«Ёсць адчуванне, што прабіваем лёд»: Аляксей Палуян — пра поспех на Берлінале і пракат «Куража» ў Германіі

Культура
Аляксей Палуян на Берлінале. Фото: @Berlinale 2021.

З 1 ліпеня ў Нямеччыне распачынаецца вялікі пракат дакументальнай стужкі «Кураж» («Смеласць») беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна. Фільм пра беларускія пратэсты, пэўны час таму паказаны на Берлінале, будзе дэманстравацца ў кінатэатрах дваццаціпяці гарадоў краіны — Берлін, Бон, Дрэздэн, Дзюсэльдорф, Гамбург, Гановер, Кёльн, Лейпцыг, Мюнхен, Франкфурт, Штутгард, ды іншыя.

Як так сталася, што беларуска-нямецкая даккарціна атрымала такі «вялікі экран»? Аглядальніца Reform.by звязалася з Аляксеем Палуянам, каб распытаць яго пра час трыюмфу на Берлінале і будучы пракат.

На пракат у Нямеччыне паўплывала ўсё, — распавёў пра падрабязнасці дыстрыбуцыі беларускі кінематаграфіст з Берліна. — Тэма, фільм, вялікі рэзананс на Берлінале… Тое, што на прэм’еры «Куража» прысутнічалі Святлана Алексіевіч і Святлана Ціханоўская, — прыцягнула шмат увагі, я адчуваў, што адбылася сапраўдная падзея.

Нашу стужку ў час прэм’еры на кінафестывалі прадстаўлялі асабіста дырэктары Берлінале — Карла Шатрыян і Марыет Рысенбек. Гэта знак павагі. На паказе прысутнічала асабіста ўпаўнаважаная Федэральнага ўрада па пытаннях культуры і СМІ Моніка Грютэрс. Яна сядзела побач са мной. Вядома, гэта ўсё сведчыць пра тое, што вакол карціны пайшоў розгалас. Пра «Кураж» і акцыю салідарнасці пад час прэм’еры шмат пісалі — прычым буйныя выданні — Frankfurter Allgemeine Zeitung, Süddeutsche Zeitung, Die Welt. Пра фільм зрабілі рэпартажы вядучыя нямецкія каналы — ZDF і ARD.  Калі пра тваю працу, краіну гаворыць, вялікая верагоднасць таго, што гісторыя атрымае працяг. У меня было такое адчуванне, што пасля доўгай зімы, мы, нарэшце, пачалі прабіваць лёд.

"Ёсць адчуванне, што прабіваем лёд": Аляксей Палуян - пра поспех на Берлінале і пракат "Куража" ў Германіі
Пад час акцыі салідарнасці на прэм’еры «Куражу». Фото: @Alexander Janetzko/Berlinale 2021

Аляксей, ты кажаш, што акцыя салідарнасці ў падтрымку палітвязняў, якая адбылася пад час прэм’еры «Куража» на Берлінале, сыграла сваю ролю. Як будуць у гэтым плане адбывацца далейшыя паказы фільма ў кінатэатрах?

Яны будуць абавязкова суправаджацца падобным зваротам да публікі. Адзінае што, — акцыя будзе мадыфікавацца ў залежнасці ад рэгіёну. Напрыклад, у Штутгарце мы зараз абмяркоўваем вечар Марыі Калеснікавай, на які мусіць прыехаць яе сястра Таццяна Хоміч. У іншым горадзе — распавядзем болей пра мастакоў, якія знаходзяцца за кратамі. У іншай кропцы звернем увагу на праваабаронцаў, якія змагаюцца за правы беларусаў. Нашы дыстрыб’ютары зараз дасылаюць партрэты палітвязняў ва ўсе кінатэатры, дзе запланаваны пракат «Куража». Фізічна я не здолею прысутнічаць на ўсіх сеансах, але там, дзе атрымаецца, абавязкова звярну ўвагу публікі на тое, што ўсім гэтым людзям, чые партрэты вы трымаеце ў руках, можна даслаць ліст.

— Што цябе ўразіла пад час апошніх падзей і розгаласу?

Беларускія дыяспары. Прызнаюся шчыра, калі не было б іх удзелу, пракат у Германіі быў бы скарочаны на траціну. Беларусы напроўст тэлефанавалі ў кінатэатры і пыталі кіраўнікоў залаў: «Ці чулі вы пра такі фільм? Чыталі? Глядзелі?». Дыяспары — гэта людзі, якія працуюць кругласуткава, каб лабіраваць беларускія інтарэсы, і без іх удзелу шмат чаго не было б. Дарэчы, зараз «Кураж» запрасілі ў Вільню на Тыдзень беларускай культуры. Я спадзяюся, што ўсё атрымаецца, і нам удасца паказаць кіно.

Не ўтрымаюся спытаць, Аляксей, пра адзнаку карціны Святланай Алексіевіч. Усё ж такі гэта такі знакавы момант. Ці ўдалося табе атрымаць яе бласлаўленне?

На жаль, мне не ўдалося пагутарыць са Святланай Аляксандраўнай адзін на адзін. Пад час публічнай дыскусіі пра ролю мастака ў аўтарытарнай краіне, на якой яна прысутнічала, гаворка ішла больш пра глабальныя рэчы. Натуральна, што для Святланы Аляксандраўны фільм — гэта сродак, каб выйсці ў размове на метафізічны ўзровень.

"Ёсць адчуванне, што прабіваем лёд": Аляксей Палуян - пра поспех на Берлінале і пракат "Куража" ў Германіі
Аляксей Палуян, Святлана Алексіевіч і Моніка Грютэрс. Фота:@Berlinale 2021.

На самім паказе, на жаль, яна не прысутнічала, бо была вымушана сысці. Але карціну яна бачыла — дасылаў ёй спасылку.

Запамінальны момант адбыўся, праўда, у час фотасесіі, — працягвае рэжысёр. — Святлана Аляксандраўна мне сказала: «Аляксей, атрымоўвайце асалоду, гэта ваш зорны час». На гэта я ёй адказаў: «Маю гонар мець зорны час побач з Вамі».

«Кураж» — дакументальная стужка пра трох беларускіх мастакоў, у чыё жыццё ўвайшоў жнівень 2020-га. У фільме здымаліся акцёры Беларускага свабоднага тэатра Марына Якубовіч, Павал Гарадніцкі, Дзяніс Тарасенка, якія былі вымушаны з’ехаць з краіны ў красавіку гэтага года.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: