25 сакавіка 1918 года ў Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў Трэцяй ўстаўной грамаце абвясціла БНР вольнай і незалежнай дзяржавай. Сімваламі яе пазней былі абраныя бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», мовай была беларуская.
Паколькі БНР была створаная ва ўмовах вайны і нямецкай акупацыі, яна ў выніку не змагла сцвердзіцца як дзяржава. Аднак 25 сакавіка засталося ў гісторыі як дата, калі ўпершыню была абвешчаная дзяржаўная незалежнасць Беларусі. І стала нацыянальным святам – неафіцыйным днём незалежнасці, Днём Волі.
Віншуем усіх беларусаў са святам!
Нагадаем, сёлета Дзень Волі адзначаюць тры дні запар. 23 сакавіка адбылося вялікае свята ў Гродна, 24 сакавіка — у Кіеўскім скверы ў Мінску. Праўда, не абышлося без затрыманняў.
25 сакавіка таксама запланавана некалькі мерапрыемстваў.