Цяпер брэнд «Бярозка» ад кампаніі «Савушкін прадукт» гаворыць па-беларуску. Ужо сёння можна купіць малако і кефір, у бліжэйшы час яшчэ тварог і смятану.
Гандлёвая марка «Бярозка» ад кампаніі «Савушкін прадукт» цалкам пераходзіць на беларускую мову. І гэта будзе тычыцца не толькі найменняў прадуктаў і тэхнічнай інфармацыі, паведамляе прэс-служба кампаніі.
Адбыліся змены і ў дызайне ўпакоўкі. Перафармаваная структура брэнд-зоны: назва «Бярозка» вынесеная ўверх з мэтай акцэнтавання ўвагі, слоган і іншыя элементы размешчаныя ніжэй. Пейзаж беларускай прыроды таксама выглядае па-іншаму — у новым малюнку зроблены акцэнт на галоўныя атрыбуты малочнага краю: зялёныя палі, лугі і блакітныя азёры.
Праца над стварэннем беларускамоўнага брэнда ў кампаніі вялася ўжо даволі даўно, адзначаецца у рэлізе. Стаяла задача не проста перакласці найменне існуючага брэнда на беларускую мову, а стварыць сапраўдны брэнд з беларускай душой. Таму для вызначэння пераваг айчыннага спажыўца было праведзена некалькі маркетынгавых даследаванняў.
«З існуючых у кампаніі брэндаў пад канцэпцыю беларускамоўнага лепш за ўсё падыходзіць «Бярозка». Беларусы па-асабліваму цёпла і шчыра любяць і шануюць усё сваё, роднае. Менавіта таму, нават нягледзячы на адсутнасць выразнага пазіцыянавання, гандлевая марка «Бярозка» заўсёды карысталася асаблівай любоўю. Гэта было бачна, вельмі каштоўна, і нам было проста неабходна зберагчы. Так нарадзілася наша «Бярозка» — брэнд з сапраўднай беларускай душой, напоўнены асаблівым цяплом і клопатам, блізкі і зразумелы кожнаму беларусу. Менавіта таму, не проста захоўваючы яскравую любоў, цяпло і клопат, а дадаючы на першы погляд простыя, але такія важныя і глыбокія эмацыйныя адчуванні, сёння мы прадстаўляем беларускаму рынку сапраўдны беларускамоўны брэнд «Бярозка». Брэнд, які шчыра верыць: шчасце ў прастаце», – адзначылі ў кампаніі «Савушкін прадукт».
Малочная прадукцыя будзе пераходзіць у абноўлены брэнд паэтапна. Малако і кефір ад «Бярозкі» ў беларускамоўнай упакоўцы ўжо можна знайсці на прылаўках усіх крам і гандлёвых сетак краіны. Крыху пазней да іх далучыцца тварог, а бліжэй да канца лета выйдзе і смятана.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: