аблічча прэміі распрацаваў прадпрымальнік і рэжысёр Іван Маслюкоў.
Больш падрабязна пра ўзнагароду можна даведацца тут.