Міжнародны прыз адной з найпрэстыжных паэтычных узнагарод Канады Griffin Poetry International Prize — у беларуска-амерыканскай паэткі Вальжыны Морт. Пісьменнца атрымала яго за зборнік вершаў «Музыка для мёртвых і ўваскрослых» («Music for the Dead and Resurrected»), які выйшаў у 2020 годзе, паведаміў Беларускі Пэн-Цэнтр.
«У «Музыцы для мёртвых і ўваскрослых» Вальжына Морт пытаецца, якой мусіць быць жалоба пасля стагоддзя маўчання і прапаганды. Як мы памятаем сваю гісторыю і спяваем пасля замоўчвання?», — піша пра зборнік паэткі партал DARE TO IMAGINE.
Савецкія працоўныя лагеры, перадзел зямлі, масавыя забойствы ў час Другой сусветнай, сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — кніга абапіраецца на парадаксальныя ўспаміны бабулі пісьменніцы і яе досвед. Не абмінаюцца ўвагай наступствы Чарнобыля,ідэалагічны кантроль савецкай школы, які вядомы самой пісьменніцы.
«Члены [маёй] сям’і існуюць на ўзбочыне гісторыі, магчыма, нават па-за яе межамі, пастаянныя бежанцы, якім забаронена ўвайсці ў гісторыю», — цытуе Вальжыну Морт, якая распавядае пра кнігу, партал CBC.ca.
«Але, фіксуючы іх [продкаў] апавяданні ў мове, у паэзіі, я не імкнуся змясціць іх у гісторыю. Хутчэй, я імкнуся наогул вызваліць іх ад гісторыі. Я спрабую стварыць нейкую музыку, якая пераўзыходзіць усе гэтага», — дадае аўтарка.
«Музыка для мёртвых і ўваскрослых» — гэта прастора, дзе жывыя і мёртвыя могуць суіснаваць, дзеляцца гісторыямі, дзе беларускія лясы могуць выступаць сведкамі забытых жыццяў, і дзе музычная форма можа стварыць новую лірычную міфалогію і бескампрамісную мову памяці», — падсумоўвае ў анатацыі да зборніка вершаў DARE TO IMAGINE.
Кніга беларуска-амерыканскай паэткі Вальжыны Морт даступна ў папулярных анлайн-крамах.