Стужка «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы прызнана лепшым дакументальным фільмам Варшаўскага кінафестываля

Дакументальны фільм «Калі кветкі не маўчаць» беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы пра жыццё падчас і пасля жніўня 2020-га перамог у дакументальнай намінацыі на 37-мым Варшаўскім кінафестывалі.

Пра гэта першай паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook беларускі крытык і журналістка, сябра журы FIPRESCI, якая, у тым ліку працуе на польскім фестывалі ў складзе міжнароднага журы кінапрэсы, Ірэна Кацяловіч. Аглядальніца перадала навіну проста з цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў, што зараз адбываецца ў Варшаве.

Поўнаметражная дакументальная карціна Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць» — гэта хроніка драматычнага часу, пададзеная праз асабістыя гісторыі сямей, якіх закранула хваля рэпрэсій і гвалту 2020-га года, і гісторыя пратэстаў, іх эмацыйнага складніка, зафіксаваная на вуліцах.

Андрэй Куціла.

Напярэдадні прэм’еры на Варшаўскім кінафестывалі рэжысёр распавёў пра сваю стужку аглядальніку Reform.by.

— Сястра апынулася на Акрэсціна ў тую ноч, калі там былі тысячы і тысячы мужчын, калі збівалі людзей, — адзначыў дакументаліст той момант, які падштурнуў яго пачаць здымаць фільм. — Я падумаў, што калі не для фільма, то для сямейнай гісторыі я мушу захаваць пэўныя моманты. І сястра дазволіла мне гэта. Я фіксаваў як яна спраўлялася з траўмай, як жыла тыя месяцы пасля жудасных дзён. У працэсе да яе гісторыі пачалі далучацца гісторыі іншых жанчын.

— З часам у мяне з’явілася канцэпцыя стужкі, — дадае аўтар вядомых карцін «Summa», «Абдымкаў трэба мне тваіх», «Стрыптыз і вайна». —  Я стаў знаёміцца з сем’ямі, якія таксама пацярпелі ці знаходзяцца ў такім жа складаным эмацыйным стане, як я. Мне былі цікавыя іх глыбокія гісторыі. Плюс яшчэ пачаў здымаць шмат людзей, характары проста на вуліцы. Я разумеў, што хутка ўсё можа скончыцца. І варта паспець пэўным чынам злавіць настрой, імкненне людзей, гэты боль і адначасова надзею, увесь спектр эмоцый. Такім чынам я спалучаў асабістае жыццё людзей і тое, што адбывалася на вуліцах.

Кадр з фільма «Калі кветкі не маўчаць».

Вялікая частка ў кіно аддадзена беларускім жанчынам — адсюль і назва фільма.

Жанчыны былі першыя, хто пасля такой хвалі гвалту, збіцця, абудзілі ўладу, і астатніх людзей, — дзелліца рэжысёр.-  Жанчыны сваімі дзеяннямі сказалі, што трэба ісці далей, супраціўляцца, хаця б мірным шляхам. Мяне гэта вельмі моцна ўразіла. Фільм, вядома, не толькі пра жанчын, — больш пра іх сем’і, увогуле, пра людзей, якія не змаглі ў пэўны момант маўчаць. Але ж той момант быў вырашальным, і ён задаў настрой карціне. Таму і ўзнікла назва фільма «Калі кветкі не маўчаць». Доўга думаў над назвай насамрэч, і мне падалося, што гэта добрае рашэнне: жанчыны і кветкі, кветкі, якія не маўчаць.

«Калі кветкі не маўчаць» быў створаны пры падтрымцы вядомага тэлеканала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім.

37-мы Варшаўскі кінафестываль доўжыцца з 8 па 17 кастрычніка.

Рэдакцыя Reform.by віншуе Андрэя Куцілу з перамогай.

Пачытаць цалкам інтэрв’ю з беларускім кінематаграфістам можна тут.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!