Пра свае звальненне тэатральны рэжысёр і педагог з Віцебску Антон Грышкевіч паведаміў на асабістай старонцы ў Facebook. Творца выклаў у сеціва апавяшчэнне «Аб атрыманні працоўнай кніжкі» ад Віцебскагага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, дзе ён працаваў, у якім пазначаецца, што педагог «звольнены 26.01.2020 за здзяйснення прагулу без паважальнай прычыны». Рэжысёр працаваў ва ўстанове выкладчыкам спецыяльных дысцыплін.
Нагадаем, што Антон Грышкевіч страйкуе ўжо 22 дні, з 25 студзеня, калі ён аб’явіў аб сваёй пазіцыі ў сеціве. Рэжысёр зрабіў відэазварот, у якім агучыў свае патрабаванні, а таксама сфатаграфаваў заяву, што занёс у прыёмную каледжа менавіта 25 студзеня.
З гэтага часу спадар Антон вёў «Дзённік страйкоўца» ў Facebook. У ім ён распавядаў пра свае эмоцыі і думкі, дзяліўся меркаваннямі і досведам, а таксама паведамляў пра пагрозы і застрашэнні, што рушылі ўслед яго выбару. З-за ціску рэжысёр нават быў вымушаны з’ехаць з кватэры, і жыць не дома.
Сённяшняе паведамленне ў пэўным сэнсе можна лічыць канчатковым адказам Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў на заяву рэжысёра. Толькі, як заўважыў ужо не адзін карыстальнік сацсеткі, загад аб звальненні педагога аформлены заднім днём. (Звольнены Антон Грышкевіч 26 студзеня, а загад датуецца 9 лютым 2021-га).
— Што тут гаварыць — усё гэта прадказальна, — пракаментаваў аглядальніку Reform.by свае стаўленне да звальнення Антон Грышкевіч. — Ды ўсё ж адно няёмка за тых, хто гэта робіць. Хай гэтыя дзве паперы з датамі застануцца доказам і адказам сумлення.
На пытанне, ці мае намер рэжысёр падаваць у суд на былога працадаўцу, ён адказаў адмоўна.
— Судзіцца пры гэтай уладзе не збіраюся, а вось пры новай — магчыма, — удакладніў ён. — Нягледзячы ні на што, я буду працягваць. Буду далей трымацца свайго фармату «страйк- дзённік». Мае ўмовы застаюцца ў сіле, — падкрэсліў творца.
Варта дадаць, што за час страйку рэжысёр канчаткова перайшоў на беларускую мову.
— Гэта мой прынцыповы крок, — адзначае спадар Антон, — але не судзіце строга за памылкі.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: